— Група Зянкевіча? — спытаў Мнішак.
— Але [80] У 1846 годзе на Магілёўшчыне выкрылі групу «карбанарыяў», якая рыхтавала закалат. Данос Горацкага студэтна Белавуса быў своечасова раскрыты, і група самаліквідавалася. Не арыштавалі нікога.
. Гэтыя два сябры — хемікі. Біліся столькі год — і ўсё ж вынайшлі такі гарт сталі, што яна больш надзейная, чым златавустаўская. Не ломіцца ад удару молатам. Сячэ хусцінку. Маем такіх шабляў ужо трыста сорак і дзве.
— Малавата, — сказаў Раткевіч.
— Адразу нiчога не бывае, — Раўбiч адчынiў нiзкiя дзверцы. — Там яшчэ ход. У другое сутарэнне. I ў iм нешта каля пяцiсот пудоў пораху. Самаробнага, але не горшага за фабрычны.
— Прах і агонь? — спытаў Мнішак.
— Нічога, гэта надзейна. Ход цягнецца на трыццаць сажняў. А ўрэшце, у жыцці і смерці наш гаспадар — бог. Я паклікаў вас дзеля таго, што ўсё гэта трымаць у камяніцы стала небяспечна. На мяне могуць склеіць і другі данос. Блакітныя актывізаваліся… Вам давядзецца добра папрацаваць у гэтую ноч, панове. Гарбом.
— Яны не могуць, — усміхнуўся аксамітнымі вачыма з'едлівы Януш Біскуповіч, той самы паэт, Мацееў бацька, з якім Алесь і пан Юры ездзілі да Кроера. — Яны на панства хворыя. Як гэта гарбом? У іх няма гарба.
Пасмяяліся. Янушу ўсё даравалі. Баяліся языка.
Раўбіч звярнуўся да «хемікаў»:
— Адразу ж старанна згасіце агонь. Жалезныя рэчы загарніце ў тканіны і пакладзіце ў кладоўцы. Падлогу засцяліце кілімамі.
Адзін з бледнатварых схіліў галаву.
— А вы бліжэй пад вечар скінеце чаравікі (я тут нарыхтаваў для вас мяккія такія боцікі з аўчыны, накшталт індзейскіх макасінаў), выцягнеце і здасцё мне ўсё металічнае: партабакі, ключы, крэсівы, калі хто не давярае сярнічкам, кашалькі з срэбнымі грашыма.
— Пакуль той закалат, дык ужо кашалькі адбіраюць, — сказаў Біскуповіч.
— Трэба… І за адну ноч, як простыя фурманы, завязем усё гэта ў мой Крыжыцкі лес, у схованку. Там надзейна. Людзі ў леснічоўках адной вяроўкай са мною звязаны. Схаваем — і ўсё.
Паны схілілі галовы на знак згоды.
— Вас пятнаццаць, ды я, ды іх чатыры… Дваццаць чалавек. Па дваццаць пяць пудоў на чалавека і каня. Па адной ездцы.
З ачага, куды «хемік» выліў вядро вады, ірванула, засычэла пара.
— Нішто сабе лазня, — сказаў Біскуповіч. — А дзе венікі?
— Венікі табе Мусатаў падорыць, — жоўчна ўсміхнуўся Раўбіч.
— Раўбіч кака, — сказаў пан Януш. — Раўбіч чарадзей. У Раўбіча з падполаў серай цягне. Да Раўбіча нячыстая сіла па начах праз комін лётае.
Памаўчаў.
— А і малайчына Раўбіч! Я ведаў, але не думаў, што такі зух!
— Хадзем наверх, — сказаў Раўбіч. — Пагаворым.
Яны падымаліся вінтавымі сходамі даволі доўга, пакуль не далезлі да верхняга паверха камяніцы, вялікага пакоя з камінам, у якім яшчэ асталіся гнёзды ад пожагаў і дзве старажытныя кулеўрыны ля акенца.
Кулеўрыны глядзелі жараламі ў нязмерны парк. На чашападобную лагчыну, на будыначкі маёнтка, на падкову возера, на дзве выцягнутыя званіцы раўбіцкай царквы, на далёкую шэрую пляму лазні ў гушчары.
Пасярэдзіне пакоя стаяў стол, укрыты цяжкім парчовым абрусам, і крэслы. На стале, на крэслах, проста на падлозе ляжалі жаўтаватыя, пергаментныя, і белыя, папяровыя, скруткі карт, стальныя і гусіныя пер'і, чарніліцы з атрамантам.
— Сядайце.
Усе паселі. Януш Біскуповіч, пан Мнішак, Выбіцкі, Юллян Раткевіч.
Жоўчнае, знясіленае неадчэпнай думай аблічча пана Яраша, ягоныя вочы-правалы дабрэюць, калі Раўбіч глядзіць на гэтых. Надзейныя, свае людзі. Нават на эшафоце будуць такія. І той нядрэнны, і яшчэ вось гэты. І той. Восем чалавек, на якіх можна спадзявацца, як на сябе. Шасцёх ведае горш, але ім таксама трэба верыць. Прадстаўнікі далёкіх паветаў. Двох рэкамендаваў Біскуповіч, двох Раткевіч Юллян. Па адным — Мнішак і Выбіцкі. І толькі аднаго з ахвотаю не бачыў бы, хоць гэта і дрэнна — мяшаць у агульную справу асабістыя пачуцці. Сядзіць Мікола Браніборскі. Сквапны, хваткі, як у галаўня, рот усміхаецца. Не, даваць волю ўласнай нелюбові нельга. Прыгнёт ненавідзіць, сялян тады вызваліць сам прапанаваў, абедзвюма рукамі падпісаўся пад Раткевічавай запіскай. З Кроерам тады пабіўся. А ў справу прыйшоў сам. Сам прапанаваў Янушу стварыць змову, сказаў, што, калі дваране сталі баязліўцы — адзін пойдзе, бо немагчыма больш на такі глум глядзець. Трэба прымусіць сябе добра ставіцца да яго. Так, як да даўжэзнага, нібы калядная свечка, Юлляна. Так, як да рэкамендаванага ім Вірскага. Як да малазнаёмага Ваневіча.
Читать дальше