Ішлі яны гордыя і задаволеныя і толькі здзіўляліся, што нікому, акрамя іх, не прыйшло ў галаву забраць пярсцёнак. Борд сказаў, што паедзе ў Нарвегію і прадасць там пярсцёнак, як толькі выпадзе які-небудзь зручны выпадак. Ім здавалася, што за пярсцёнак удасца атрымаць вельмі многа грошай і ніколі больш не давядзецца адчуваць страху перад заўтрашнім днём.
— А гэта што? — раптам прыпыніўшыся, запытала жонка. — Што я бачу? Няўжо зара займаецца? На ўсходзе ж павінна світаць?
— Не, сонцу яшчэ рана ўзыходзіць, — сказаў селянін. — Відаць, — пажар. І як быццам дзесьці каля Ольсбю. Ці не…
Яго перапыніў гучны жончын голас.
— Гэта ў нас гарыць! — крычала яна. — Меламстуга гарыць! Генерал падпаліў яе!
У панядзелак раніцай у маёнтак Хедэбю, размешчаны зусім блізка ад царквы, прыбег магільшчык і, ледзь не задыхаючыся, выпаліў: ім з мулярам, які збіраўся зноў замураваць склеп, падалося, быццам века генеральскай труны з'ехала набок і што шчыты з гербамі і ордэнскія стужкі, якімі яно прыбрана, ссунуты з месца.
Неадкладна людзі спусціліся ў склеп і заўважылі, што там пануе страшны беспарадак і што шрубы труны сарваны. Калі знялі века, то адразу ж убачылі, што на ўказальным пальцы левай генералавай рукі пярсцёнка няма.
Я думаю пра караля Карла XII і спрабую ўявіць сабе, як людзі любілі яго і як баяліся.
Бо я ведаю, што незадоўга да смерці каралю надарылася аднойчы зайсці ў карлштацкую царкву ў час богаслужэння. Ён прыехаў у горад вярхом, адзін і нечакана; ведаючы, што ў царкве ідзе служба, ён спыніў каня каля царкоўнай брамы і ўвайшоў не праз галоўны ўваход, а праз прытвор, як звычайны прыхаджанін.
Але ўжо ў дзвярах ён убачыў, што пастар падняўся на кафедру, і, не жадаючы перашкаджаць яму, застаўся стаяць там, дзе стаяў. Не адшукаўшы сабе нават месца на лаве, а прыхінуўшыся спінай да вушака, ён пачаў слухаць пропаведзь.
Але хоць ён і ўвайшоў непрыкметна і моўчкі стаяў у змроку пад царкоўнымі хорамі, з самай апошняй лавы нехта пазнаў яго. Магчыма, гэты быў стары салдат, які страціў руку ці нагу ў паходах і быў адасланы дамоў яшчэ да Палтавы. І салдату падумалася, што гэты чалавек з зачасанымі назад валасамі і арліным носам, мабыць, і ёсць сам кароль. І, пазнаўшы яго, ён тут жа падняўся з лавы.
Суседзі на лаўцы, пэўна, здзівіліся, чаму ён устаў, і тады ён шапнуў ім, што сам кароль тут, у царкве. І ўслед за ім міжвольна ўсталі ўсе, хто сядзеў на гэтай лаве, як гэта бывала заўсёды, калі з алтара ці з кафедры абвяшчаліся словы самога госпада Бога.
Вестка аб тым, што кароль у царкве, імгненна разнеслася з гэтай лавы на іншыя, і ўсе як адзін — і старыя і маладыя, і багатыя і бедныя, і хворыя і здаровыя — падняліся з месца.
Здарылася гэта, як ужо сказана, незадоўга да смерці караля Карла, калі пачаліся няшчасці і беды. Бадай, ва ўсёй царкве не знайшлося б тады чалавека, які не страціў бы дарагіх яго сэрцу сваякоў або не згубіў усяго свайго багацця, і ўсё па віне гэтага караля. І калі каму-небудзь нават і не даводзілася наракаць на ўласны лёс, яму варта было б падумаць аб тым, да якой галечы даведзена краіна, колькі страчана заваяваных зямель, і аб тым, што ўсё каралеўства акружана ворагамі [8] У апошні перыяд вайны краіны — удзельніцы Паўночнага Саюза (Данія, Рэч Паспалітая, Расея) — узмацнілі ваенныя дзеянні супраць Швецыі. Кароль Аўгуст вярнуў сабе польскі трон, і шведскія войскі былі выгнаны з тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Дацкія войскі ўварваліся ў паўднёвую Швецыю, Расея заняла Фінляндыю, Эстляндыю, Ліфляндыю, Аландскія выспы.
.
І тым не менш, тым не менш… Як толькі людзі пачулі разнесеную шэптам погаласку аб тым, што тут, у храме Божым, знаходзіцца той самы чалавек, якога столькі разоў пракліналі, як усе адразу ўсталі.
Усталі і засталіся стаяць. Ніхто і не падумаў сесці зноў. Гэта было проста немагчыма. Там ля бакавога ўвахода стаяў сам кароль, і пакуль ён стаяў, трэба было стаяць усім. Калі б хтосьці сеў, то зняважыў бы караля.
Магчыма, пропаведзь працягнецца доўга, але нічога не паробіш, давядзецца пацярпець. Ніхто не хацеў зневажаць яго.
Ён быў салдацкім каралём і прывык да таго, што салдаты ахвотна ішлі за яго на смерць [9] Карл XII быў вельмі папулярны сярод салдат свайго войска, якім імпанавалі яго асабістыя якасці — храбрасць, самавалоданне, сіла волі.
. Але тут, у царкве, вакол яго былі простыя гараджане і рамеснікі, простыя шведскія мужчыны і жанчыны, якія ніколі ў жыцці не чулі каманды: «Узяць на каравул!» Аднак варта яму толькі паказацца сярод іх, і яны ўжо траплялі пад яго ўладу. Яны пайшлі б за ім у агонь і ў ваду, аддалі б яму ўсё, чаго ён пажадае, бо верылі ў яго, абагаўлялі. Ва ўсёй царкве прыхаджане маліліся за гэтага незвычайнага чалавека, які быў каралём Швецыі.
Читать дальше