На сходах я гаварыў сялянам агульнымі фразамі, так, як і трэба было. Я канкрэтна даводзіў, што ў сялян няма грамадзкай рошчыны, сьвядомасьці, дзякуючы чаму і бываюць пэрманэнтныя супярэчнасьці і паганы капіталізм яшчэ часткова мае стабілізацыю. Каб зьнішчыць гэтыя недарэчнасьці, я заклікаў сходы выказаць сваё канкрэтнае я і ўзьняць гармідар за новы быт!
Мяне ўсюды ўважліва слухалі і прыймалі маю рэзалюцыю, якую я напісаў яшчэ ў Шапялёўцы, узяўшы пад увагу ўсе дэталі пытаньня.
Толькі ў в. Брылёўцы знайшліся суб'екты, якія аб'ектыўна зьявіліся рупарамі дробна-буржуйскай стыхіі.
Яны арганізавана выступілі супроць мяне. Адзін зь іх, па прозьвішчы Хвёдар Трайка, чалавек вельмі невялікага росту, увесь заросшы валасамі, як шчацінай, з лупатымі вочкамі і ў зрэб'і, нахабна гледзячы ў вочы мне, закончыў сваю прамову:
— Таварыш гаварыў, гаварыў нам, а мы сядзелі, як мамоны глухія! Нічога не зразумелі! Нейкая птушыная мова! Як грамахвон гаварыў!
За Трайкай яшчэ іншыя хвасьцісты пасыпалі на маю галаву розныя ганебныя інсынуацыі й запытаньні. Я паабяцаў арыштаваць Трайку, як склочніка, і тады раптам усе супакоіліся. Я з гонарам гаварыў сваю заключную прамову, і рэзалюцыя была ўхвалена пераважнай большасьцю.
У другой вёсцы Забягаеўцы нейкі несьвядомы гарлапан замест мае рэзалюцыі сказаў:
— А я даю рэзалюцыю: не таўчы ў ступе вады, а ўзяцца за масты, за школы, за шляхі, за іншыя дзіркі ў нашай гарманізьме! А то ў нас, у Забягаеўцы, школа ў зямлю ўрасла і на прызьбе нават вырасла некалькі падасінавікаў!
Гэта выступленьне я кваліфікаваў, як правакацыю, дэмагогію, разьлічаную на танны эфэкт.
У трэцяй вёсцы, Радулі, вылезла адна манада, чырвона-рудая як агонь і, хітра ўсьміхаючыся, прыплюшчыўшы свае бегаючыя вочы, сказала:
— Мне ўжо больш за 50 год. І я доўга ўсё думаў і надумаў, што ёсьць самая дрэнная рэч. А цяпер ведаю, як паслухаў таварыша. Самая дрэнная рэч, калі розуму мала, ды калі жыта засееш, а яно не зародзіць. Маё ўсё!
А наогул, мяне вельмі добра прыймалі і слухалі, што-б я ні сказаў. Часта віталі мой прыезд, як сваячасовы. Тыя хворыя зьявы, аб якіх гаварыў я, бязумоўна, ёсьць хваробы росту і ў вагульны малюнак не павінны ўваходзіць.
Для ажыўленьня культпрацы на вёсцы із мной выяжджаў загадчык нардому, пясьняр Гарачы. Сялянам на сходах ён чытаў сваю паэму «За тваім гарбатым носам нічога ня бачу». Ён сапраўды стаўся тварам да вёскі. Вечарамі кандыбоберам хадзіў зь дзяўчатамі па вуліцы, на ўсе грудзі цягнуў вясковыя прыпеўкі і, каб высока ўзьняць сьцяг паэзіі, сам новыя прыпеўкі прыдумаў. Яны вельмі спадабаліся на вёсцы. Некаторыя і мне ўлезьлі ў галаву:
Галіфэ маё худое
Разарву я да кален.
Думаў з восені жаніцца —
Маўчыць дзевачка, як пень.
Каля нашага ваконца
Прашкандыбала цяля,
Я за хвосьцік ухапіла —
Думала маё міля!
Гарачы дзяўчат навучыў сьпяваць рамансы, чаго яны раней ня ўмелі. Асабліва спадабаўся раманс:
Труну зялезную пастаўлю,
Абальлю яе сьлязамі,
Абсаджу яе квятамі.
О! дзяўчаты на вёсцы добрыя, крамяныя! У ваднэй вёсцы нават я захапіўся складаньнем прыпевак. Я пазнаёміўся зь дзяўчынай Хадоркай Белабокай і на ўспамін аб дзьвёх ночках, якія прагуляў зь ёю, склаў прыпевачку:
Баліць сэрца і пячонка —
Мэтазгодная дзяўчонка,
Баліць тулава, нага —
Не забуду цябе я!
А калі зьвярнуліся мы з Гарачым у Шапялёўку, мне сказалі, што за гэты час Лін некалькі разоў прыходзіў да Крэйны і наладжваў пасяджэньні зь ёю, зрабіў зь ёю 5 экскурсіяў на Лютнянскае поле і лес, зь невядомымі мэтамі (нібы на кірмаш?!) правёў экспэдыцыю на канёх у в. Пільну. Мала гэтага, вечарам у сваім пакоі ў РВК зачыніўся зь ёю і правёў вечар самадзейнасьці, пры чым на брудэршафцік была высмактана адна бутэлька чырвонага і зьедзена два кілё лахардзікаў.
Гэтыя сумныя весткі, як варам, абварылі мяне. Вечарам маё пякельнае пачуцьцё зайздрасьці павялічылася ў пяць разоў, бо ў пакоі Крэйны пачуўся непераносны для мяне голас Ліна, самаўпэўнены, здаволены. Адчуваў сябе гэгэмонам.
Мне цяжка было стрымаць свой шалёны тэмпэрамэнт. Хацелася ўварвацца ў іх мяшчанскае адзіноцтва агнёвым клубком і ўсё перавярнуць дагары нагамі. Я нагою моцна пагрукаў у іх сьцену і даў сыгнал маўчаць і ня перашкаджаць мне займацца дзяржаўнымі справамі.
Лін на гэту прапанову справіў іго-го, а Крэйна пырснула. Праз хвіліну яны вышлі на вуліцу, а я, каб пазбыць дрэнны настрой, пачаў галіць вусы, бараду і нават усю галаву. Гэтая працэдура з прычыны майго тэмпарамэнту не прашла бязбольна: я параніў сябе і вельмі моцна за вухамі, на самай макушцы і, як касой, зрэзаў барадаўку, якая мела рэзыдэнцыю на патыліцы.
Читать дальше