Князь трываў нядоўга. Перспектываў асаблівых у Княстве ў яго не засталося, але засталіся большай часткай смяротныя ворагі. У новай айчыне ягоныя талент і веды (асабліва пра ўмацаванні, войскі ды шляхі Княства ды Кароны) маглі 6 быць вельмі карысныя. Маскве ў той час патрабавалася любая дапамога супраць Княства. Усе ведаюць, як гетман Астрожскі пад Оршаю ў тысяча пяцьсот чатырнаццатым годзе перамог маскоўскае войска. Але ж толькі вар’ят стане давяраць здрайцы. I таму Глінскаму суджана было існаваць на задворках жыцця аж да смерці вялікага князя Васіля.
Глінскі шмат чаго мог і здолеў-такі даць сваёй новай айчыне. Напрыклад, легенду пра тысячагадовае яе існаванне. Ці пляменніцу Алену, якая нарадзіла славутага і вельмі адметнага ў маскоўскай і навакольнай гісторыі цара Івана. Трэба сказаць, забягаючы наперад, што падзяку князь атрымаў адпаведную - памёр у рэшце рэшт у турме.
Кажуць, з вышыні людзей бачым зусім інакш. А таму немагчыма знізу, з бруду і глупства, меркаваць пра жыхароў вяршыняў. Пра іх прызначэнне, мэты і ўчынкі, прагу да ўлады і моцы. Пра здольнасць іх і права весці за сабою людзей. I пакідаць іх.
Князь Міхайла перахрысціўся ў праваслаўную веру. Служылай літве пра тое паведамілі адразу ж. Але Андрэй, які дагэтуль пазіраў на князя, як вясковы хлапчук - на рыцара з каралеўскай світы, застаўся з агнусекам ды з Божай Маці. I раптам адчуў, што рабіць яму пасярод стэпу зусім няма чаго. I што дагэтуль бачыў ён у князю Міхайлу толькі бліскучы адбітак уласнага глупства. Гаворку мясцовую да таго часу наш герой наспеў вывучыць не горш за мясцовых жыхароў. Пераапрануўся ў падзёрты зіпун, у лапці, у лахманы дый збег разам са скамарохамі, якія мядзведзя вадзілі па вёсках. Пакінуў сабе з усяе маёмасці, што яшчэ заставалася, толькі агнусек ды бацькаву карабелу. Схаваў у лахманах. Прыгожы ўсё ж такі быў юнак - нягледзячы на хлопскую апратку, скакаў як чорт і ўсміхаўся як анел. А якія словы кабетам казаў, якія песні спяваў! Карацей, так файна ў скамарохаў справы пайшлі, што ледзь на мядзведзя свайго паўп’янага не забыліся. На святах вясковых і елі ад пуза, і пілі, і з сабою бралі, што ў торбы лезла. I Андрэя слухаліся. I рушылі пакрысе на паўночны захад - да Масквы.
Пад Разанню Андрэй упершыню забіў чалавека, з якім спаў пад адною дзяружкай ды дзяліў кавалак хлеба. Мацейку, скамарошага правадыра. Той хоць і дужы быў, і спяваў як салавей, аднак люта зайздросціў, бо астатнія скамарохі слухаліся Андрэя, а не яго. Таму, пайшоўшы да цівуноў у бліжэйшую слабаду, наплявузгаў, што таць Андрэй і гультай, а можа нават шпіён, бо ў сне гаворыць на дзіўнай мове і, забыўшыся, крыж на сябе кладзе не як добрыя вернікі. Раніцою цівуны ўтрох чакалі скамарохаў на лясной сцежцы за слабадой. Але ж перад тым увечары, вярнуўшыся са слабады, Мацейка даў маху - быў задужа ласкавы з Андрэем, усё падліваў яму мёду ды частаваў лепшымі кавалкамі, казаў, што ніколі так добра не жыў, як з Андрэем, лавіў кожнае яго слова, рагатаў ледзь Андрэй пасміхнецца, увесь час намагаўся зазірнуць у вочы. Таму Андрэй спаў, паклаўшы далонь на цаўё карабелы. А ранкам першы ж цівун, які выехаў насустрач, не паспеў нават двойчы сказаць “стой”. Другі торкнуў дзідай, і яна ўпала на зямлю разам з адсечанаю рукой, а праз хвіліну й сам зваліўся па зямлю. Трэці павярнуў каня дый прыпусціў наўцёкі, але ж Андрэй, перахапіўшы шаблю ў левую руку, правай узняў дзіду ды кінуў наўздагон. Дзіда ўвайшла ў спіну і выйшла з грудзей, нават падрапала крыху конскую шыю. Мацейка кінуўся ў лес, бег доўга і хутка, але стаміўся і, схаваўшыся за дрэвам, напаў на Андрэя з нажом. I памёр у яго на руках, і кроў з ягоных пасечаных грудзей змяшалася з крывёю, якая лілася з параненай Андрэевай рукі. Так, пазіраючы ў вочы чалавеку, якога забіў, пан Андрэй пабратаўся з мёртвым.
Было гэта вясною тысяча пяцьсот семнаццатага года ад нараджэння -Хрыстовага. Менавіта тады прыбыла ў Маскву амбасада ад імператара Максіміліяна на чале з Жыгімонтам Герберштэйнам. Акрамя ўсяго іншага, імператар прасіў адпусціць князя Глінскага, славутага рыцара й правадыра. Імператар абяцаў, што здолее выправіць схільную да здрады князеву душу. Адправіць князя ў найдалейшы кут Еўропы, у Іспанію, да двара Яго каталіцкае мосці Карла Першага, а ўжо там князя павернуць да сапраўднага шляху. Ды ўратуюць ад усялякіх спакусаў, бо жыццё там амаль як у кляштары - пад пільным вокам інквізіцыі. А Карл ужо падпільнуе як трэба, калі Максіміліян папросіць, бо ягоны ўнук і спадкаемца (амаль праз тры гады, калі Максіміліян памёр, Карл сеў на імператарскі трон і з Першага іспанскага зрабіўся Пятым нямецкім).
Читать дальше