Як толькі сонца зайшло, ён улёгся ў ложак, збіраючыся адразу ж заснуць. Але сон не ішоў да яго. Зноў вярнулася хваляванне, і ён усё круціўся ды варочаўся ў ложку.
Жонцы, безумоўна, таксама было не да сну, і хутка яна пачала распытваць, што з ім такое.
— Ды нічога, — па сваёй звычцы адказваў ён. — Вось толькі справа адна ў мяне з галавы не выходзіць.
— Так, чула я сягоння пра гэта не аднойчы, — прамовіла жонка, — цяпер давай выкладвай, што задумаў. Ужо ж не такія, пэўна, небяспечныя справы ў цябе ў галаве, каб нельга было пра іх мне расказаць.
Пачуўшы гэтыя словы, Борд уявіў, што ён тут жа засне, калі раскажа жонцы.
— Ды вось ляжу я і ўсё думаю, — сказаў ён, — ці замуравалі генералаў склеп, ці ён усю ноч прастаіць адкрыты.
Жонка засмяялася.
— І я пра гэта думала, — сказала яна, — і здаецца мне, што кожны, хто быў сягоння ў царкве, аб гэтым жа думае. Але чаго ж табе з-за гэтакай справы не спіцца?
Борд узрадаваўся, што жонка не прыняла яго словы блізка да сэрца. У яго стала на душы больш спакойна, і ён рашыў быў, што цяпер ужо абавязкова засне.
Але як толькі ён улёгся зручней, неспакой вярнуўся да яго. Яму здавалася, быццам з усіх бакоў, з усіх хацін падкрадваюцца да яго чалавечыя цені. Усе яны выйшлі з адным і тым жа тайным намерам, усе накіроўваюцца да могільніка і да таго самага адкрытага склепа.
Ён паспрабаваў быў ляжаць не рухаючыся, каб даць жонцы заснуць, але ў яго забалела галава і пот праняў. І нехаця ён пачаў круціцца і варочацца ў ложку.
Нарэшце ў жонкі цярплівасці не хапіла, і яна нібы жартам кінула яму:
— Далібог, мужычок, ці не лепей ужо табе самому схадзіць на могільнік ды паглядзець, ці ўсё добра з магілай, чым ляжаць тут ды варочацца з боку на бок, вачэй не заплюшчваючы.
Не паспела яна вымавіць гэтыя словы, як муж яе ўскочыў з пасцелі і пачаў нацягваць на сябе кафтан. Ён вырашыў, што жонка праўду кажа. Ад Ольсбю да царквы ў Бру хады было не больш за паўгадзіны. Праз гадзіну ён вернецца дамоў і спакойна праспіць усю ноч напралёт.
Ды не паспеў ён выйсці за парог, як жонцы падумалася, што мужу будзе, пэўна, не па сабе на могільніку, калі ён пойдзе туды адзін-адзінюсенькі. Яна жвава ўскочыла і гэтак жа быстра надзела сукенку.
Мужа яна дагнала на ўзгорку каля Ольсбю. Пачуўшы яе крокі, Борд зарагатаў.
— За мной пайшла, даведацца, ці не сцягну я генералаў пярсцёнак? — запытаўся ён.
— Ах ты мой любы! Я ж ведаю, што нічога такога ў цябе і ў думках няма. Я пайшла толькі каб быць з табой, калі прад табой з'явіцца могільнікавы дух ці конь-мярцвяк [7] У Швецыі існуе паданне пра каня, які калісьці быў пахаваны на могілках замест чалавека. Паводле павер'я, дух якога, на трох нагах і без галавы, бадзяецца па начах на могілках, прадракаючы пагібель кожнаму, хто яго ўбачыць, бо іменна гэты конь перавозіць людзей пасля смерці ў царства мёртвых.
.
Яны паскорылі крок. Надышла ноч, і ў беспрасветнай цемры віднелася на захадзе толькі вузкая светлая палоска. Муж з жонкай выдатна ведалі дарогу. Яны размаўлялі і былі ў добрым настроі. На могільнік жа яны ішлі толькі для таго, каб зірнуць, ці адкрыты склеп, і каб Борду не пакутаваць без сну, ламаючы сабе праз гэта галаву.
— Не, ніяк не паверыць, быццам яны там у Хедэбю такія ратазеі, што не замуруюць пярсцёнак зноў.
— Ды ўжо хутка аб усім даведаемся, — сказала жонка. — А вось, здаецца, і могільнікавая агароджа!
Селянін спыніўся, падзівіўшыся з вясёлага жончынага голасу. Не, быць таго не можа, каб яна накіравалася на могільнік з іншымі намерамі, чым ён.
— Перш чым увайсці на могільнік, — сказаў Борд, — нам, відаць, патрэбна б дамовіцца, што будзем рабіць, калі магіла адкрыта.
— Ужо і не ведаю, ці закрыта, ці адкрыта, а толькі наша справа — вярнуцца дамоў ды легчы спаць!
— І гэта слушна, твая праўда! — сказаў, зноў пакрочыўшы, Борд. — І не чакай, каб могілкавыя вароты былі ў гэты час не зачынены, — дадаў ён.
— Бадай, сапраўды, — падхапіла жонка. — Прыдзецца нам пералезці цераз сцяну, калі захочам наведаць генерала ды паглядзець, як яму там.
Муж зноў здзівіўся. Ён пачуў, як з лёгкім шумам пасыпаліся ўніз дробныя каменьчыкі, і тут жа ўбачыў, як на фоне светлай палоскі на захадзе вырысоўваецца жончына фігура. Яна ўзлезла ўжо наверх, на сцяну, і нічога мудронага ў тым не было, таму што сцяна была невысокая — усяго некалькі футаў. Дзіўным падалося яму толькі тое, што жонка праявіла такую жвавасць, узлезшы наверх раней за яго.
— Ну вось, — сказала яна. — Давай руку, я дапамагу табе ўзлезці!
Читать дальше