Несмяротныя
Зноў і зноў з далін зямной галечы
рвецца ўгору даўкі дух жыцця,
дзікай нэндзы, лішку насыцця,
пах крыві ад трызнаў чалавечых,
курчы жарсці, юру і распусты,
рукі ўбойцаў, катаў, чорнай змусты.
Страхам гнаны зброд перад канцом
там смярдзіць, гніе з нутра жыўцом,
дыхае дэвоцтвам і пажадай,
сам сябе жарэ, сабой блюе,
музаў пестуе, цяжарны здрадай,
бардакі ўпрыгожвае свае.
Свет шалее ў немарасці п'янай,
плодзіць войны, хлусіць, творыць зло,
родзіцца ўсім нанава і рана
нанава вяртаецца у тло.
Мы ж у вечнасці спакон лунаем
у эфіры, дзе касмічны лёд,
ні гадзін сабе, ні дзён не маем,
мы бясполы, без узросту род.
Вашы страхі, ўпадабанні, звычкі
і забойствы, жарсці, асалоды -
нам спектакль на час палёту знічкі,
бо даўгія дні у нас і годы.
Моўчкі у міжзор'і мы лунаем,
вашым клопатам не спагадаем,
удыхаем холад вечных зім,
мы ж - сябры нябеснага дракона.
Холад, безрух мы - на тым стаім,
і халодны смех у нас - спаконна.
Потым прыйшла Марыя, і пасля вясёлай вячэры я пайшоў з ёю ў наш пакойчык. Гэтым вечарам яна была прыгажэйшая, цяплейшая і сардэчнейшая, чым калі раней, і ў яе пяшчотах, у яе гулях я адчуў крайнюю гатоўнасць аддацца.
- Марыя, - сказаў я, - ты сёння транжырка, як багіня. Не замуч нас абаіх да смерці, заўтра ж баль-маскарад. Хто за кавалера ў цябе заўтра? Баюся, дарагая мая кветачка, што гэта - казачны прынц і што ён умыкне цябе і ты ўжо не вернешся да мяне. Ты кахаеш мяне сёння амаль так, як гэта звычайна бывае перад расстаннем, напаследак.
Яна прытулілася губамі амаль да самага вуха і прашаптала:
- Лепш не кажы так, Гары! Кожны раз можа быць апошнім. Калі Герміна возьме цябе, ты ўжо не прыйдзеш да мяне. Можа, яна забярэ цябе заўтра.
Ніколі я не меў больш моцнага адчування тых дзён, іх дзівосна дваякага, соладка-горкага настрою, чым тою ноччу перад балем. Гэта было шчасце - прыгажосць Марыі і яе гатоўнасць аддацца, гадзіны, калі можна было нацешыцца, надыхацца, прасякнуцца сотнямі тонкіх пачуццёвых радасцяў, пра якія я з такім спазненнем, на старасці, даведаўся, плёскаючыся ў мяккіх хвалях асалоды. І ўсё ж гэта была толькі абалонка: усярэдзіне ўсё было поўна значэння, напружання, дыхання, і, аддаючыся мілым і кранальным дробязям кахання з любоўнай пяшчотай, няйнакш купаючыся ў цёплай вадзе шчасця, я адчуваў, як мой лёс ляціць наперад, брыкаецца, як спалоханы конь, імчыцца ў тузе і страху да абрыву, да прорвы, гатовы да смерці. І калі яшчэ нядаўна я апасліва і нясмела супрацівіўся прыемнаму легкадумству любові толькі пачуццёвай, калі яшчэ нядаўна баяўся вясёлай саступлівай Марыінай прыгажосці, дык цяпер я перажываў страх перад смерцю - але страх, які ўжо ведаў, што неўзабаве ён ператворыцца ў пакорлівасць і збавенне.
Тым часам як мы моўчкі заглыбіліся ў дзелавітыя гулі нашага кахання і належалі адно аднаму паўней, чым калі раней, душа мая развітвалася з Марыяй, развітвалася з усім, што для мяне значыла. Дзякуючы яе навуцы я перад канцом яшчэ раз па-дзіцячы даверыўся гульні павярхоўнага, шукаў мімалётных радасцяў, зрабіўся дзіцём і жывёлай у нявіннасці полу, - а ў ранейшым жыцці гэты стан быў знаёмы мне толькі як рэдкае выключэнне, бо да пачуццёвага жыцця і да полу ў мяне заўсёды дамешваўся горкі прысмак віны, салодкі, але страшнаваты смак забароненага плоду, якога чалавек духоўны павінен асцерагацца. Цяпер Герміна і Марыя паказалі мне гэты Эдэм у яго нявіннасці, я ўдзячна пагасцяваў у ім - але мне прыспешвалася ісці далей, надта прыгожа і цёпла было ў гэтым Эдэме. Зноў дамагацца вянка жыцця, зноў акупляць бясконцую віну жыцця - такая была мая доля. Лёгкае жыццё, лёгкая любоў, лёгкая смерць - гэта не маё.
З намёкаў дзяўчыны я вывеў, што на заўтрашнім бале альбо ж пасля яго нас чакаюць нейкія асаблівыя прыемнасці, нейкі асаблівы разгул. Магчыма, гэта і ёсць канец, можа, Марыю яе прадчуванне не падманвае, і сёння мы ляжым побач апошні раз, а заўтра лёс, можа, павернецца другім бокам? Я быў поўны палючай тугі; поўны шчымлівага страху, і, з усяе сілы чапляючыся за Марыю, яшчэ раз сутаргава і прагна прабегся па ўсіх сцежках і гушчобах яе Эдэма, яшчэ раз упіўся зубамі ў салодкі плод райскага дрэва.
Пасля ночы я адсыпаўся ўдзень. Раніцай паехаў спачатку ў лазню, пасля, смяротна стомлены, дамоў, занавесіў сваю спальню, знайшоў, раздзяваючыся, у кішэні свае вершы, зноў забыўся пра іх, адразу ж лёг, забыўся пра Марыю, Герміну і маскарад і праспаў цэлы дзень. Устаўшы падвечар, я, толькі калі галіўся, успомніў, што ўжо праз гадзіну пачнецца баль і мне трэба падрыхтаваць кашулю з пластронам. Я сабраўся ў добрым настроі і выйшаў з дому, каб спачатку перакусіць.
Читать дальше