У час гэтых разважанняў галава яго вокамгненна схавалася пад капелюшом, зацьмілася ў вачах, і зніклі ўсе малюнкі прыроды. Філосаф зрывае капялюш, і госці бачаць перад сабою жудаснае відовішча: не было ў яго галавы, толькі над шырокімі плячамі вісеў на тонкай шыі нейкі шарык накшталт макавае галоўкі. Задуманыя, стаяць усе, бледнасць на тварах, неспадзяванае дзіва перапалохала гасцей, усім мову пазаймала.
Доўга ўся гэтая сябрына маўчала. Філосаф, круцячыся на адным месцы, нейкім пісклявым голасам мармытаў няўцямныя словы. Ледзь вырываліся з грудзей яго ўздыхі, а калі падняў рукі ў неба, імгненна ўбачылі над яго плячыма звычайную чалавечую галаву.
Госці паглядалі адзін на аднаго, не разумеючы, што гэта значыць, а яго сябар-асістэнт смяяўся да слёз, даводзячы, што тое дзіва здарылася ад сонечнае спёкі, і раіў усім вярнуцца дахаты, бо шпацыр у спякоту не спрыяе здароўю.
Усе паверылі, што бачылі звычайную рэч, і пераканалі гаспадара, што ўсё гэта ад прыліву крыві. А хутка і забыліся пра ўсё. Філосаф жа па-ранейшаму трымаўся сваіх поглядаў і нязменна трыумфаваў.
Ён не пакінуў займацца ашуканствам, а пасля асмеліўся нават надрукаваць свае разважанні, што супярэчылі рэлігіі і здароваму розуму, у часопісе. Яго старыя суседзі, якім гэта чытаў, папярэджвалі:
— Пакінь свае памылкі; вер так, як верылі твае бацькі. Яны жылі шчасліва і спакойна; іх простая вера заслужыла ўзнагароду. Якая ж праўда вышэйшая за праўду веры? Бог яе сам аб'явіў у Евангеллі, і гэтая мудрасць, як сонца нябеснае, асвятляе цэлы свет і кажа пра таямніцы. Чалавечы розум няхай супакоіцца, бо гэта за мяжою яго разумення. Памылковыя думкі вядуць народ да бяды, а веру — да ганенняў.
Аднак усе парады і напаміны былі марныя.
На змярканні Філосаф, вяртаючыся са шпацыру, мінаў пагорак, дзе ў засені некалькіх бяроз стаяла старая драўляная каплічка, узвышаліся камяні і пахіленыя крыжы на могілках. Там ён убачыў некалькі сялян, што, укленчыўшы, маліліся за душы памерлых. Філосаф здзівіўся іх прастаце. «Бедныя людзі, - падумаў сам сабе, — вераць, што жыхары таго свету чуюць іх ці патрабуюць ад іх малітвы».
Ледзь падумаў так, як агарнула яго нейкая трывога, а калі заспяшаўся дахаты, убачыў нечакана, што побач з ім ідзе велізарны шкілет. Гэта так яго напалохала, што, вярнуўшыся дадому, ён доўга быў як непрытомны. Дарэмна стараўся пераканаць яго прыяцель, што гэта адбылося з якойсьці самай звычайнай прычыны. Здаралася колькі разоў, што ўвечары той шкілет заходзіў у ягоны пакой і станавіўся ля стала. Тады Філосаф пранізлівым крыкам склікаў да сябе ўсіх, хто быў у доме. Калі заплюшчваў вочы, каб заснуць, здавалася яму, што страшны крывасмок, абапіраючыся спарахнелай рукою, навісаў над яго тварам і жахліва заглядваў яму ў вочы; пранізліва крыкнуўшы: «Труп, труп!» — Філосаф усхопліваўся з ложка. Доўгі час бачачы такія відовішчы, ён зусім перамяніўся: пабляднеў з твару, саслабеў і заўсёды меў неспакойныя думкі. Да таго ж асістэнт, засмучаны гэтымі пераменамі, пакінуў яго і выехаў у нейкія далёкія краіны.
Раней Філосаф быў моцны духам, ні ў што не верыў; цяпер прымхі мучылі яго душу і даводзілі да роспачы. Калі часам пачуе сярод начное цішы стогны ўдода або журботныя савіныя крыкі, рабіўся надзвычай устрывожаны, чакаў якого-небудзь няшчасця ў доме. Заскуголіць сабака на панадворку — ён бяжыць паглядзець, у які бок павернута сачая морда, бо, на яго думку, там жахлівы пажар знішчыць вёску або выпаліць лес. А яшчэ больш раздражняліся яго аслабленыя нервы, калі бачыў, што, скуголячы, сабака не падымае галаву, а нібыта чуе нешта пад зямлёю. Роспач агортвала яго, бо гэта вешчавала смерць камусьці ў яго доме. І ён, не могучы пазбавіцца ад гэтага страшнага прароцтва, тут жа загадваў запрагаць коней і ўцякаць у горад або куды-небудзь да знаёмых ці суседзяў. Са страхам апавядаў ім, што здарылася ў яго доме, і тыя марна стараліся пераканаць яго, што трывога ягоная дарэмная.
Дзіўны ўплыў на Філосафа меў месяц. Ён наганяў неспакой, і Філосаф не мог сядзець у тым пакоі, куды лілося з неба бледнае месяцавае святло.
У летнюю спёку ён самотны сядзеў ля вакна, паглядаючы ў поле; вецер, не раўнуючы, як на возеры, падняў на амаль ужо спелым жыце хвалі; цешыў яго добры ўраджай, і меў ён надзею ў гэтым годзе на вялікія даходы з маёнтка. Нечакана пачуў ён у пакоі стрэл, нібыта з пісталета, які скалануў усе ягоныя нервы. Філосаф адскочыў ад вакна і ўбачыў на сцяне пераламаную папалам асаду з партрэтам дзеда-нябожчыка. Гэты выпадак настолькі яго перапалохаў, што праз некалькі дзён ён памёр.
Читать дальше