Гурткі ж па ліквідацыі непісьменнасці якраз удаліся. Да восені амаль кожная жывёліна на ферме была ў пэўнай ступені пісьменная.
Што да свінняў, дык яны ўжо выдатна ўмелі чытаць і пісаць. Сабакі навучыліся чытаць даволі добра, але не выяўлялі асаблівае ахвоты чытаць нешта, апроч Сямі Запаведзяў. Каза Мюрыэль навучылася чытаць крыху лепей за сабакаў і часам вечарамі чытала іншым з газетных шматкоў, якія яна знаходзіла на сметніку. Бэнджамін умеў чытаць не горш за свінняў, але ніколі не карыстаўся гэтым уменнем. Ён казаў, што, наколькі яму вядома, няма нічога, што было б варта прачытаць. Канюшынка вывучыла ўсе літары, але не магла злучыць іх у словы. У Баксёра справа не йшла далей за D. Ён мог накрэсліць на пяску сваім вялізным капытом А, В, С, а тады, падціснуўшы вушы, абаўрэла глядзеў на літары, часам патрэсваючы чубам, і што было моцы спрабаваў прыгадаць, што ж ідзе далей, але так ніколі і не прыгадваў. Часам, што праўда, яму ўдавалася вывучыць Е, F, G, Н, але да таго часу, як ён іх запомніць, заўсёды выяўлялася, што ён ужо забыўся на А, В, С, D. Нарэшце ён пастанавіў, што яму хопіць і чатырох першых літар, і штодня раз ці два практыкаваўся пісаць іх, каб асвяжыць памяць. Молі адмовілася вучыць больш за чатыры літары, з якіх складалася яе імя. Яна любіла акуратна выкладаць іх з галінак і ўпрыгожваць параю кветачак, а пасля хадзіла навокал і захаплялася сваім мастацтвам.
Ніводная іншая жывёліна на ферме не пасунулася далей за літару А. Выявілася таксама, што найдурнейшыя жывёлы, як авечкі, куры і качкі, былі няздольныя вывучыць Сем Запаведзяў на памяць. Пасля доўгага роздуму Сняжок абвясціў, што Сем Запаведзяў, па сутнасці, могуць быць зведзеныя да аднаго лозунга, а менавіта: «Чатыры нагі добра, дзве нагі дрэнна». У гэтым, сказаў ён, палягаў асноўны прынцып Жывялізму. Той, хто глыбока ім прасякнецца, зможа ніколі не баяцца ніякіх чалавечых уплываў. Птушкі спачатку запярэчылі, бо ім здавалася, што яны таксама маюць дзве нагі, але Сняжок давёў ім, што гэта не так.
— Птушынае крыло, таварышы, — сказаў ён, — гэта орган руху, а не дотыку, і, такім чынам, павінна быць прыраўнянае да нагі. Адметны знак чалавека — рука, прылада, якою ён чыніць усе свае зладзействы.
Птушкі не зразумелі доўгай прамовы Сняжка, але пагадзіліся з ягоным тлумачэннем, і ўсе ніжэйшыя жывёлы ўзяліся вучыць новы лозунг на памяць. «Чатыры нагі добра, дзве нагі дрэнна» было напісана вялікімі літарамі на гуменнай сцяне над Сямю Запаведзямі. Вывучыўшы нарэшце гэты лозунг на памяць, авечкі праняліся да яго вялікім упадабаннем і часта, лежачы ў полі, яны ўсе разам пачыналі бляяць: «Чатыры нагі добра, дзве нагі дрэнна! Чатыры нагі добра, дзве нагі дрэнна!» і бляялі гэтак, не стамляючыся, цэлымі гадзінамі.
Напалеон Сняжковымі камітэтамі не цікавіўся. Ён сказаў, што выхаванне моладзі — значна важнейшае за ўсё тое, што можна зрабіць для дарослых. Якраз здарылася так, што неўзабаве пасля сенакосу Джэсі і Званочак абедзве ашчаніліся, спарадзіўшы на свет разам дзевяць здаровенькіх шчанятак. Як толькі яны адвучыліся ад матчынага малака, Напалеон забраў іх ад матак і сказаў, што сам паклапоціцца аб іхнім выхаванні. Ён занёс іх на гарышча, куды можна было трапіць толькі па драбіне з рымарні, і там трымаў іх у такім адасобненні, што ўсе на ферме неўзабаве пра іх забыліся.
У хуткім часе раскрылася таямніца таго, куды знікала малако. Яго дамешвалі штодня ў ежу свінням. Пачалі ўжо выспяваць раннія яблыкі, і трава ў садзе была ўсыпаная ападкамі. Усе жывёлы меркавалі як пра нешта само сабой зразумелае, што яблыкі будуць дзяліць на ўсіх пароўну; аднак аднойчы выйшаў загад, паводле якога ўсе ападкі мусілі сабраць і занесці ў рымарню на спажытак свінням. Нехта паспрабаваў наракаць, але нічога не дапамагло. Усе свінні былі аднадушныя ў гэтым пытанні, нават Сняжок і Напалеон. Даць усім іншым неабходныя тлумачэнні выслалі Віскуна.
— Таварышы! — закрычаў ён. — Спадзяюся, вы не лічыце, што мы, свінні, робім гэта дзеля эгаізму або прывілеяў? Шмат хто з нас папраўдзе не любіць малака і яблыкаў. Я і сам іх не люблю. Адзінае, дзеля чаго мы іх ямо, — каб захаваць сваё здароўе. Малако і яблыкі (а гэта, таварышы, даказана навукай) змяшчаюць у сабе рэчывы, абсалютна неабходныя для добрага пачування свінняў. Мы, свінні, — працаўнікі разумовае працы. Усё кіраванне фермаю і парадак на ёй залежаць ад нас. Удзень і ўночы мы клапоцімся пра ваш дабрабыт. Вось жа якраз дзеля вас мы п'ём гэтае малако і ямо гэтыя яблыкі. Ці ведаеце вы, што б здарылася, калі б мы, свінні, не справіліся з сваімі абавязкамі? Джоўнз вярнуўся б! Так, Джоўнз вярнуўся б! Напэўна, таварышы, — крычаў Віскун ледзь не ўмольным голасам, скокаючы сюды-туды і матляючы хвастом, — напэўна, сярод вас няма нікога, хто захацеў бы, каб вярнуўся Джоўнз?
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу