Дзівосная пара пайшла па тэрасе. Клейна і Кандраці ішлі, паважна размаўляючы аб нечым, міма купак гасцей, сустракалі там-сям здзіўленыя альбо шакіраваныя міны. Тады старая зіркала проста на ix цяжка і ўладна — і вочы апускаліся.
…А пан Юры тым часам вёў Алеся праз танцавальную залу, авальную, з тонкімі белымі калонамі і хорамі, на якіх ужо брынкліва настройваў скрыпкі і басы аркестр. Шматлікія госці купкамі стаялі між калон, гаманілі і смяяліся. Пан Юры і Алесь падышлі да адной з купак.
— Знаёмцеся, — сказаў Загорскі. — Гэта мой сын… A гэта Раўбічы, сынок, бліжэйшыя нашы суседзі… Вось гэта пан Яраслаў Раўбіч.
Алесь схіліў галаву, a потым, можа, занадта рэзка, ускінуў яе. Яму аніяк не хацелася, каб нехта заўважыў y ягоным паклоне нясмеласць. A ён пабойваўся. Усё ж гэта быў той самы Раўбіч, y доме якога гарэў далёкі агеньчык, такі маленькі, як іскра… Той самы Раўбіч, якога лічылі чараўніком вясковыя дзеці. Той Раўбіч, з падполаў якога цягнула серай. Той Раўбіч, пра якога казалі, можа, і зусім няпраўду, быццам ён страляў на раздарожжы ў прычасць.
Раўбіч уважна глядзеў на Алеся. Быў ён сярэдняга росту, але моцна складзены, з кароткай шыяй і магутнымі пукатымі грудзьмі. Чорныя як смоль і сівыя на скронях валасы стваралі на патыліцы магутную грыву, a спераду падалі на лоб касой скобкай. Твар быў шыракаваты ў скулах, але ладна вытачаны. Бровы доўгія, вычварна зламаныя і таму пагардлівыя, a лоб пераходзіў y нос амаль роўна, як на старых статуях. Шчыльна сціснутыя вусны вялікага рота, высокі гладкі лоб — усё гэта пасавала да агульнага выгляду і рабіла няправільны ўвогуле твар нейкім па-мужчынску прыгожым. Але самыя дзіўныя былі вочы: халодныя, карыя, з такімі пашыранымі зрэнкамі, што райка, здаецца, зусім не было. Гэтаму ўражанню дапамагала яшчэ і тое, што вейкі былі доўгія і густыя, зусім не мужчынскія, a на павеках, займаючы ўсе вачніцы, ляжаў асмужаны цёмны цень.
Страшнавата было глядзець y гэтыя вочы. I ўсё ж Алесь глядзеў. Гэты твар палохаў, але адначасова нечым прыцягваў яго. Цяжкі, знясілены нейкай неадчэпнай думай, змардаваны і грозны твар.
…Вочы без райка глядзелі ў вочы хлопцу, быццам выпрабоўваючы. I Алесь, хаця яму было амаль фізічна цяжка, не апусціў вачэй. I тады, пасля хвіліны гэтай нямой дуэлі, на сціснутых вуснах y Раўбіча з'явілася ўсмешка.
— Будзе сапраўдны князь, — трошкі нават расчулена сказаў ён. — Не сродак, не цацка чужой сілы… Віншую цябе, гаспадар Юры.
Толькі калі Раўбіч адвёў вочы, Алесь заўважыў, якая на ім дзівосная вопратка. Гэта быў сурдут не сурдут, a нешта пашытае пад кароткую і шырокую чугу. Пашытае, відаць, першакласным майстрам з вельмі дарагога, танюткага шэра-блакітнага сукна. Каб не гэта, Раўбіч выглядаў бы старасвецкім дваранінам з мядзведжага кута.
Усё астатняе было звычайнае: шэрыя панталоны, забраныя ў боты на высакаватых абцасах. Усё, акрамя аднаго: запясце правай рукі, жылістае і загарэлае, моцна перахопліваў шырокі жалезны бранзалет, пацьмянелы ў паглыбленнях, бліскучы на пукатых паверхнях, зроблены таксама па-майстэрску. Алесь краем вока заўважыў на ім нейкія трыліснікі, сцябліны чартапалоху, стылізаваную шыпшыну на капцы і фігурку конніка на шалёным кані. Ад гэтых назіранняў адарваў яго мяккі жаночы голас:
— Яраш, ты паглядзі толькі, які ён зараз гожанькі. Проста хлопчык з партрэта Аляшкевіча.
Абражаны гэтымі словамі, ён таргануў галавой управа і сустрэў спакойны позірк цёмна-блакітных вачэй сталай жанчыны, якая стаяла побач з Раўбічам. Жанчына была звычайная, з русай каронай валасоў на галаве, з трошкі вінаватай, вельмі жаночай усмешкай на прывялых вуснах.
— Вось вам і мой старэйшы, пані Эвеліна, — сказаў бацька. — Бачыце, які недарасль выгадаваўся.
— Які ён недарасль, — сказала Раўбічава. — Ён проста харошы хлапчына. Якраз таварыш майму Франсу. Пазнаёмцеся, дзеці…
Франс, чорнавалосы, матава-бледны, прыгожы хлопчык, працягнуў Алесю руку з пачуццём уласнай годнасці. Тонкі рот ветліва і трошкі завучана ўсміхаўся. Малады Раўбіч, асабліва ладны ў сваім бездакорным дзіцячым фраку з чорнага тонкага сукна, схіліў галаву:
— Мяркую, вы цяпер будзеце ў нас частым госцем, князь, — сказаў ён па-французску. — Ваша свята падабаецца ўсім, і вы таксама.
Алесь таксама схіліў галаву. Паводзіны Франса яго забаўлялі, і ён паспеў заўважыць за манерамі маладога прыдворнага тое, што ратавала Франса і не рабіла яго смешным: нейкую ўнутраную іронію да таго, што ён казаў.
Читать дальше