Галасы дзяцей, што ўжо прачнуліся, даляталі з другога пакоя; абазвалася гітара, пачуўся цудоўны мілагучны спеў. Гэта быў голас Анэлі. Яна кожнае раніцы, як анёл, што вітае новы дзень, усхваляла Божую ўсемагутнасць і спявала пад гітару:
Калі ўзыходзіць дзянніца,
Усе да Цябе павяртаюць лікі,
Спявае кожная істота:
Слаўся, Божа вялікі! [9] Першая страфа «Ранішняе песні» Ф. Карпінскага.
Думка мая разам з гэтай суладнасцю адляцела да неба, і ў тую раніцу я маліўся са слязьмі на вачах.
Неўзабаве ўся сям'я сабралася разам. Паснедаўшы, мы ўсе выйшлі ў поле; пан Зямельскі завёў нас у густы гай, дзе ля кожнага дрэва было відаць дбайнага гаспадара, і гэты лес быў падобны да пекнага саду. Пан распавядаў нам, што некалі тут была пустэча, але ягонаю рупнасцю праз колькі гадоў зашумеў тут гэты гай. І там і тут між зараснікаў асушаныя лугавіны з сакаўной высокаю травою і размаітымі духмянымі кветкамі. Старэйшы сын пана Зямельскага, прыпамінаючы ўчарашняе апавяданне пра кабету Інсекту, паказваў пану Ротмістару злоўленую жамярыцу, пытаючыся, ці такая была кабета Інсекта. Іншыя дзеці збіралі лепшыя кветкі і аддавалі іх Анэлі, а тая аздабляла дзіцячыя галоўкі вянкамі.
Няспешна шпацыруючы і адпачываючы часам ў засені густое бярэзіны, мы бавілі час у прыемных размовах. Пасля полудня таксама аглядалі гаспадрку, аж пакуль сонца не схілілася да захаду, не ўпала раса на травы і парабкі з косамі і граблямі не вярнуліся з сенажаці.
Увечары, калі ўся сям'я зноў сабралася разам, гаспадар запытаўся ў пана Ротмістара, ці не памятае ён якую-небудзь старую аповесць, ці, можа, чуў яшчэ што з апавяданняў пра Драўлянага Дзядка.
— Калі быў яшчэ студэнтам у Полацку, — сказаў пан Ротмістар, — я любіў слухаць апавяданні. Гаспадар мае кватэры доўга служыў пры кляштары езуітаў. Ён часта расказваў незвычайныя гісторыі, якія сам чуў ад іншых. Гэта былі прароцтвы Драўлянага Дзядка асобным шкалярам. Некалькі тых апавяданняў я і цяпер яшчэ памятаю.
Некалі ў Полацку быў надзвычай лянівы да вучобы шкаляр. Ён часта ўцякаў з калегіі, цягаўся па розных краях, няраз, зазнаўшы голад і холад, пасля доўгае вандроўкі мусіў вяртацца ў бацькоўскі дом. Хоць і ведаў, што за такія ўчынкі будзе пакараны і зноў трапіць пад нагляд настаўнікаў, але ўцякаў пры кожным зручным выпадку.
Бацька гэтага вучня быў чалавек небагаты і хацеў хоць не маёнткамі, дык, прынамсі, навукамі ўзбагаціць сваё дзіця. Колькі разоў адвозіў яго з дому ў горад, і калі словы-напаміны не дапамагалі, плаціў таму, хто згаджаўся быць сыну за неадступнага вартаўніка, не пакідаючы яго ні ў працы, ні ў адпачынку. Пад такім наглядам Люцэфуга мусіў студыяваць навукі, хоць усё адно ленаваўся. Прырода ўзнагародзіла яго здольнасцямі, і ён мог бы быць найлепшым вучнем, але быў першы толькі па свавольствах і непаслушэнстве.
У апошнія дні ліпеня ў полацкіх школах пачыналіся вакацыі. Шкаляры пасля іспытаў, перш чым раз'ехацца па дамах, гуртам прыходзілі пагутарыць з Драўляным Дзядком. Кожны пытаўся ў яго пра сваё. Адны хацелі ведаць, што думаюць настаўнікі пра іх стараннасць і паводзіны, другія — ці перавядуць іх пасля вакацый у вышэйшы клас, ці ўзнагародзяць кніжкаю ці абразкамі за стараннасць і поспехі ў навуках.
У гурце гэтых вучняў быў і той нядбайны шкаляр.
— Скажы, Дзядок, — пытаецца ён, — як мае стараннасць і паводзіны ацанілі настаўнікі і ці перавядуць мяне ў наступны клас?
Дзядок адазваўся журботным голасам, падобным да грымотаў з далёкае хмары:
— О! Люцэфуга! Люцэфуга! Ты як абрыдлы прусак, што хаваецца ад дзённага святла пад падлогаю або ў цёмнай шчыліне; засмучаючы бацькоў і настаўнікаў, ты і не думаеш выпраўляцца. Святло навук і цнатлівасць — гэта праваднікі на шляхах жыцця, без гэтага ліхтара ты будзеш блукаць сярод цемры і ніколі не даплывеш да Порта Спакою душы і шчасця.
Усе студэнты, што стаялі вакол, са смехам гучна паўтаралі: «Люцэфуга! Люцэфуга!» — і з гэтага часу ён не меў сярод таварышаў іншае мянушкі, апрача тае, якую атрымаў ад Драўлянага Дзядка.
Угневаны, ён пакінуў сваіх сяброў і, бегучы цёмным кляштарным калідорам, мармытаў сам сабе:
— Пустая драўляная галава плявузгае лухту, дае недарэчныя мянушкі, каб толькі пасмяяцца. О! Калі б я меў камень у кішэні, то яго лысая галава зазнала б гора!
Як і раней, бавіўся ён з прыяцелямі, а калі яму нагадвалі прароцтва Дзядка і называлі Люцэфугаю, казаў:
Читать дальше