Дзівацтвы старога хутка сталі звяртаць на сябе агульную ўвагу. Знаёмыя, сустракаючы яго на вуліцы, крадком падштурхоўвалі адзін аднаго локцем: стары, адзін з самых багатых людзей у горадзе, ціснуўся, нібы жабрак, да сцяны, у змятым, крыва надзетым капелюшы, абсыпаным попелам, неяк дзіўна хістаўся на кожным кроку і амаль заўсёды нешта мармытаў сабе пад нос. Калі з ім віталіся, ён спалохана ўзнімаў вочы: калі з ім загаворвалі, ён глядзеў на субяседніка пустым позіркам і забываў падаць яму руку. Спачатку сёй-той думаў, што стары аглух, і гучней паўтараў свае словы. Але гэта была не глухата: яму патрабаваўся нейкі час, каб прачнуцца ад унутранага сну, і ў гутарцы ён зноў упадаў у дзіўнае забыццё; вочы патухалі, ён абрываў размову на паўслове і спяшаўся далей, не заўважаючы здзіўлення субяседніка. Відаць было, што ён толькі з намаганнем адрываецца ад сонных мрояў, што ён заняты самім сабою і што людзі для яго ўжо не існуюць. Ён ні аб кім не пытаўся, ва ўласным доме не заўважаў нямой роспачы жонкі, збянтэжанага неўразумення дачкі. Ён не чытаў газет, не прыслухоўваўся да размовы; не было слоў, якія маглі б хоць на момант прабіць непранікальную сцяну яго абыякавасці. Нават справы, якім ён прысвяціў столькі гадоў жыцця, - і яны сталі яму чужымі. Зрэдку ён яшчэ заглядваў у кантору, але, калі сакратар заходзіў у кабінет, ён заставаў старога ў той самай позе: седзячы ў крэсле за сталом, ён глядзеў невідушчым позіркам на непрачытаныя лісты. Нарэшце ён сам зразумеў, што ён тут лішні, і перастаў з'яўляцца ў канторы.
Але вось што больш за ўсё здзівіла ўвесь горад: стары, які ніколі не належаў да ліку веруючых членаў суполкі, раптам стаў рэлігійны. Абыякавы да ўсяго, ён раней вечна пазніўся на абед і на дзелавыя спатканні, але цяпер ён ніколі не забываў у вызначаны час прыйсці ў сінагогу; там ён стаяў, у чорнай шаўковай ярмолцы, у накінутым на плечы белым талесе, заўсёды на адным месцы - дзе калісьці стаяў яго бацька, - ён стаяў, гойдаўся і нараспеў чытаў малітвы. У паўпустым храме, дзе вакол яго прыглушана гудзелі чужыя словы, ён болей чым дзе-небудзь адчуваў сябе сам-насам з самім сабою; мір і спакой заглушалі разгубленасць, не так ціснуў змрок у грудзях; калі ж чыталі памінальныя малітвы і ён бачыў сваякоў, дзяцей, сяброў нябожчыка, якія старанна і засмучана рабілі абрад і зноў прасілі боскай міласэрнасці нябожчыку, вочы яго ўвільгатняліся: ён ведаў, што ён апошні ў сваёй сям'і і ніхто потым не памяне яго. І ён набожна мармытаў малітвы і думаў пра сябе як пра нябожчыка.
Аднаго разу, позна ўвечары, калі ён вяртаўся са сваіх блуканняў дадому, яго захапіў дождж. Стары, як звычайна, забыўся ўзяць з сабою парасон; рамізнікі прапаноўвалі яму свае паслугі за невялікую плату; пад'езды і зашклёныя карнізы гасцінна запрашалі схавацца ад раптоўнай навальніцы, але дзівак спакойна ішоў і ішоў сабе пад дажджом. У змятым капелюшы сабралася лужа, з рукавоў сцякалі ручайкі яму пад ногі; ён не звяртаў на гэта ўвагі і ішоў далей - бадай што адзін на апусцелай вуліцы. Прамоклы да ніткі, падобны хутчэй на бадзягу, чым на ўладальніка багатага асабняка, ён падыходзіў да свайго дома. Якраз у гэтую хвіліну каля пад'езда рэзка затармазіў аўтамабіль з запаленымі фарамі, абліўшы няўважлівага пешахода рэдкай гразёю. Дзверцы расчыніліся, з асветленай машыны хуценька выйшла яго жонка з нейкім важным госцем, які паслужліва трымаў над ёю парасон, і яшчэ з адным панам; каля самых дзвярэй яны сутыкнуліся. Жонка пазнала яго і жахнулася, убачыўшы мужа ў такім выглядзе - наскрозь прамоклы, пакамячаны, ён нагадваў выцягнуты з вады клунак; яна міжволі адвяла ўбок вочы. Стары адразу зразумеў: ёй было сорамна за яго перад гасцямі. І без горычы, без хвалявання, - каб пазбавіць яе цяжкай неабходнасці знаёміць яго з імі, - ён зрабіў яшчэ некалькі крокаў і пакорліва ўвайшоў у дом праз чорны ход.
З гэтага дня стары карыстаўся ва ўласным доме толькі чорным ходам: тут ён быў упэўнены, што нікога не сустрэне. Тут ён нікому не перашкаджаў, і ніхто не перашкаджаў яму. Ён перастаў выходзіць да стала - старая служанка прыносіла яму ежу ў пакой; калі жонка або дачка спрабавалі пранікнуць да яго, ён хуценька адсылаў іх, крыху збянтэжаны, але з непахіснаю рашучасцю. Нарэшце яны пакінулі яго ў спакоі, адвыклі цікавіцца ім, і ён таксама нічым не цікавіўся. Часта да яго даносіліся праз сцены смех і музыка з другіх, цяпер ужо чужых яму пакояў; ён да позняй ночы чуў шум экіпажаў, якія пад'язджалі і ад'язджалі. Але ён нават не выглядваў з акна: навошта яму ўсё гэта? Толькі сабака прыходзіў яшчэ зрэдку наверх і клаўся каля ложка ўсімі забытага гаспадара.
Читать дальше