— Маленькі ліцвін, — сумна і горка сказала яна. — Калі-небудзь ён заменіць гэты кінжал шабляй і пойдзе на нас. Вы ж нас усіх ненавідзіце.
Шчокі яго ўспыхнулі, ён глыбока ўздыхнуў. А потым выцягнуў лязо з похваў, зламаў сталь і кінуў абломкі да яе ног.
Ад'язджаючы, яна сказала Акіму Загорскаму:
— Не захацеў узяць тады — вазьмі цяпер. Для яго.
— Для яго — вазьму.
Гэта былі землі на поўдні. Тыя, што праз дваццаць год былі прададзены за два мільёны. Акіму яны не прынеслі і шэлега.
Данііл праводзіў яе да Кіева. Яна сама папрасіла аб гэтым.
Даніілу Загорскаму было дваццаць чатыры гады, калі памерла імператрыца. Акім Загорскі памёр на год раней. У нейкіх пяцьдзесят год. З'ела яго, відаць, тая манера жыцця, якой ён трымаўся апошнія дваццаць год. Натура з лішкам сіл не магла змірыцца з бяздзейнасцю. Толькі памяць жонкі і сын, ды яшчэ паляванне. І вось, як толькі сын перастаў патрабаваць увагі, пачалося згасанне.
Пан Акім быў у ад'езджым полі яшчэ за два дні да скону. А назаўтра злёг. У горле нешта клекатала, а потым сціхла. Магутныя рукі нерухома ляжалі на атласе пакрывала. Прычасціўшыся, ён развітаўся з сынам і змоўк. І толькі за пяць хвілін да скону, не расплюшчваючы вачэй, сказаў адно слова, ледзь чутна.
— Палын.
І невядома было, аб чым ён гэта, аб месячным палыне ці наогул аб жыцці.
…Аб сконе бацькі сын паведаміў у Пецярбург. Яшчэ тады, падчас падарожжа, развітваючыся з ім, яна прасіла аб усіх зменах у жыцці пісаць непасрэдна ёй і дала сваю пячатку.
Ён нічога не сказаў у той час бацьку. І вось цяпер напісаў.
Месяцы два нічога не было чуваць. А потым на загоршчынскае падвор'е васьмёрка коней прывезла акутую жалезам павозку. На ёй была суцэльная глыба малахіту вышынёю ў два чалавечых росты. Нейкага дзіўнага дымна-зялёнага малахіту, у шызых разводах, — як палын.
На глыбе былі толькі чатыры словы:
«Vale, principium finis mei!» [51] Бывай, пачатак канца майго! (лац.)
Акім Пятровіч быў пахаваны ў магільні Загорскіх умоўна. Там ляжаў толькі ларэц з ягонай зямлёй. А сам ён знайшоў спакой у маўзалеі — помніку жонкі, куды глыбу ўцягнуць было нельга. І таму малахіт паставілі на капец, які насыпалі звонку. З таго боку маўзалея, з якога — унутры — ляжаў ён.
Праз некалькі месяцаў імператрыца памерла. Але яшчэ да гэтага, у год смерці бацькі, малады пан ажаніўся. Дагэтуль бацька запаўняў усё яго жыццё, і, страціўшы яго, Даніла адчуў страшэнную самоту ў халодным пустым доме.
Бацька, шкадуючы да пары сына, не прышчапіў яму сур'ёзнага напрамку думак, таго, які прымушае чалавека свядома выбраць сабе шлях і потым усё жыццё трымацца яго.
Гады за чатыры да скону пан Акім кінуўся быў разбірацца ў тым, што робіцца, чытаць філасофскія кнігі навейшага часу і ледзь не стаў марціністам, але потым кінуў гэты занятак. Фармазоны здаліся яму аж да немагчымасці нуднымі, — сядзяць сабе ў падполе, як шчуры, са сваімі цыркулямі ды малаткамі, абцягнулі сцены чорным аксамітам, адабралі ад свету яго фарбы. Змоваю гэта папахвае, вось што. А калі ўжо сварыцца з тымі, хто мае ўладу, дык не змовай, не шыпеннем у занорках, а мяцяжом — вось яно як! Ды і матуля іх не ўхваляла, апошняя яго жанчына, а пакуль яна жыла — ён не мог франдзіраваць.
З усёй гэтай кампаніі яму падабаўся адзін. Той, што напісаў кнігу такой страшнай моваю і якога за гэтую кнігу загналі ў Ілім. Кнігу гэтую пан Акім купіў за сто рублёў срэбрам і прачытаў, і не тое каб застаўся ў захапленні ад прапаноў аўтара, а проста так: спадабаўся яму чалавек. Смелы. Прыемна было б бачыць яго побач.
І вось таму ў галаве маладога Загорскага была мяшанка: рыцарскі кодэкс і кніга, купленая бацькам, абагаўленне царыцы і нянавісць да Пецярбурга, раман аб гожай пастушцы і вершы Війёна, песні, пачутыя на паляваннях, і галантныя раманы, вольныя разважанні і прыхаваная, не вельмі пачцівая вера.
А над усім гэтым — вольны дух першых год царавання Екацярыны: кнігі Мантэня, Дыдэрота, Бекана, Русо ў дзікім спалучэнні з куртуазнымі раманамі. І пры гэтым некаторая пагарда да кніг наогул, бо ён любіў абшары, бег каня, дзіду, што ўпіваецца на скаку ў шыю вяпрука — паміж чэрапам і першым пазванком.
Ён пагарджаў суседзямі. Раздураныя бабы! Халуі! Пагарджаў іхнім цярпеннем, рабалепствам і поўзаннем перад моцнымі. Пагарджаў іх паяздамі: карэтамі для дзяцей, карэтамі для дурняў, карэтамі для хворых сабак, карэтамі для прыгоннага гарэма, фурай для музыкаў, фурай для буфета і кухараў.
Тфу! Раней гэтага не было! I як не разумеюць, што сядло ў галавах зручней?.. Псяры!!!
Читать дальше