Казік Марацкі і Філіп Лысы пасунуліся ў памяшканне. Купілі ў касе два квіткі і спачатку скіраваліся ў залу. Там аркестр рэзаў полечку. Пасярод залы круціліся ў танцы пары. Гэта былі пераважна вайскоўцы і дамы самай рознай рэпутацыі. На крэслах і лавах сядзела шмат гледачоў. Падлога была абшарпаная абцасамі. Навокал клубіўся цыгарэтны дым. Некалькі танцораў былі п’яныя як бэлі. У адным з бакавых пакойчыкаў туліўся буфет. Там у паўмісках ляжалі бутэрброды і пірожныя. На стойцы блішчэў таўстабокі самавар. Але госці пераважна замаўлялі малако. Яго налівалі з вялізнага імбрыка. Малако, імаверна, было досыць моцнае, бо, выпіўшы яго, госці сплёўвалі, моршчыліся і закусвалі яго бутэрбродамі. Потым жвавелі і весялелі.
Філіп Лысы купіў чатыры бутэрброды, паклаў іх на талерку і пакрочыў у гардэроб. Там паставіў яе на шырокую дошку, якой закладалі праход, і павярнуўся да гардэробшчыка:
— У цябе ёсць шклянка альбо кубак?
— А што такое?
— Хачу выпіць, халера, а не пераношу цісканіны. Лепей тут з табой кульнуць. Такі холад, што варта нутро разагрэць.
Філіп выцягнуў з кішэні паўлітроўку толькі крыху разбаўленага вадой спірту і пляснуў адзін глыток трунку ў кубак, пададзены яму гардэробшчыкам…
— За цябе, таварыш!
Выпіў. Адной рукой узяў бутэрброд, а другой наліў амаль поўны кубак алкаголю.
— Цягні, братка, на здароўе! — звярнуўся да працаўніка гардэроба.
Той ахвотна высмактаў спірт і таксама закусіў. Праз некалькі хвілін ён ледзь вязаў лыка і плёў нейкую лухту. Тым часам Баран і Гліст ззаду адчынілі дзверы на веранду. Потым дасталі шыбку з акна ў гардэроб і паздымалі ўсе зашчапкі. Гліст, як цень, шмыгануў у гардэроб. Ён быў найлепшым шніферам [25] Шніфер — начны кватэрны злодзей.
у горадзе. Днём няўклюдны, маўклівы, бесталковы, ён перараджаўся на працы. Быў як вужака, які мог праслізнуць у любую дзірку і які нават у поўнай цемры рухаўся бязгучна.
Цяпер Гліст, згінаючыся за вешалкамі, дабраўся да дзвярэй чорнага ходу і адамкнуў іх. Падрыхтоўка да задання была закончаная. Баран і Гліст чакалі знаку для пачатку работы. Сігналам мела быць згашанае ва ўсім будынку святло.
Філіп Лысы, стоячы спераду, заўважыў, што хлопцы адчынілі дзверы ў гардэроб і былі напагатове. На хвілю ён пакінуў свайго сабутэльніка і выйшаў у танцавальную залу. Кіўнуў галавой Казіку і вярнуўся ў гардэроб.
— Ну давай вып’ем разыходнае!
Марацкі патэпаў з залы ў хол. Там адамкнуў шаберам дзверцы малой шафкі, у якой знаходзіліся электрычныя коркі для ўсяго дома. Прытаіўся. Пасля кароткага перапынку аркестр зноў зайграў. Шум у зале мацнеў. Штораз новыя пары пускаліся ў скокі. Толькі тады Марацкі выкруціў два коркі і захлопнуў шафку. Увесь будынак патануў у змроку. На вуліцы завуркатаў рухавік. Філіп Лысы акурат пераказваў свайму таварышу сон рабой кабылы, а той, дашчэнту назюзюкаўшыся, ледзь лыпаў. Аркестр дайграў мелодыю ў апраметнай цемры.
А ў гардэробе Гліст і Баран разгружалі вешалкі. Неўзабаве да іх далучыўся Марацкі, які насіў бярэмы вопраткі да проймы ў паркане. Праз пару хвілін гардэроб быў пусты. У зале, агорнутай цемрай, гучалі праклёны, свіст, нехта тупаў нагамі. Раздаваліся нецярплівыя, раздражнёныя галасы:
— Давай святло!
— Што за халера адбываецца!
Блатныя хутка закінулі сваю здабычу ў аўтамабіль, які падкаціў у завулак і прыпыніўся каля дзіркі ў паркане. А адтуль паехалі наўпрост да скупшчыка, з якім дамовіліся загадзя. Там усё агледзелі і пасартавалі. Яны здабылі шмат кароткай агнявой зброі, некалькі тэчак і сумачак, безліч футраў і паліто, але найбольш вайсковых плашчоў.
Скупшчык праверыў і ацаніў вопратку. Філіп Лысы з гумарам рэкламаваў некаторыя рэчы:
— Паглядзі, які каптан, — ён трос у руках шырокае дамскае паліто. У такім толькі крамы абкрадаць. У самой каралевы Мадагаскара такога няма!
Блатныя падзялілі на месцы грошы, зброю, тэчкі ды іншыя дробязі, якія знайшліся ў кішэнях або ў сумачках. І разышліся па дамах.
Скупшчык заплаціў злодзеям не больш як пятую частку цаны барахла. Ён мусіў перабраць рэчы яшчэ раз. Некаторыя з іх перашываліся, каб іх нельга было распазнаць, і збываліся пасярэднікамі на месцы. Іншая вопратка, якую ён перапрадаваў, не раз падарожнічала вельмі далёка — у іншыя губерні і часткі краіны.
х х х
Ажур зноў адправіўся на паўднёвы ўсход па наступную партыю тавару. З цяжкім сэрцам ён расставаўся з Марысяй, але іншага выйсця не было. Ён мусіў выконваць сваю ролю дастаўцы паперы і пісьмовых прыладаў для гарадскіх установаў Менска. Акрамя таго, нічога не кажучы сваёй каханай, ён пастанавіў знайсці для яе іншае месца. Увесь час ён хваляваўся за ейную бяспеку. Адважны і стрыманы, ён цяпер дрыжэў, думаючы пра Марысю, якая апынулася ўнутры шалёнай і крывавай віхуры.
Читать дальше