— Баюся Люцэфугі, - адказаў сын.
Тады пан Зямельскі загадаў ім усім ісці па сваіх пакоях, памаліцца і класціся спаць.
Малыя дзеці разам з маці і паннай Анэляй, пажадаўшы добрае ночы бацьку і гасцям, выйшлі.
— А мы яшчэ пасядзім, — сказаў гаспадар, — Ротмістар ведае шмат цікавага пра Драўлянага Дзядка, няхай расказвае нам яшчэ што-небудзь.
— Вы чулі, як Драўляны Дзядок прарочыў студэнту Люцэфугу, — прамовіў Ротмістар, — а цяпер раскажу, што прадказаў ён гордаму Філосафу.
Дык вось, быў у тыя часы ў Полацку шкаляр, якога калегі і знаёмыя звалі толькі Філосафам, — з тае прычыны, што найбольшую прыхільнасць ён меў да гэтага прадмета. Мала яму было аўтараў, дазволеных у школах. Ён імкнуўся розным чынам набыць або прачытаць забароненыя ды антырэлігійныя кніжкі французскіх філосафаў. Чытаў ён звычайна ўначы, калі ўсе спалі, а ўдзень і ўвечары апавядаў прачытанае сваім калегам і пачынаў з імі дыспуты, у якіх з вялікім трыумфам перамагаў.
Даведаўшыся пра гэта, прафесура і ксёндз-прэфект колькі разоў неспадзявана прыходзілі да яго ў пакой, рабілі заўвагі, забіралі кніжкі, на яго вачах кідалі іх у агонь, а самому прызначалі кару. Але праз гэта ён адно зрабіўся асцярожны, добра хаваў забароненыя кніжкі і пасля прачытання нікому нічога не расказваў.
Калі ён закончыў курс навук, меўся вярнуцца дахаты і здзівіць свет сваёй адукаванасцю; развітаўшыся з настаўнікамі, ён з прыяцелямі пайшоў да Драўлянага Дзядка.
— Скажы, галава мудрага Сакрата, — пытаецца, — ці шмат філасофскіх твораў я ўжо прачытаў?
— Шмат, шмат, — адказаў Дзядок, — а яшчэ больш прачытаеш, але ў канцы жыцця будзеш найдурнейшы і памрэш дурнем.
Усе, хто там быў, засмяяліся. Шкаляр жа раззлавана плюнуў.
— Лухту вярзе пустая драўляная галава, — сказаў ён і пайшоў.
Пасяліўшыся ў вёсцы, ён не шкадаваў грошай на сваю бібліятэку. Купляў філасофскія творы на розных мовах без разбору. Моладзі, якая часта збіралася ў яго, каб паслухаць пра высокія матэрыі, ён апавядаў пра цуды, тлумачыў таямніцы прыроды, якіх сам не разумеў, і быў вядомы там як вучоны чалавек, сапраўдны філосаф.
Ён знайшоў сабе яшчэ асістэнта, нейкага чужаземца (таксама філосафа), добра яму плаціў і стварыў усялякія выгоды. А той, хвалячы яго, называў геніем у філасофіі і, карыстаючыся з яго лёгкавернасці, дадаваў да свае дурное філасофіі яшчэ і блюзнерствы.
Хутка малады філосаф заганарыўся, лічыў сябе за выдатную асобу, пазіраў на ўсіх людзей, як глядзяць з горнае вяршыні на мурашак.
Аднойчы ў нядзелю, пасміхаючыся, Філосаф запытаўся ў свайго таварыша:
— А ці паедзем мы сёння ў касцёл?
— Што там рабіць у касцёле, хіба, можа, табе трэба з кімсьці пабачыцца?
— Я хацеў бы сустрэць сяго-таго з суседзяў і запрасіць іх да сябе.
— То добра. На гэта шмат часу не трэба.
Прыехалі на імшу. Святыня поўная вернікаў. Філосаф выскачыў з карэты, заходзіць у касцёл, і калі стаў пасярод натоўпу — дзіва нечуванае! — дзе ягоныя шырокія плечы і высачэзны рост? Вокамгненна стаў ён такі маленькі, як драўляная дзіцячая лялька. Хто стаяў блізка — пазналі яго і пазіралі адны са страхам, другія — з насмешкаю. І ўсе прэч адступаліся ад яго. Ён жа, сам перапалоханы, не памятаючы, што з ім дзеецца, хуценька ўцёк са святыні Божае, прыбег да карэты, дзе знайшоў свайго таварыша, расказаў пра гэты дзіўны выпадак. Сябар смяяўся да слёз і даводзіў, што ўсё гэта ад таго, што нервы разгуляліся, ці ад нейкае іншае хваробы. Аднак пасля гэтага выпадку Філосаф больш у святыню не заходзіў і вярнуўся дахаты ўстурбаваны.
Па ўсім Полацкім павеце простыя людзі, апавядаючы пра гэта адзін аднаму, казалі, што Філосаф цяжка правініўся перад Панам Богам.
Праз некалькі дзён запрошаныя суседзі сабраліся ў Філосафа. Сярод гэтых гасцей была моладзь, якая вельмі ўпадабала гаспадаровы разважанні; кожнае слова, узятае ў старажытных аўтараў, у яе разуменні было найвышэйшай мудрасцю. Госці дзівіліся з яго грунтоўных ведаў; пра што толькі Філосаф ні расказваў, мудрыя яго заўвагі захаплялі ўсіх. І гаспадар быў трыумфатарам, бо мог і растлумачыць любую таямніцу.
Быў пагодны дзень, неба яснае, усе госці выйшлі ў поле на шпацыр, і гаспадар з імі. Паветра чыстае, вока цешылася маляніўчым наваколлем, на пагорках пасвіліся шматлікія чароды, на спакойным возеры плавалі качкі і белыя гусі, у гаях адзываліся птушыныя спевы, на лугах і жоўтых ад квецені ліпах гулі, снуючы сюды-туды, працавітыя пчолы; ясны дзень і пекныя краявіды захаплялі ўсіх. Філосаф разважаў пра размаітыя з'явы жыцця. Урэшце — пра чалавека, што ён ёсць частка самога Бога, што душа яго, заглыбіўшыся ў даследаванні, разумее ўсе цуды, бачыць усе таямніцы. Добрыя ўчынкі ён называў анёламі, а грэх — нячыстым духам ці шатанам.
Читать дальше