* * *
Яе жаданню, відаць, суджана было спраўдзіцца хутчэй, чым яна думала. Барацьба цягнулася ўжо два тыдні, і Ірэна зусім знясілела. Апошнія чатыры дні вымагальніца не падавала прыкмет жыцця, але страх гэтак трывала ўвайшоў у Ірэніна жыццё, што пры кожным званку ў дзвярах яна ўскоквала з месца, каб самой перахапіць новыя вымагальніцкія патрабаванні. Яна чакала іх нецярпліва, з нейкаю прагнасцю, - бо, задаволіўшы гэтыя патрабаванні, яна купляла сабе спакойны вечар, некалькі мірных гадзін з дзецьмі, прагулку.
І на гэты раз, пачуўшы званок, яна кінулася з пакоя да дзвярэй, адчыніла і ў першы момант здзівілася, калі ўбачыла перад сабою багата ўбраную даму, але тут жа спалохана шарахнулася, бо пазнала пад модным капелюшом фізіяномію шантажысткі.
- А, вы самі тут, фраў Вагнер. Цудоўна. У мяне да вас важная справа. - Не чакаючы адказу разгубленай Ірэны, якая дрыготкаю рукою ўчапілася за дзверы, вымагальніца ўвайшла ў калідор і перш за ўсё паклала парасон, крыкліва чырвоны парасон, відаць, першы плён яе грабежніцкіх набегаў. Перамяшчалася яна з незвычайнаю ўпэўненасцю, нібы ва ўласнай кватэры; акінуўшы элегантнае ўбранне адабральным і яўна задаволеным позіркам, яна без запрашэння накіравалася да прычыненых дзвярэй у гасціную. - Сюды, пэўна? - спытала яна з затоенаю насмешкаю, і, калі знямелая ад узрушэння Ірэна жэстам паспрабавала спыніць яе, супакойліва дадала: - Калі вам непрыемна, я доўга не затрымаюся, у мяне справа на адну хвіліну.
Ірэна паслухмяна пайшла следам. З'яўленне шантажысткі ў доме сваім нахабствам перасягнула ўсе самыя страшныя спадзяванні і зусім ашаламіла яе. Ёй здавалася, што яна сніць сон.
- Так, так, багата жывяце, нічога не скажаш, - з непрыхаваным задавальненнем зазначыла шантажыстка і села ў крэсла. - Ах, як хораша тут сядзець. А карцін колькі! Тут толькі і пачынаеш разумець наша ўбоства. Багата вы жывяце, фраў Вагнер, вельмі багата.
Гледзячы на злачынку, якая расселася ў яе пакоі, пакутніца не вытрымала і дала волю абурэнню.
- Што вам ад мяне трэба, подлая вы шантажыстка! Як вы асмеліліся прыйсці да мяне дадому! Ведайце, я не дазволю гэтак здзекавацца з мяне. Я вас...
- Гаварыце цішэй, - перабіла тая са зняважліваю фамільярнасцю. - Дзверы ж адчыненыя, чэлядзь пачуе. Мне што? Я ж не хаваюся. А божачка! Ці не ўсё мне адно - у турме сядзець ці гаварыць на волі. А вам трэба быць асцярожней, фраў Вагнер. Давайце я перш зачыню дзверы, на выпадак, калі вы ўздумаеце зноў пагарачыцца. Толькі скажу вам загадзя: лаянкаю мяне не проймеш.
На кароткі момант гнеў прыдаў Ірэне сілы, але цяпер яна зноў адчула сябе бездапаможнаю перад непарушным нахабствам гэтай асобы. Яна стаяла, быццам дзіця, якое чакае, што яму зададуць на ўрок, спалоханая і амаль на ўсё згодная.
- Ну вось што, фраў Вагнер, няма чаго нам тут валаводзіцца. Жывецца мне не соладка, я ўжо казала вам. Я даўно завінавацілася за кватэру. Дый, акрамя таго, мне сёе-тое патрэбна. Хочацца калі-небудзь уздыхнуць вольна. Вось я да вас і прыйшла за дапамогаю. Дайце мне... ну, скажам, чатырыста крон.
- Я не магу, - пралепятала Ірэна, спалоханая велічынёю сумы, якой у яе і сапраўды не было ў наяўнасці, - у мяне няма такіх грошай. У гэтым месяцы я ўжо дала вам трыста крон. Дзе мне столькі ўзяць?
- Ну, як-небудзь наскрабіце, падумайце толькі добра. У такой багацейкі, як у вас, знойдзецца заўсёды столькі грошай, колькі трэба. Варта толькі захацець. Падумайце добра, фраў Вагнер, і ўсё будзе ў парадку.
- Ды няма ў мяне такіх грошай. Я б ахвотна дала вам, але столькі грошай у мяне няма. Вось сто крон, скажам... я б магла...
- Я вам сказала - мне трэба чатырыста крон, - адрэзала тая, як быццам нават абражаная гэтаю прапановаю.
- Ды зразумейце - няма іх у мяне, - роспачна выгукнула Ірэна. «А раптам цяпер прыйдзе муж, - думала яна, - ён кожную хвіліну можа прыйсці». - Даю вам слова, няма...
- Ну, дык дастаньце іх дзе-небудзь...
- Не магу.
Шантажыстка агледзела Ірэну з галавы да ног, быццам прыкідвала яе магчымасці.
- Ну, вось, скажам, пярсцёнак... Калі аддаць яго ў заклад, то тады на ўсё хопіць. Праўда, я не вельмі разбіраюся ў каштоўнасцях... у мяне іх зроду не было... але чатырыста крон, па-мойму, за яго дадуць...
- Што? Пярсцёнак? - ускрыкнула Ірэна. Гэты пярсцёнак, мужаў падарунак у дзень заручын, яна ніколі не знімала: пярсцёнак быў вельмі каштоўны і прыгожы, з вялікім дарагім каменем.
- Гм, а чаму б і не? Я прышлю вам ламбардны квіток, можаце пярсцёнак выкупіць, калі захочаце. Я ж не зусім яго бяру, навошта беднай жанчыне такі багаты пярсцёнак.
Читать дальше