Я б ні за што не з’ехала з Менска, пакуль я табе патрэбная, але я не хачу ні ад каго матэрыяльна залежаць. Гэта не давала мне спакою і прыніжала. Я б хацела, каб ты мяне прынамсі паважаў, бо пакахаць ты не здольны. Таму мне трэба быць самастойнай. Я адразу ж вярнуся, як толькі ўсё ўладжу ў Маскве.
Дзядзька Жардонь сказаў мне (урачыста прысягнуў), што табе дапаможа. Інакш я б цябе не пакінула. У Следчым аддзеле мяне запэўнілі, што твая справа нязначная і цябе дакладна выпусцяць. Можа, цяпер, калі я пішу гэты ліст, ты ўжо дома.
Каханы Ясю! Мне нязмерна сумна і цяжка. Жыццё подлае, людзі здрадлівыя. Ты мне падарыў крыху шчасця. Часам мне здаецца, што ты маё дзіця. І я бясконца думаю пра цябе і страшна па табе сумую. Толькі не крыўдуй на мяне. Ты гэтага не зразумееш.
Цалую цябе і абдымаю, а таксама зычу шмат шчасця, нават больш, чым я жадаю, сабе.
Маруся».
Ясь зразумеў з гэтага ліста, што Лобава займаецца ў Маскве нейкімі важнымі справамі, пра якія не хоча пісаць. Яму зрабілася маркотна, ён ужо прывык да сваёй каханкі і пачаў яе шанаваць і цаніць, хоць і не кахаў яе па-сапраўднаму. Іх жа дзяліла ўсё, а яднаў выключна ўзаемны давер. Таму трапяткое пачуццё Лобавай не знайшло водгуку ў хлапечым сэрцы. Ясь унутрана не быў гатовы да шчырага кахання.
Маладзён павымаў з каша свае рэчы і пачаў іх акуратна складаць. Нічога не прапала. Усё было ў добрым стане. Асабліва ён усцешыўся, калі знайшлося паліто. Прыбраўшы кватэру, ён пайшоў да Казіка Марацкага, які жыў на Сляпянскай вуліцы. Ён хаваўся тут пасля ўцёкаў з турмы. Запусціў вусы, змяніў пашпарт і зняў памяшканне ў беднай мяшчанскай сям’і. Ягоны вялікі пакой меў асобны ўваход з сяней, і гэта было вельмі зручна. Ясь учора начаваў у Казіка і пакінуў у яго сабаку. Хлопец расказаў прыяцелю пра лёс Мілага: як яго выратаваў Баран, як яго марыла голадам Паўлінка. Казік меў добрае сэрца, і яго вельмі абурылі здзекі з жывёліны.
— Я б такую лярву сам на ланцуг пасадзіў і есці б не даваў. А яна, пэўна, Богу моліцца і спавядацца ходзіць. Такія яны ўжо гэткія…
Цяпер Мілы меў добрых апекуноў. На жаль, злодзеяў.
х х х
Паўлінка сёння раней зачыніла краму. Дзень не задаўся з самага пачатку. Утаргавала што кот наплакаў. А калі адняць тое, што дала Грышу, і кошт пабітага посуду, то ўласна нічога і не зарабіла, упершыню за шмат месяцаў. Ёй найбольш не давала спакою, што Ясь застаў у яе раніцай камандзіра роты, ды яшчэ ў сітуацыі, якая не выклікала ніякіх сумневаў. Вельмі перажывала, што хлопец раскажа пра гэта Барану. Дзяўчыне не так боязна было згубіць палюбоўніка, колькі не хацелася страціць крыніцу вялікіх прыбыткаў. Яна даведалася цяпер, як цяжка зарабіць на жыццё, а тым больш на столькі дарагіх рэчаў, якія Баран купіў ёй за апошнія паўгода.
Калі яна звярнулася дадому, то ўпэўнілася, што Ясь яшчэ не прыйшоў. «А раптам зусім не прывалачэцца?» — трывожылася яна. Дзяўчына надумалася прасіць, каб ён нікому не расказваў пра тое, што пабачыў. Прыбіралася ў сваёй кватэры і прыслухоўвалася.
Ясь вярнуўся даволі позна, павячэраўшы ў Казіка.
Паўлінка меркавала, што хлопец зойдзе да яе, але ён пасунуўся адразу да сябе. «А можа, яшчэ зазірне?» Алё не прыйшоў і праз гадзіну. Тады Паўлінка сама пастукалася да яго. Ясь ужо быў у ложку. Алё ўстаў і моўчкі адчыніў ёй. Дзяўчына адразу зразумела, што ён злы. Усміхнулася яму вельмі прыязна.
— Можа, табе нешта трэба?
Ясь акінуў яе вачыма.
— Вёдры мне патрэбныя. Недзе прапалі. Няма нават у чым вады прынесці. Няма чайніка, няма посуду, няма веніка, каб падмесці.
— Я ўзяла сабе. Думала, што табе не патрэбныя. Магу зараз аддаць. Няма чаго сердаваць. Вялікія ж там скарбы!
— Вядома, што не скарбы, а рэчы, без якіх цяжка абысціся. З раніцы іх шукаю… Чаму ты мне не аддала? Нават памыцца ці вады нагатаваць не было як. У кватэры холадна. Хацеў напаліць, дык у складзіку ні сякеры, ні пілы нямашака.
— Я ж табе кажу, што зараз усё вярну. І свайго яшчэ дакладу. Лётам усё прынясу.
Раззлаваная, Паўця выйшла ад Яся. Але ейная злосць уміг падзелася невядома куды. «Раскажа ўсё Аліку». Паўка ўраз пазбірала посуд, вёдры, венік. Потым, наклаўшы ў вёдры сваіх дроваў, вярнулася ў Ясеву кватэру і пачала распальваць у печы. Хлопец вырачанымі вачыма глядзеў на яе.
— Такой бяды ўжо з той печкай. Я заўтра сам напалю. Сёння магу спаць і ў выстуджаным пакоі.
— Не, — цвёрдым голасам запярэчыла Паўка. — Калі праз мяне мерзнеш, то я табе і напалю. Зараз яшчэ дроваў прынясу.
Читать дальше