— Калі я, гэта тое, як яго, скруціў? Нечым ваўку, гэта тое, як яго, дык лыкамі! — сьмяецца Юрлік, і яго сьмех выводзіць Гылю з роўнавагі.
— Ну, пабачым! Пабачым! Вось прыдзем у лес, раскладземся там, халера ты будзеш, калі ня возьмеш ад мяне мату.
Я запытаў:
— Няўжо вы захапілі?
Жанчыны з жахам паўторваюць маё запытаньне. — А як-жа? Што-ж мы, гэта тое, як яго, будзем рабіць у лесе? — пытае Юрлік.
О, няшчасны сьляпец! Ня ведае, што рабіць у лесе вясною! Я не адступаўся ад Крэйны і зь неаслабнай энэргіяй вёў сваю амурную лінію. Як прайшлі мы мястэчка, перашкодай на маім шляху зьявіўся Ягор Гарачы, загадчык нардому. Яго лічылі мясцовым паэтам і часта называлі Пушкінзонам. Ён меў калматую, альховага колеру, галаву, падсьлёпватыя мышыныя вочы, жарабячы голас і нізкі, ліліпуцкі крываногі рост. Ён дагнаў нас і пачаў вінталём круціцца каля Крэйны. Ён хацеў усю ўвагу Крэйны ад мяне перацягнуць на сваю кургузую асобу. Доўга дэклямаваў верш, які пачынаўся словамі:
Сэрца ня хоча стрымаць
Радасьці кіслай і сіняй!
За намі ішоў яшчэ тэлефаністы Сьвердзялюк з тэлефаністкай Горбік. У яе я заўважыў выдатныя грудзі, павеўны стан, гітарны голас, у яго — доўгі і тоўсты нос, моцныя лыткі, нізкі, троху хрыпаты, бас. Маёвачнікаў было шмат, усіх ня пералічыш. Мяне вельмі задзівіла тая акалічнасьць, што судзьдзя Торба ўсю сваю ўвагу накіраваў на Зою, тую самую, якую ён абазваў аднаднёўкай. Цяпер-жа ён добрымі вачмі аглядаў яе і ціха ўсьміхаўся.
Тав. Торба мае два абліччы. На судзе перад усімі выступае яго арганізацыйна добра аформленая фігура: высокі рост, непамерна-вялікія рукі, шырокія, магутныя грудзі, роўныя, белыя, як часнок, зубы, зусім голенае, дабрадушна-сур'ёзнае аблічча. Гэта выклікае нейкую апрыорную спагаднасьць да яго. Калі я першы раз пабачыў яго ў судзе, я ў думках падкрэсьліў тэзіс: чалавек з такімі прыроднымі перавагамі ня можа быць несправядлівым.
У той-жа час, як бліжэй пазнаёміўся я зь ім, судзьдзя — вясёлы чалавек, пракуда, філёзаф, які заўсёды здольны выкінуць фартэль, зрабіць дзівацтва, кінуць на агульнае карыстаньне моцнае слова, зачапіць за жывое, дацца ў знакі жанчынам, якіх ён заве «баядэркамі», закруціць якой-небудзь зь іх галаву і потым «накрыцца хвастом». Адным словам, нявытрыманы індывід.
Адзіноцтва ён ня пераносіць, як хваробы якой, і свой вольны час, якога вельмі мала, праводзіць сярод двохногіх стварэньняў, галоўным чынам «баядэрак». Ні сям'і, ні маёмасьці ён ніколі ня меў.
Ідучы на маёўку, я пазнаёміўся таксама з маскоўцамі — Курыцай і Курапатай. Яны вельмі ганарова ішлі ў ар'ергардзе і вялі гучную незразумела-навуковую размову. Багародзіцы зь імі ня было. У Курыцы было ўмяркавана выдатнае пуза, пульхлыя зашчочыны, што наступалі на вочы, чорныя, як зьмейкі, бровы і вялікія рагавыя акуляры. Курапата быў высокі, шкілетны чалавек, зь безнадзейна выцягнутым мэханізаваным абліччам. Калі нас знаёмілі, першы назваў сябе Курыца, з націскам на «ы».
Месца маёўкі — глухі, прыгожы лес каля рэчкі. Там шмат курганаў, на якіх растуць магутныя дубы, бярозы і дрыготныя асіны. Лес на ўзвышшы, а ў даліне рэчка. Над рэчкай хмызьняк, у ім у пераважнай большасьці расьце калакалуша-чарэмха.
У гэты час чарэмха ў поўным росквіце, і пах яе, калі прышлі мы, вельмі прыемна казытаў пэрыфэрычныя нэрвы насавога арарату.
Бясспрэчна, шпацыроўка выклікала ў нашым арганізьме бурнае разьвіцьцё апэтыту. Вочы ўсіх аўтаматычна накіраваліся на клункі зь ежай. Агульнае жаданьне напоўніць сябе матэрыяй выказаў страхагэнт.
— Што-ж? — сказаў ён, вызваляючыся ад прыгнечаньня вялікіх пакункаў — мне здаецца, самае лепшае, што можам мы зрабіць — гэта прыступіць да зьнішчэньня прынесенай матэрыі і пітва!
— І прыступіць зараз-жа! — адклікнуўся я. Без валакіты і бюракратычных скрыўленьняў.
— Матэрыю нельга зьнішчыць! — паправіў Торба.
— Давай, цябе зьнішчу, і сьлядоў ня будзе!
— Сьляды, браце, будуць! 8 год атрымаеш!
Жанчыны разаслалі вялікія белыя посьцілкі і ў вадно імгненьне вока маляўніча экспанавалі ўсю матэрыю. Толькі хлеб і булкі ня былі нарэзаны. Гэту працу даручылі Сьмятане і Торбе. Рэжучы злобныя запаленыя булкі, Торба невядома зь якой прычыны сказаў:
— Жыта ўсіх корміць, а пшаніца па выбару!
— Што з гэтага? — запытаўся страхагэнт.
— Нічога! Маўчы ды слухай, што людзі гавораць!.. Нават не чакаючы, калі ўсё будзе падрыхтавана, мы зь імпэтам наваліліся на прадукцыю. Торба даў неабходныя камэнтарыі да гэтай нястрыманасьці:
Читать дальше