- Вось бачыш, - сказаў я, - гэта мы маглі б зрабіць прасцей.
- Ты так думаеш? А заўтра, можа, мы ўбачылі б у іншай вітрыне такі самы апарат, толькі на дваццаць франкаў таннейшы. І апрача таго купляць - гэта асалода, а што дае асалоду, тым якраз і трэба асаладзіцца на поўніцу. Табе яшчэ трэба вучыцца і вучыцца.
З дапамогай пасыльніка мы даставілі наш набытак да мяне на кватэру.
Герміна ўважліва агледзела маю гасцёўню, пахваліла печ і канапу, пасядзела на крэслах, пачапала кнігі, затрымалася перад фотаздымкам маёй каханай. Грамафон мы паставілі на камоду сярод наваленых кніг. І тут пачалася наша навука. Яна паставіла факстрот, паказала мне першыя па, узяла маю руку і павяла. Я паслухмяна таптаўся за ёю, натыкаўся на крэслы, слухаўся яе ўказак, не разумеў яе, наступаў ёй на ногі і быў такі ж нехлямяжы, як і руплівы. Пасля другога танца яна кінулася на канапу і засмяялася, як дзіця.
- Божа, які ж ты растопа! Хадзі проста, бы на шпацыры! Тужыцца зусім не трэба. Табе, здаецца, нават горача стала? Добра, хвілін пяць адпачнём! Зразумей, танцаваць, калі ўмееш, гэтак жа проста, як думаць, а навучыцца танцаваць куды лягчэй. Цяпер ты будзеш больш спакойна ставіцца і да таго, што людзі не прывучаюцца думаць, што ім куды спадручней называць спадара Галера здраднікам радзімы і спакойна чакаць наступнай вайны.
Праз гадзіну яна пайшла, але запэўніла, што наступным разам навука пойдзе спарней. У мяне на гэты конт была іншая думка, і я быў вельмі расчараваны сваёй дурасцю і няўклюднасцю, за гэтую гадзіну я, здавалася, зусім не навучыўся, і мне не верылася, што наступным разам усё пойдзе лепш. Не, каб танцаваць, патрэбны здольнасці, якія ў мяне і не начавалі: гарэзлівасць, весялосць, нявіннасць, легкадумства, запал. Што ж, я даўно так і думаў.
Але, дзіўная рэч, наступным разам пайшло сапраўды лепш, і мне нават цікава стала, і пад канец урока Герміна заявіла, што факстрот я ўжо, бач ты, засвоіў. Але калі з гэтага яна зрабіла выснову, што заўтра мне трэба будзе ісці з ёю ў які-небудзь рэстаран, я перапалохаўся і заўпарціўся. Яна холадна нагадала мне пра маё абяцанне слухацца і загадала мне з'явіцца заўтра на чай у гатэль «Баланс».
Таго вечара я сядзеў дома, хацеў пачытаць, але не здолеў. Я баяўся заўтрага; страх было і падумаць, што я, стары, нясмелы, сарамяжлівы адлюднік, не толькі з'яўлюся ў адной з гэтых пошлых сучасных установаў, дзе п'юць чай і танцуюць, але і выступлю сярод чужых людзей у ролі танцора, яшчэ нічога не ўмеючы. І прызнаюся, я сам з сябе смяяўся і саромеўся сябе самога, калі адзін, у ціхім сваім кабінеце, завёў грамафон і ціхенька, на дыбачках, прарэпетыраваў факстротныя па.
Назаўтрага ў гатэлі «Баланс» граў невялікі аркестрык, падавалі чай і віскі. Я паспрабаваў падкупіць Герміну, прапанаваў ёй пірожныя, паспрабаваў пачаставаць яе добрым віном, але яна была непахісная.
- Ты прыйшоў сюды не бавы бавіць. Гэта ўрок танцаў.
Я пратанцаваў з ёю разы два-тры, і ў прамежку яна пазнаёміла мяне з саксафаністам, смуглым, прыгожым маладым чалавекам іспанскага ці тое паўднёваамерыканскага тыпу, які, як яна сказала, умеў іграць на ўсіх інструментах і гаварыць на ўсіх мовах свету. Гэты сеньёр, здавалася, вельмі добра ведаў Герміну і быў з ёю ў самых прыяцельскіх стасунках, перад ім стаялі два рознай велічыні саксафоны, у якія ён папераменна трубіў, уважліва і весела вывучаючы чорнымі бліскучымі вачыма танцораў. На свой вялікі подзіў, я адчуваў нешта накшталт рэўнасці да гэтага прастадушнага, прыгожага музыканта, не любоўнай рэўнасці, не, - пра любоў у нас з Гермінай і мовы не было, - а рэўнасці больш духоўнай, сяброўскай, бо ён здаўся мне не так ужо і вартым той цікавасці, той проста-такі вызначальнай увагі, нават пашаноўнасці, якія яна да яго выяўляла. Забаўныя даводзіцца заводзіць тут знаёмствы, міжволі падумалася мне.
Пасля Герміну некалькі разоў запрашалі, а я заставаўся адзін за столікам і слухаў музыку, музыку, якое я дагэтуль трываць не мог. Божа, думаў я, цяпер, выходзіць, мне трэба асвоіцца тут і прыжыцца ў гэтым свеце гулякаў і шукальнікаў асалодаў, чаго я заўсёды ўсяляк пазбягаў і чым глыбока грэбаваў, у гэтым клішаваным, стандартным свеце мармуровых столікаў, джазавай музыкі, какотак, каміваяжораў! Я паныла пахлёбтваў чай, разглядваў падэлегантненую публіку. Мой пагляд спыняўся на дзвюх прыгожых дзяўчатах, абедзве хораша танцавалі, з захапленнем і зайздрасцю глядзеў я, як пругка, прыгожа, весела і ўпэўнена яны рухаліся.
Тут паявілася Герміна, яна была незадаволеная мною. Я тут не дзеля таго, абуралася яна, каб сядзець за чайным столікам з кіслым тварам, я павінен зараз жа набрацца духу і ісці танцаваць. Што? - я ні з кім не знаёмы? Тае бяды - яно і не трэба! Няўжо тут няма дзяўчат, якія мне падабаліся б?
Читать дальше