Пасля гэтае песенькі шмат яшчэ пан Зямельскі расказваў пра сваю гаспадарку, аб продажы сена, жыта, аўса і іншых дарункаў зямлі. Гаспадыня хваліла пароду жывёлы, а менавіта авечак, якія мелі доўгую і мяккую воўну. Апавядала аб прыбытках ад продажу малака і свойскіх птушак. Панна Анэля дастала з куфра белы і тонкі, як паркаль, кужаль; гаварыла, што бацька, на яе шчасце, штогод засявае адну ніву льном, з якога пад яе наглядам ткуць палатно, і яна штогод прадае частку яго ў горадзе і за гэтыя грошы купляе сабе на ўборы ў краме паркаль і ядваб.
Некалькі дзён бавіў я ў прыемных размовах у доме пана Зямельскага, увесь час адчуваючы ветлівасць і шчырасць сэрцаў усёй ягонае сям'і. Я быў невыказна шчаслівы. Час той прамінуў як найпрыемнейшы сон.
Узышло сонца, пагодны ранак, час у падарожжа. Пасля снедання я развітаўся з усімі са слязьмі на вачах, а памяць пра іх назаўсёды засталася ў маёй душы. [13] Напрыканцы аповесці пазначана: «Працяг у наступным нумары».
Klauber svulpsіt — Клаўбер напісаў па замове (ці Клаўбер пісаў па жаданню) ад лац. абрэвіятуры s(і) vul(tіs) (scrі)psіt (ці s(і) vul(t) (scrі)psіt).
Лаёла Ігнат (1491–1556) — дробны іспанскі шляхціц, што заснаваў ордэн езуітаў. Выбраны ў 1541 г. пажыццёва генералам ордэна, які быў апірышчам Контррэфармацыі.
Баболя Андрэй (1591–1657) — манах ордэна езуітаў. Вызначыўся сваёй рэлігійнаю дзейнасцю ў Бабруйску і Пінску. Падчас вайны ў 1657 г. быў замардаваны казакамі.
Ксаверый Францішак (пам. у 1552) — пакутнік і святы каталіцкае царквы, адзін з першых місіянераў езуіцкага ордэна ў Азіі.
У другой частцы аповесці замест крыптаніма З… пададзена поўнае прозвішча гаспадара — пан Зямельскі.
У 1820 г. царскія ўлады забаранілі дзейнасць езуітаў у Расеі.
Фактар — пасрэднік, ад лац. factor — той, хто выконвае.
Гэтая частка аповесці закончана ў 1843 г. Змяшчаючы яе ў альманаху «Nіezabudka» (т.5 на 1844 г.), Я. Баршчэўскі абяцаў працяг у наступным томе.
Першая страфа «Ранішняе песні» Ф. Карпінскага.
Феакрыт (канец ІV ст. — І-я пал. ІІІ ст. да н. э.) — старажытнагрэцкі паэт, заснавальнік жанру ідыліі. Асобныя яго творы перакладаў С. Шымановіч.
Геснер Саламон (1730–1788) — швейцарскі паэт і мастак. Пісаў на нямецкай мове. Аўтар зборнікаў «Ідыліі» ў прозе (1756) і «Вершы» (1762).
Шымановіч Сымон (1558–1629) — польскі паэт-гуманіст. У гісторыю польскае літаратуры ўвайшоў як стваральнік цыкла «Ідыліі» (1614).
Напрыканцы аповесці пазначана: «Працяг у наступным нумары».