— А ўжо колькі гадоў прайшло, — перапыніў я маўчанне, — як развіталіся мы з маладымі нашымі прыяцелямі і настаўнікамі. Шчаслівыя былі часіны! Ці ўспамінаеш цяпер тыя даўнія забавы, размовы, майскія праходкі, прыемныя мары і жарты, у якіх ты заўсёды вёў рэй?
— Мае мары і жарты зніклі назаўсёды. Цяпер у мяне іншыя погляды: тады чалавек мог бы зрабіцца шчаслівы, калі б ператварыўся ў камень, калі б засыпаў яго пясок і нічога не чуў і не бачыў, што дзеецца на свеце.
— Як ты перамяніўся! — здзівіўся я. — Няўжо табе абрыдла ўсё пад сонцам?
— Усё. Расказаў бы шмат, але баюся, бачыш: усюды вакол нас лётаюць мухі. Бачыш, гэтыя прыкрыя стварэнні залятаюць і вылятаюць у адчыненае вакно. Яны ўсё разнясуць па свеце, што ў нас чыніцца, як жывём, пра што гаворым, дзе і як молімся. А бачыш слёзы на маіх вачах? Іх ты раней ніколі не бачыў, вось якая перамена са мною. Але паслухай, што раскажу табе. Ты не зважаў, якія гэтыя мухі страшныя? Я сяджу тут самотны, у гэтым ціхім маім пакоі, а яны снуюцца вакол, са страхам паглядаю на іх, бо бачу, як яны перамяняюцца ў дзіўных монстраў, гэтыя іх страшныя крылы здаюцца фракамі на нязграбных людзях, а твары іх рознай формы: адны круглыя, шырокія, з крывавымі плямамі, другія — сухія, з востраю бародкаю і доўгімі валасамі. І ўсе гэтыя страшыдлы глядзяць на мяне: адны здзекліва, другія пагрозліва.
— Вялікая розніца, — сказаў я, — у тваіх мроях. Раней цябе захапляла паэзія грэкаў і шчырае каханне патрыярхальных часоў, цяпер жа ў цябе фантазія нейкая журботная.
— Але слухай, яшчэ табе штосьці скажу, — прамовіў ён, — пра гэтых нягодных мух. Я любіў чытаць паэтаў, любіў некалі і пісаць. Прыйшло мне ў галаву сказаць у вершах пра свае пачуцці, якія былі ў мяне да свае сям'і і да Адэлі, якую шчыра кахаў. Я паслаў ёй свае песенькі, з якіх магла б зразумець маю сапраўдную прыхільнасць. Яна прачытала, паклала на стале, але і там мухі, якія, не маючы што рабіць, лёталі ўсюды, здзекаваліся з маіх пачуццяў, звінелі датуль над вухам Адэлі, пакуль яна зусім не забыла пра мяне і мае вершы. Ды яны і цяпер не даюць мне спакою, і цяпер, калі што-небудзь напішу, усё абсмяюць і запэцкаюць, гэтыя прыкрыя мухі.
— Гэтыя мухі, на якіх ты так скардзішся, былі і будуць…
Тут ён перапыніў мяне, схапіў за руку:
— Ці бычыў ты калі саранчу?
— Саранчы ў нашым краі няма, — адказваю. — Яна на ўсходзе. Нападае там на лугі і засеяныя палеткі.
— Не бачыў ты, — кажа, — гэтую вялікую тоўстую жамяру. А на ёй — іерогліфы. Хто ўмее, той выразна прачытае такія словы: «Кара Божая». А ці ж кара Божая толькі там, недзе далёка на ўсходзе, а не ў нас? Пайшлі ў поле, я табе пакажу саранчу.
Ён вывеў мяне на бераг імклівае рэчкі, дзе ўспененыя хвалі шумелі між камянёў: мінуўшы лугі, яна хавалася ў густым хмызняку. Мы сядзелі на высокім беразе ў засені алешыны. Севярын задумліва паглядзеў на ваду. Падзьмуў з поля ветрык, зашумелі дрэвы; ён ачнуўся ад сваіх думак і сказаў мне:
— Я часта наведваю гэтыя мясціны, люблю адзін сядзець тут і прыгадваць мінулае. Успамінаю ўсе размовы, якія меў некалі з Адэляю, хоць яна зусім пра мяне забыла, быццам даўно ўжо мяне пахавалі.
Раптам паказаў рукою на ваду
— Глядзі, глядзі! Вось ляціць саранча! Бачыш яе? Падвойныя шэрыя крылы, яна ўсюды тут у нас лётае і ўсё жарэ ў паветры і на зямлі. Яшчэ што скажу: ніколі яна не гіне, як шатан, з'яўляецца ў розных абліччах. Калі пажоўкнуць трава і лістота на дрэвах, павее халодны восеньскі вецер, яна падае на ваду, скідае з сябе крылы, ператвараецца ў вадзяное страшыдла і там жарэ ўсё, што сустрэне. Прыйдзе вясна — у яе вырастаюць новыя крылы, яна вылятае з вады з разяўленаю пашчаю, як лятучы цмок, і каго напаткае — знішчае. Завалодала гэтая пачвара зямлёю і вадою, яна заўсёды прагне здабычы. Ці не яна заразіла чалавечыя сэрцы, што людзі прыгнятаюць адзін аднаго.
— Нейкая чорная меланхолія, — сказаў я, — зацьміла твае думкі, усё бачыш ты ў пачварных вобразах. Нешчаслівы, з такімі думкамі ніколі не прычакаеш спакою.
— Вось і не здагадаўся! Я маю добрую думку: буду падарожнічаць. Далёка ў чужых краях, дзе пануе вечная вясна, у гарах, ля вадаспаду або ў дзікім лесе буду жыць спакойна, пра Адэлю нават і не ўспомню, бо паміж намі будзе вечнасць. Вечнасць!..
- І родны край забудзеш?
— О, не! — адказаў ён. — Калі не вярнуся на Бацькаўшчыну і памру недзе самотны на вяршыні гары ў чужым краі, крукі занясуць туды мае косці; усё ж лепей быць пасля смерці з птушкамі, а не з чарвякамі.
Я быў там цэлы дзень; блукалі з ім па гарах і лясах, і ён несціхаючы гаварыў пра свае мроі. Затрымаў мяне і на ноч. І ў хаце мы яшчэ доўга размаўлялі. А ўначы ён часта ўсхопліваўся з ложка, уставаў і хадзіў па пакоі, дык і я спаў не шмат, бо кожную гадзіну мой сон перапыняўся.
Читать дальше