Ён зірнуў угару і ўбачыў, што птах кружляе зноў.
— Ён знайшоў рыбу, — услых вымавіў стары чалавек. Ніводная лятучая рыба не разрэзала паверхні вады, і не разбягаліся ва ўсе бакі дробныя, якраз для прынады, рыбкі. Але пакуль стары чалавек назіраў, невялікі тунец узняўся ў паветра, перавярнуўся і ўпаў галавой уніз у ваду. Тунец, бліснуўшы срэбрам на сонцы, упаў у мора, але за ім узняўся яшчэ адзін, і яшчэ, і яны мільгалі скрозь, узбоўтваючы ваду і доўгімі скачкамі пераследуючы дробную рыбу. Яны кружылі над ёю і гналі яе.
«Калі б яны не шыбалі гэтак хутка, я іх не ўпусціў бы», — думаў стары чалавек, назіраючы, як чарада запеньвае ваду, а птушка падае каменем уніз, акунаючыся і хапаючы дробную рыбу, што выплыла ў паніцы на паверхню.
— Птах — добры памочнік, — сказаў стары чалавек. Якраз тады шнур, што быў злучаны пятлёю з колцам ніта ў карме, напяўся пад яго нагой, якою ён прыціскаў пятлю, ён выпусціў вёслы і, моцна ўзяўшыся за шнур і адчуўшы вагу невялікага тунца, што тузаўся ды торгаўся, стаў выбіраць той у лодку. Рыба торгалася з усё большай зацятасцю, калі ён выцягваў шнур, і стары чалавек мог бачыць у вадзе блакітную спіну тунца і золата бакоў, перш як ён рыўком падцягнуў яго да борта і шпурнуў у лодку. Тунец ляжаў на карме на сонцы, тугі ды ашчадна-зграбны, як адлітая куля, вырачыўшы вялікія неразумныя вочы, выбіваючы з сябе жыццё хуткімі дрыготкімі ўдарамі аб лодку акуратнага гожага хваста-бліскаўкі. Стукнуўшы яго па галаве палкай, каб не мучыўся, стары чалавек нагою пхнуў тунца, што ўсё яшчэ ўздрыгваў, у цень пад карму.
— Альбакор [19] Даўгапёры тунец.
, — услых вымавіў ён. — З яго будзе цудоўная прынада. Ён заважыць дзесяць фунтаў.
Стары чалавек не памятаў, калі ўпершыню пачаў думаць уголас, як быў сам-насам з сабою. Ён спяваў на адзіноце, а часам напяваў уночы, у самоце несучы вахту на смэках [20] Смэк — невялікае аднамачтавае рыбалоўнае судна, звычайна, шлюп або тэндар.
або на «чарапашых лодках».
Відаць, ён пачаў размаўляць услых адзін, як хлопчык пайшоў ад яго. Але дакладна ён не памятаў. Ловячы рыбу разам, яны перамаўляліся з хлопчыкам звычайна толькі наконт сама неабходнага. Гутарылі ж яны ўночы альбо калі дрэннае надвор'е затрымлівала іх на беразе. Уважалася за вартасць не размаўляць у моры без патрэбы, і стары чалавек заўжды лічыў якраз так і шанаваў гэты закон. Але зараз ён выказваў свае думкі ўголас шмат разоў, бо не было побач ніводнае жывое душы, каб яны маглі каго раздражняць.
— Калі б хто пачуў, як я вось так гучна размаўляю, залічыў бы мяне ў вар'яты, — вымавіў ён услых. — Але ж я не вар'ят, і таму гэта мяне зусім не турбуе. І апрача таго, багацейшыя маюць радыёпрыймачы, якія гутараць з імі ў іхніх лодках і расказваюць ім пра бейсбол.
«Цяпер не час займаць галаву бейсболам, — падумаў ён. — Цяпер трэба рупіцца пра адну-адзіную рэч. Тую, дзеля якой я нарадзіўся. Магчыма, акурат паблізу гэтай чарады ёсць вялікая рыбіна. Я падабраў усяго толькі блудніка, што адбіўся ад альбакораў, якія тут кормяцца. Але яны; жывячыся, рухаюцца далёка і хутка. Усё, што паказваецца сёння на паверхні, шыбуе вельмі хутка і на паўночны ўсход. Можа, зараз гэткая пара дня? А магчыма, гэта нейкая прыкмета, звязаная з надвор'ем, якой я не ведаю?»
Ён не мог цяпер бачыць зеляніны берага, адно толькі вяршыні блакітных узгоркаў, што выглядалі цяпер белымі, як быццам былі пакрытыя снегам, ды аблокі, нібы высокія снежныя горы над імі. Мора было вельмі цёмнае, і сонечнае праменне праламлялася ў вадзе, як у прызме. Мірыяды плямак планктону былі раптоўна знішчаны высокім сонцам, і толькі вялізныя глыбокія прызмы ў сіняй вадзе бачыў стары чалавек, пільнуючы шнуры, што беззаганна проста ішлі ў ваду глыбінёю ў мілю.
Тунцы, а рыбакі ўсіх гэткіх рыб звалі тунцамі і толькі тады прыгадвалі іхнія назовы, калі даходзіла да продажу або калі абменьвалі тых на прынады, зноў сышлі ў глыбіню. Сонца было гарачае, старому чалавеку моцна грэла ў патыліцу, і той адчуваў, вяслуючы, што па спіне ў яго сочыцца пот. «Я мог бы проста дазволіць плыні несці мяне, — падумаў ён, — ды спаць, накінуўшы пятлю шнура на палец нагі, каб абудзіцца. Але сёння мінае восемдзесят пяць дзён, і я павінен рыбачыць кожны дзень як след».
Якраз у гэты момант, паглядзеўшы на шнуры, ён убачыў: адзін са свежавыразаных прутоў рэзка пацягнула ўніз.
— Але, — сказаў ён. — Але, — і нячутна склаў вёслы ў лодку. Ён пацягнуўся па шнур і вось ужо лагодна трымаў яго паміж вялікім і ўказальным пальцамі правай рукі. Ён не адчуваў ні напругі, ні вагі, трымаў шнур без высілку. Потым рыба пацягнула зноў. Цяпер торганне было як бы пробнае, не моцнае і не цяжкое, і ён ведаў дакладна, што гэта. На глыбіні ста сажняў марлін [21] Марлін — уласна марлін, рыба, роднасная меч-рыбе; меч-рыба.
церабіў сардзіны, што пакрывалі вастрыё і стрыжань кручка там, дзе кручок ручной коўкі вытыркаўся з галавы малога тунца.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу