Калі знаёмы дах яшчэ толькі паказаўся з-за заснежаных дрэў, з таго боку пачуўся стрэл і сярдзітыя крыкі… Яшчэ стрэл… А вось, здаецца, жанчына крычыць…
Лёднік высунуўся з фурманкі, выхапіў з рук наёмнага фурмана пугу і сцебануў коней.
Дом з зялёнымі аканіцамі трымаў сапраўдную аблогу. Ля яго стаяла дзясяткі два асёдланых коней, на двары, хаваючыся за дрэвы, бегалі людзі са стрэльбамі і шаблямі. Не ў мундзірах, а, відаць, найміты, бо добра ўзброеныя і з фізіяноміямі, шмат разоў залатанымі… А вось ляжыць штосьці рудое, калматае… Піфагор! Загінуў, верны абаронца…
Час ад часу з гарышча дома стралялі — калісьці Пранціш пастараўся ператварыць тое гарышча ў сапраўдную фартэцыю, з амбразурамі і ладным запасам зброі і пораху. А белавалосы волат прыхінуўся да дрэва і гучна ўгаворваў кагосьці ў доме:
— Ну навошта столькі шуму і клопатаў, мая красунька! Мой замак у Сілезіі чакае цябе, месца вольнае… Няўжо ты забылася нашу палкую ноч? Выходзь разам з каронай, і мы ўсе ціха сыдзем.
У адказ куля зрэзала кару з дрэва якраз каля вуха волата.
— Ну нашто ўсё ўскладняць? На дапамогу табе ніхто не прыйдзе…
На двор чорным віхорам заляцеў Лёднік, за ім бег Пранціш, а Раіна Міхалішыўна, замест таго, каб застацца ў фурманцы, якая, дарэчы, адразу знікла з небяспечнага месца, адно снег узвіхурыўся, таксама бегла з пісталетам і кінжальчыкам.
Лёднік сходу заваліў аднаго з нападнікаў, Пранціш параніў у руку другога, змусіўшы выраніць шаблю.
— Што табе трэба ў маім доме, Ватман?
Найміт глядзеў на доктара, і ягоныя вочы здаваліся то празрыста-белымі, як туман, то бяздонна-барвовымі.
— Ды калі ж ты перастанеш узнікаць, як чорцік з табакеркі, а, Бутрым? Можа, ты не чалавек, а стыхійны дух, і цябе выклікаюць нейкай сакрэтнай формулай: прамовіш услых, бэнц — і доктар Лёднік тут, як мазоль на пятцы, з шабелькай сваёю… А трэба мне дзве каштоўнасці. Адну — для князя Багінскага, другую — для сябе… Князю — карона, мне — красунька.
— Пайшоў прэч! — Лёднік кінуўся на белавалосага волата, але калі і быў у свеце чалавек, роўны доктару па фехтавальным майстэрстве, дык гэта Герман Ватман.
Лёднік больш рухавы, але Ватман — настолькі дужы, што ламаў шыі адным дотыкам. А паколькі забойствы былі ягонай прафесіяй, а ў ёй ён лічыўся лепшым у Еўропе, Бутрымавы скачкі і каруселі маглі толькі трохі ўраўнаважыць сілы.
Пранціш біўся адразу з двума, але вось адзін з лаянкай паваліўся, паранены ў нагу. Вырвіч азірнуўся: Міхалішыўна спакойна перазараджала пісталет, нібы не ў чалавека пацэліла, а торт парэзала, і не кулі і лёзы тут свісталі, а вееры ўзмахвалі.
З гарышча зноў пачуся стрэл і крык Саламеі:
— Бутрым, злева!
Лёднік кінуўся на зямлю, і вельмі ў час: адзін з нападнікаў прыстроіўся за агароджай са стрэльбай і ледзь не змяніў ход бойкі.
Становішча адчайнае… Галоўнай перашкодай быў Ватман, а яшчэ стрэльбы і арбалеты.
— Герман, у доме няма кароны! — гэта зноў крычала Саламея. — Жыццём прысягаю!
Яе крык згас у халодным паветры і свядомасці нападнікаў, як вылітая ў раку чарка чырвонага віна.
— Пан, не ведаю, як вас там, — крыкнула Ватману і Раіна, яе чорныя валасы дзёрзка выбіваліся з-пад шапачкі з белай апушкай, як у каралевы Кінгі. — Магу пацвердзіць — на маіх вачах карону святога Альфрэда прадалі графу Батысту!
— Гэта яшчэ што за шылахвостка? — незадаволена папытаўся Ватман, лёгка адбіваючы наскокі Лёдніка.
— Гэта мая нявеста! — раўнуў Пранціш, арудуючы непадалёк шабляй.
— Талковая нявеста, баявітая… — ухваліў Ватман. — Але мая красунечка, там, у доме, не горшая, і даражэй мне за любую карону. Ну што, Бутрым, давершым даўнюю справу?
Яны біліся зноў — апантана, засяроджана, як могуць толькі старыя ворагі, і тое, што выраблялі абодва на стаптаным двары з паламанымі дрэвамі і кустамі, маглі паўтарыць адзінкі ў свеце, а можа, і ніхто. А Пранціш не мог дапамагчы, спрабуючы не дапусціць нападнікаў да будынка. Іх заставалася яшчэ чалавек дзесяць, спрактыкаваныя, яны не кідаліся пад кулі ды шаблі, хаваліся за дрэвы, адстрэльваліся… Раіна, як верны збраяносец, была заўсёды побач і страляла трапна, мусіць, не горш, чым жонка пана Рысі. Адзін раз і кінжалам шпурнула ў здаровага дзядзьку ў кароткім ваўчыным футры, так, што патрапіла якраз ля шыі. І як ні лаяўся Пранціш, не змусіў неўтаймоўную артыстку заставацца ў бяспечным куце паміж стайняй і дрывотняй.
І тут здарылася бяда. Ватман падхапіў левай рукой зламаны малады клён, ададраўшы бязлітасна тыя белыя жылачкі, на якіх дрэва яшчэ трымалася за свае карані, і цяпер, узброены шабляй і ладнай калацінай, нагадваў антычнага Геркулеса. Ён загнаў доктара ў самы кут двара, куды не даставалі стрэлы з гарышча. І злаўчыўся ўдарыць калацінай па руце, якая трымала шаблю, так, што зброя далёка адляцела на мерзлую зямлю.
Читать дальше