Скрозь цьмянае аконнае шкло яна выглянула ў двор; там разносчык пакаваў у каляску апельсіны; ён вынімаў іх са скрыні і клаў вялікія направа, маленькія — налева, пасля разлажыў маленькія на дне каляскі, на іх паклаў тыя, што большыя, а самымі вялікімі закончыў пірамідку. Маленькі тоўсты хлапчук склаў скрынкі каля сметніцы. Там у цені пад сцяной дагнівала гара лімонаў — жаўцізна, пазначаная зеленню, а на зелені белыя плямы ў сіняватым цені, ад якога чырвоныя шчокі хлопчыка здаваліся фіялетавымі. Боль у роце суняўся, ёй захацелася выкурыць цыгарэту, выпіць кубачак кавы, і яна выцягнула кашалёк. Зношаны шэры замш заільсніўся да чарнаты; гэта быў яшчэ падарунак мужа, чые косці ўжо даўно стлелі дзесьці паміж Запарожжам і Днепрапятроўскам. Трынаццаць гадоў назад падарыў ён ёй гэты парыжскі кашалёк, — падарыў усмешлівы фельдфебель з каляровага фотаздымка, усмешлівы слесар, усмешлівы жаніх, — нямнога засталося ад яго — патрапаны кашалёк, памяць пра яго першае прычасце, і пажоўклая патрапаная брашурка «Што павінен ведаць аўтаслесар пры здачы экзамена на падмайстра». Яшчэ ён пакінуў сына, удаву і колісь шэры, а цяпер да чарнаты зашмальцаваны замшавы кашалёк — падарунак з Парыжа, з якім яна ніколі не разлучалася.
Дзіўнае пісьмо прыйшло тады ад ротнага камандзіра: «…быў накіраваны са сваім танкам на падтрымку важнай разведвальнай аперацыі і не вярнуўся з задання. Аднак нам абсалютна дакладна вядома, што ваш муж, які быў адным з самых вопытных і надзейных салдат у роце, не трапіў у палон да рускіх. Ваш муж паў смерцю храбрых». Hi гадзінніка, ні салдацкай кніжкі, ні заручальнага пярсцёнка — і не ў палоне. Што ж тады з ім? Згарэў і абвугліўся ў сваім танку?
Лісты, якія яна дасылала камандзіру роты, вярнуліся праз паўгода назад з надпісам: «Загінуў за вялікую Германію». Іншы афіцэр напісаў ёй: «Мне вельмі шкада, але я вымушаны паведаміць вам, што ў нашай часці не засталося ніводнага чалавека, які мог бы расказаць вам пра гібель вашага мужа», Абвугленая мумія паміж Запарожжам і Днепрапятроўскам.
Унізе ў двары тоўсты хлапчук напісаў мелам: «Шэсць адборных апельсінаў усяго за адну марку». Бацька, чырванашчокі, як і сын, сцёр шасцёрку і напісаў пяць.
Яна пералічыла грошы ў кашальку: дзве паперкі па дваццаць марак — недатыкальныя, гэтыя грошы хлопчыку на гаспадарку на дзесяць дзён; заставалася яшчэ марка і восемдзесят пфенігаў дробнымі. Лепш за ўсё было б пайсці ў кіно: там цёмна, цёпла, не адчуваеш, як растае час, звычайна такі бязлітасны. Бывае, што гадзіны цягнуцца марудна, быццам жорны млына, марудна і ўпарта перамолваюць яны час. Пад вечар ломіць усё цела, галава быццам налітая свінцом і прыступ жадання, цяжкі для яе самой. Боязь з-за паху з рота і з-за сапсаваных зубоў; валасы страчваюць бляск, і няўмольна псуецца колер твару. А ў кіно добра і вусцішна — так яна яшчэ дзіцем пачувала сябе ў царкве: цудоўная гармонія спеваў і слоў, укленчвання і ўставання, шчаслівая пасля смуроднай жорсткасці бацькоўскага дому, дзе ненажэра бацька здзекаваўся са святошы маці; маці старалася схаваць пад панчохамі набрынялыя вены, калі ёй было ўсяго трыццаць адзін год, столькі, колькі зараз ёй. Усё, што не мела дачынення да дому, было шчасцем: шчаслівая манатоннасць на макароннай фабрыцы Бамбергера, дзе яна ўзважвала макароны і раскладвала іх у пакункі, узважвала і раскладвала, узважвала, узважвала, пакавала. Адурваючая аднастайнасць і чысціня; цёмна-сінія кардонкі, сінія, як мора на геаграфічным атласе; жоўтыя макароны і вогненна-чырвоныя этыкеткі з «бамбергераўскай серыяй карцін» — стракатыя паштоўкі, на якіх адлюстраваны сцэны са «старых нямецкіх паданняў»: Зігфрыд з валасамі, як свежае масла, шчокамі, як персікавае марожанае, і Крымхілда, у якой колер твару нагадвае ружовую зубную пасту, валасы, як маргарын, і вішнёва-пунсовы рот. Жоўтыя макароны, цёмна-сінія кардонкі, вогненна-чырвоныя этыкеткі з «бамбергераўскай серыяй карцін». Паўсюль чысціня, вясёлы смех у сталоўцы на фабрыцы Бамбергера, а ўвечары ружовыя лямпачкі ў кафэ.
Або танцы з Генрыхам, які кожныя два тыдні атрымлівае звальніцельную ў нядзелю, усмешлівы яфрэйтар танкавых войскаў, неўзабаве заканчваўся тэрмін ягонай службы.
Адной маркі і васьмідзесяці пфенігаў хопіць на кіно, але ўжо позна. Ранішні, на адзінаццаць гадзін, сеанс даўно пачаўся, а ў гадзіну яна павінна быць у пякарні. Хлопчык унізе, у двары, расчыніў зялёныя вароты, і бацька пакаціў каляску. Праз адчыненыя вароты бачна вуліца: аўтамабільныя шыны і ногі веласіпедыстаў. Яна паволі сышла ўніз па лесвіцы, спрабуючы ўцяміць, на якія выдаткі рашыцца кандытар дзеля задавальнення сваёй меланхалічнай страсці: ён хударлявы, але твар у яго вялікі, азызлы і самотныя вочы. Сам-насам з ёй ён, запінаючыся, усхваляе радасці кахання, глухім голасам спявае ён песні пра прыгажосць плоцкага кахання. Ён ненавідзіць сваю жонку, жонка ненавідзіць яго, ненавідзіць усіх мужчын, а ён, кандытар, любіць жанчын, услаўляе іх цела, іх сэрца, іх вусны, часам яго меланхолія даходзіць да шаленства, а яна слухае ўсё гэта і разважвае маргарын, распускае шакалад, узбівае крэм з прыгатаванай ім сумесі і выкладвае лыжачкай памадку і праліны. Яна выводзіла на тартах шакаладныя ўзоры, якія ён лічыў чароўнымі, і прылеплівала шакаладным свінкам шакаладныя лычыкі, а ён, запінаючыся, не пераставаў расхвальваць яе твар, яе рукі, яе пяшчотнае цела.
Читать дальше