— Для гэтага гэроя неабходна буйнае аблічча, паважная фігура гучны, як Ярыхонская труба, голас і плястыка ў рухах! — сказаў Зізь.
Ну што ты скажаш? Прышлося мне згадзіцца: дзе-ж яны знойдуць гэроя? Я ўва ўсякім выпадку на 100% задавальняю гэтым патрабаваньням.
У гэты дзень я вельмі ўпарта і самааддана працаваў, парадкуючы ўсе паперы паводля маіх разнастайных функцыяў, пішучы на кажнай паперы рэзалюцыю для майго дзелавода, заносячы ў блёкнот ударныя заданьні.
Побач із мной была Крэйна, і думка мая між волі накіроўвалася на яе. Я, шчыра кажучы, сачыў за кажным яе крокам, за кажным рухам. Яна абмежавала дзейнасьць свайго арганізму і сядзела нібы застылая. Ні разу ня зірнула ў мой бок. Толькі пальцы, як малалетнія вар'яты, скакалі па машынцы.
Лін некалькі разоў падплываў да яе, але я, даўшы кляцьбу ўсімі сродкамі перашкаджаць яму, вёў сваю лінію. Як толькі ў дзьвярах нашага пакою зьяўляўся яго глінабітны твар, я зараз-жа, ні хвіліны не марудзячы, перастаўляў свой зэдаль такім чынам, што мая асоба займала ўвесь праход да Крэйны.
Лін падходзіў, тыц-мыц, а няма чаго рабіць. Гэтая гэніяльная палітыка размычкі між імі рабіла Ліна, як зьвера, разьюшаным. Нібы галодны таракан, ен злосна рухаў вусамі і кідаў на мяне агнямётна-злыя погляды. Па свойму ён быў у гэты момант нават прыгожым, і мне прышла ў галаву думка, што каб я быў мастаком, дык замацаваў-бы гэты інцыдэнт на малюнку «Галава мужчыны, разбэшчанага ад каханьня».
На вялікі жаль, нядоўга я зьдзекваўся над ім. Мяне выклікалі на мястэчка для ўвязкі, узгадненьня і ўрэгуляваньня некаторых пытаньняў з рознымі ўстановамі.
Першая ўстанова, што наведаў я, было профбюро. Я пазнаёміўся з старшынёй бюро тав. Мілёнкам і яго тэхнічнай сакратаркай тав. Беленькай. У яго ружовае аблічча, зграбна пашыты піджак, чырвоная шаўковая хустачка ў грудным кішэні, перапялёсы гальштушак, усе зубы ў роце і ціхая ласкавая, журчлівая гаворка. У яе здобная, батонная фігурка, заплыўшыя ружовым тлушчам вочкі, пульхлыя крахмальна-белыя ручкі і моцныя, крутыя ногі.
— Малачко з кроўю! — падумаў я, і на хвіліну маё фізычнае ўспрыманьне гэтай дзяўчыны выціснула з мае галавы чароўны вобраз Крэйны.
Сваёй гутаркай з профбюро я быў вельмі здаволены. — У нашых савецкіх працаўнікоў, — сказаў я — няма грамадзкай рошчыны! З гэтае прычыны наша культпраца кульгае на ўсе чатыры нагі! Нічым нельга зацікавіць, і нават мікробы рэлігіі пралезьлі ў наш грамадзкі арганізм.
— Але! — сказаў тав. Мілёнак. — Я далучаюся да вашай думкі, што неабходна ўнесьці новы зьмест у працу, надаць ёй і другія формы.
Мы ўмовіліся ў бліжэйшы час склікаць нараду па пытаньнях культпрацы.
Я накіраваўся ў больніцу, але па дарозе зайшоў на тэлефонную станцыю. Яна зьмяшчалася ў папоўскім доме, на 2-ім паверсе, у невялікім пакойчыку, дзе супроць вакна стаяў столік з апаратурай і каля дзьвярэй шафа.
Дзьверы былі зачынены знутры. Я пастукаў, нейкі шолах там і ні слова. Тады я павялічыў інтэнсыўнасьць грукату, пасьля чаго пачуўся голас Сьвердзялюка:
— Зараз! Хвіліначку!
— Чаму вы зачыняецеся? — запытаў я, увайшоўшы ў каморку.
— А, ведаеце, заходзіць хто папала сюды ды варлыжуць рознае глупства, перашкаджаюць працаваць! — сказаў тэлефаністы. Я пазваніў у РВК і запрасіў да тэлефону Крэйну.
— Тав. Шуфер! Гэта я — Самасуй — гавару з вамі... Да мяне ніхто ня прыходзіў?.. Калі хто прыдзе, няхай пачакае, я зараз прыду.
— Добра! — адказала яна адрыўным голасам.
Мне хацелася яшчэ аб чым-небудзь пагутарыць зь ёю, але ў гэты час дзьверы шафы нечакана расчыніліся, адтуль зірнула перапалоханая дзяўчына і, закрыўшы твар рукамі, як птушка начная, маланкаю паляцела за дзьверы. Усё гэта такім хуткім, тэмпам зьдзеілася, што я і не разгледзеў, хто гэта быў.
Я моўчкі глядзеў на злачынцу. У глыбіні свайго арганізму я ўсімі фібрамі спачуваў яму, але, паколькі ў маіх руках спрунжыны новага быту, павінен-жа я з карэньнем зьнішчаць гангрэны!
Сьвердзялюк зацяжна курыў, потым засьмяяўся:
— Бывае, усё бывае! — сказаў ён.
— І даўно ў вас гэта распуста? — тонам судзьдзі запытаўся
— А вы спавядаць мяне хочаце?
— Брыдка гэта! Установу перавярнуць у нешта непатрэбнае... Я гэтага так ня кіну...
— Што вы мне маралы чытаеце? Я і сам хацеў-бы адкасацца, але яны насядаюць на мяне. Зараз адразу з 5 кручуся! Хочаце калі-небудзь магу паказаць некаторыя фокусы?
— Я аб гэтых фокусах буду мець гутарку з тав. Сомам! — з гонарам адказаў я.
Читать дальше