Яна нічога не ела з самай раніцы, але не адчувала голаду. Яе адолела стома.
«А раптам Янка вярнуўся? — падумала. — А кватэра на замку, і, можа, ён недзе чакае. Што рабіць?..»
Зусім без сілаў яна пакорна павалаклася па Захар’еўскай вуліцы дадому.
«Што ж мне прыдумаць, Янка? — шаптала як у гарачцы. — Я такая слабая, дурная… Вярніся сёння!.. Ратуй!»
Яна ўзіралася на мінакоў, якія спяшаліся вуліцай. Недзе ў глыбіні душы ў ёй цяплілася надзея, што Ажур вернецца і выратуе яе. Яна ціхенька ўвайшла ў браму і спынілася ў цемры. Прыслухалася. Вуліца замірала. Мінакі ў цывільным знікалі. Адно шоргалі ботамі вайскоўцы, і гучалі чужыя ў гэтым горадзе словы і галасы здзічэлых бальшавіцкіх салдатаў.
Марыся бясшумна адамкнула кватэру і ўвайшла. Дзверы за сабой зачыніла на засаўку і крук. Старанна засланіла вокны і толькі пасля гэтага запаліла святло. Не здымаючы старога палітончыка, села на крэсла і нерухома застыла… Бездапаможная… Бяссільная…
Міналі гадзіны. Набліжалася поўнач. Марыся скінула паліто. Паклала ў шуфляду стала свае грошы і падышла да люстра. Перанесла яго з камоды на стол. Доўга ў яго ўзіралася. З ейных вачэй пацяклі слёзы.
— Яначка… Каханы… Яначка, што рабіць?.. Люстра, скажы мне… Пакажы мне, дзе ён?.. Парай, што рабіць?.. Я ўжо не магу… Замала сілаў… Можа, ты развітаўся ўжо з жыццём, Янка, то і я памру… Я без цябе не магу… Заслабая… Яначка… Люстра… Божа, якія страшныя людзі! Як пачвары!.. За што гэта ўсё?..
Хістаючыся, яна падышла да ложка і прылегла ў адзенні. Баялася раздзецца. Не наважвалася згасіць святло. Страшылася кватэры, горада, свету, людзей… Утуліла галаву ў падушку і доўга плакала…
Гэтак заснула…
«Вайна! Гарматы!»
Села на ложку, вырваная з глыбокага сну, а праз хвілю ўцяміла, што гэта звонку нехта грукае ў дзверы. У яе сэрцы аж ёкнула. Ускочыла з ложка. Прабеглася вачыма па кватэры. Ейны позірк затрымаўся на абразку Божай Маці, які яна атрымала ад маці і які ўсюды вазіла з сабою. Зняла яго са сцяны, пацалавала і спешна схавала ў кішэню. Перахрысцілася і пайшла да дзвярэй, якія вялі з кухні ў калідор. У іх валілі прыкладамі або нагамі ў ботах. Марыся цалкам спакойным голасам гучна запытала:
— Хто там?
— Адчыняй хутка! Варушыся!
Запольская адамкнула дзверы.
— Калі ласка. Што такое?
З цёмных сяней у кватэру забегла пяць чалавек. Адштурхнулі Запольскую ўбок. Нейкі цывільны схапіў яе за рукі. Два чырвонаармейцы і два цывільныя тым часам правяралі кватэру.
На шчасце, яны былі цвярозыя. Агледзеўшы кватэру і краму, яны замкнулі дзверы. Толькі цяпер меліся прыступіць да ператрусу. Адзін з трох цывільных агентаў тузануў Запольскую за перадплечча, амаль выштурхнуўшы яе ў цэнтр пакоя. Яна пабачыла злыя, мутныя, поўныя нянавісці вочы. Глядзела ў іх упэўнена. Агент гаварыў перарывіста, нібы брахаў:
— Напілася чужой крыві… Досыць… Кажы адразу, дзе грошы, золата, бо як не… — не закончыў фразы.
Марыся чула ягоны хрыплы голас, які гучаў са свістам. Адчувала ягонае гнілое дыханне. «І гэта чалавек!?» Цалкам спакойна яна адказала:
— Грошы я вам усе аддам. Золата я не маю зусім. Можаце браць усё, што заўгодна.
Высунула шуфляду і выняла з яе на стол таўставатыя стосікі купюр, якія папярэдне, пакідаючы кватэру, была ўзяўшы з сабою. Агент памацаў банкноты і павярнуў да яе шэры твар.
— Больш няма?
— Не.
— Пабачым… Але як знайду, то пашкадуеш! — паказаў пальцам на Марысю. — Абшукаць яе!
Два агенты ўзяліся за Марысю. Ёй вывернулі ўсе кішэні. З шыі здзерлі срэбраны ланцужок з крыжыкам. Знайшлі абразок Багародзіцы. Агент, якія яго дастаў, запытаўся ў Марысі:
— А што гэта за штуковіна!?
— Матка Боская.
— Так? Дык папрасі яе цяпер, каб табе дапамагла. Гаўнаедніца! Сцерва!
Парваў абразок і кінуў на падлогу.
На Марысіным худым твары вочы, здавалася, запалі яшчэ глыбей. Але вакол сябе яна распаўсюджвала спакой. Слабая і далікатная жанчына ў гэтай агіднай сітуацыі была поўная велічы і годнасці. Адзін з агентаў зачапіў таварышаў:
— Хто хоча з ёй пазабавіцца? — кіўнуў галавою на Запольскую і ложак.
Іншы адказаў:
— Зашмат гонару для такой курвягі!
І тое, чаго Марыся больш за ўсё баялася, абмінула яе. Яна ўздыхнула з палёгкай. У гэты момант нехта скінуў са стала люстра, адзінага Марысінага сябра падчас гнятлівых вечароў… Яно разбілася на дробныя кавалачкі.
Пяцёра мужчын правялі ператрус крамы і кватэры. Іхныя рухі былі хуткія і спраўныя. Сам вобшук трываў доўга. Раніцаю кватэра выглядала як сметніца.
Читать дальше