Эдгар Алан По
Размова з муміяй
Учорашняй бяседы было крыху зашмат для маіх нерваў. Мне пачала жахліва балець галава і да таго ж неадольна хіліла ў сон. З гэтай прычыны я, замест таго каб згодна з планамі прабавіць вечар у гасцях, вырашыў, што самае мудрае ў маім выпадку — злёгку павячэраць і неадкладна легчы спаць.
Вячэра была ну вельмі лёгкая. Я вялікі аматар грэнак па-валійску — гарачых, з расплаўленым сырам. Але нават іх звычайна не варта з’ядаць адным захадам больш за фунт. Тым не менш, якія-небудзь сур’ёзныя пярэчанні нават супраць двух фунтаў адсутнічаюць. Двух ці трох — вялікай розніцы тут няма. Таму я спыніўся на чатырох. Мая жонка сцвярджае, што на пяці, але яна, несумненна, пераблытала дзве вельмі розныя рэчы. Саму па сабе лічбу пяць я не адмаўляю, але з ўсёй дакладнасцю магу давесці, што яна адносілася да бутэлек чорнага портара: без такой прыправы грэнак па-валійску трэба пазбягаць як толькі магчыма.
Сціпла такім чынам павячэраўшы і надзеўшы начны каўпак са шчырай надзеяй не здымаць яго да наступнага полудня, я ўсклаў галаву на падушку і, як чалавек з самым чыстым сумленнем, у тое ж імгненне заснуў.
Але ці спраўджваліся калі чалавечыя надзеі? Бо не паспеў я выдаць і трэцяга храпу, як хтосьці люта зазваніў у мой званок, а пасля нецярпліва закалаціў дзвярным малатком — і гэта канчаткова абудзіла мяне. Праз хвіліну, калі я ўсё яшчэ праціраў вочы, жонка сунула мне пад нос цыдулку ад майго старога сябра, доктара Зубдамуса. Там было напісана:
Мой дарагі сябра! Як толькі вы гэта атрымаеце, абавязкова і неадкладна прыходзьце да мяне. Прыходзьце і парадуйцеся разам з намі! Пасля доўгіх і настойлівых дыпламатычных перамоваў я ўрэшце атрымаў ад дырэкцыі гарадскога музея згоду на вывучэнне муміі — вы памятаеце, якой. Мне дазволена распавіць і, калі трэба, ускрыць яе. Прысутнічаць пры гэтым будзе толькі некалькі сяброў — вы, безумоўна, у іх ліку. Цяпер мумія ляжыць у мяне дома, раскручваць яе мы пачнем сёння аб адзінаццатай.
Шчыра ваш,
Зубдамус
Дайшоўшы да слова «Зубдамус», я зразумеў, што прачнуўся акурат у такой ступені, у якой гэта неабходна. Я ў захапленні выскачыў з ложка, руйнуючы ўсё па дарозе, проста з неверагоднай хуткасцю апрануўся і поўным ходам кінуўся да доктара.
Усе ўжо сабраліся і нецярпліва чакалі майго з’яўлення; мумію размясцілі на абедзенным стале. Я ўвайшоў акурат у самым пачатку даследавання.
Гэта была адна з дзвюх муміяў, прывезеных некалькі гадоў таму кузэнам Зубдамуса капітанам Артурам Ківерам з Лівійскіх гор, з пахавання каля Іліфіі, за шмат кіламетраў ад Фіваў на Ніле. Пячоры ў гэтай мясцовасці хай сабе і не так уражваюць, як фіванскія пахаванні, але ўяўляюць вялікую цікавасць, бо ў іх можна знайсці шмат выяваў, што расказваюць пра быт егіпцянаў. Камера, у якой знайшлі наш экспанат, лічылася вельмі багатай на такія выявы: яе сцены былі суцэльна пакрытыя фрэскамі і барэльефамі, а статуі, вазы і раскошныя мазаікі сведчылі пра заможнасць памерлых.
Гэты скарб перамясціўся ў музей у тым самым выглядзе, у якім знайшоў яго капітан Ківер — труна засталася непатрывожанай. Так яна прастаяла ў музеі восем гадоў, даючы публіцы магчымасць выключна вонкавага агляду. Такім чынам, перад намі ляжала нікім не кранутая мумія, і тыя, хто ўяўляе, як рэдка старажытнасці дасягаюць нашых берагоў неабрабаванымі, адразу зразумеюць, колькі мы мелі нагодаў дзякаваць нашаму шчасліваму лёсу.
Падышоўшы да стала, я ўбачыў на ім вялікую каробку, ці скрыню, каля сямі футаў даўжынёй, прыкладна тры футы шырынёй і два з паловай футы вышынёй. Яна была прадаўгаватай формы, але не ў форме труны. Спачатку нам падалося, што яна вырабленая з драўніны сікамора (сямейства платанавых), але зрабіўшы надрэз, мы зразумелі, што яна з кардону ці, дакладней кажучы, з папірусавага пап’е-машэ. Яна была пышна ўпрыгожаная сцэнамі пахавання і іншымі жалобнымі выявамі, якія ў самых розных месцах перамяжаліся аднолькавымі іерогліфамі, што без сумневу абазначалі імя памерлага. На шчасце, сярод нас знаходзіўся містэр Глідан, які з лёгкасцю расшыфраваў зроблены простым фанетычным пісьмом надпіс. Ён чытаўся як «Хібанахібіё».
Адчыніць скрыню, не пашкодзіўшы яе, выявілася справай нялёгкай, аднак даўшы ўрэшце гэтаму рады, мы знайшлі ўнутры другую скрыню, больш падобную да труны і нашмат меншую за папярэднюю ў памеры, але ва ўсім астатнім — яе дакладную копію. Прамежак паміж імі быў запоўнены смалой, і гэта ў некаторай ступені пашкодзіла фарбы ўнутранай скрыні.
Читать дальше