Апошнія клубы дыму расчыняліся ў звечарэлым паветры, згасалі залітыя вуглі… І тут выявілася, што не ўсім доктар — як стрэмка ў горле. Да пагарэльцаў пачалі падыходзіць, адзін за адным прапаноўваліся месцы для начлегу, дапамога ў навядзенні парадку…
Але доктар, падзякваўшы, ад усяго адмовіўся. Ёсць пару некранутых пакояў, печка ў іх цэлая, праветрыцца — пераначуем без шкоды для здароўя. А пераначуем — болей пачуем…
На шчасце, пані Саламея калісьці настояла, каб у доме зрабіць надзейную хованку для каштоўнасцяў. Пад выгарэлай падлогай залы ацалела жалезная скрыня, толькі нагрэлася, як бляха, на якой пяклі булкі. А ў скрынцы — трохі дукатаў, яшчэ з падораных калісьці вялікім гетманам, турэцкая шабля-кілідж у залатых похвах, усыпаная каштоўнымі камянямі, што дасталася Лёдніку ад ангельскай ледзі, па чыім абліччы была зробленая Пандора. А яшчэ залаты крыж з гербам «Агнявец», упрыгожаны дыяментамі, які на развітанне падарыла Пранцішу княжна Багінская, а той аддаў разам з балючымі ўспамінамі ў агульную сямейную скарбонку. Была і жменька пярсцёнкаў ды маністаў з пасагу Саламеі Рэніч і спадчыны пана Вырвіча… А што ж — Вырвічы хоць і лапцюжная шляхта, але тым ад мужыкоў і адрозніваюцца высакародныя паны, што ў іх заўсёды беражліва захоўваюцца фамільныя каштоўнасці, хай бы паны з голаду пухлі: шаблі, пярсцёнкі з гербамі, тастаменты… Вось ён, скрутак пажаўцелай паперы са шматлікімі пячаткамі на вяровачках — пацверджанне шляхецтва Вырвічаў… А вось і куды навейшая папера аб набілітацыі полацкага мешчаніна Баўтрамея Лёдніка, падпісаная вялікім гетманам, а таксама два дыпломы, Пражскага ды Лейпцыгскага ўніверсітэтаў.
А вось куды падзеў свой дыплом пан Вырвіч, ён доўга ўспомніць не мог… Але дурням шанцуе — паміж печкай і сцяной у кутнім пакойчыку валялася абвугленая па краях, вільготная папера — нават прачытаць можна было, што Пранцішу Вырвічу надаецца званне доктара вольных навук.
Што ж, смерць ад голаду сямейству, якое заўважна павялічылася, не пагражала. У пограбе засталося віно і шынка, тое-сёе з ежы прынеслі суседзі…
Так і адзначылі заручыны пана Вырвіча, які ўрачыста ўдзеў на палец Міхалішыўны фамільны пярсцёнак у якасці аnte nupitas donatio , давясельнага падарунка. Памянулі і смерць Германа Ватмана, злога духа сям’і Лёднікаў.
— А ты ўпэўнены, што забіў яго? — недаверліва папытаўся Вырвіч, памятаючы нетрадыцыйны метад, якім скарыстаўся Лёднік.
Доктар паціснуў плячыма.
— Раней такога ўтвараць не даводзілася… Грэх, вядома, жадаць бліжняму смерці, але ўсё ж не хацелася б перажыць яшчэ адну сустрэчу з Германам.
А назаўтра вырашылі з’язджаць. А што было рабіць? Звяртацца па дапамогу да гарадскіх уладаў? У суд? Залатую сурму медная не перайграе.
— Наезд рабілі людзі віленскага ваяводы, — змрочна падрахункаваў Лёднік. — І хоць Багінскі, вядома, адмовіцца ад свайго ўдзелу, не варта нам заставацца ў горадзе пад ягонай уладай. Стаміўся я… Паедзем у Полацак. Даўно не жыў на радзіме, дзе Сафійка, Дзвіна, Палата… У доме Рэнічаў месца хапае. Складу праект медычнай школы для Тызенгаўза, магчыма, з гэтага нешта і выйдзе. Я спісаўся з альма матэр, полацкім калегіюмам, яны шчаслівыя, калі б я колькі лекцый пачытаў. У шпіталі пры калегіюме папрацую, парадак навяду. Думаю, і пан Вырвіч згодзіцца весці для шкаляроў лекцыі па тэорыі паэзіі… Будзеш пераемнікам Сарбеўскага.
Шчокі Пранціша запалалі.
— Хіба я змагу?
— Што я, не ведаю, якія кнігі ты напамяць вызубрыў? — мякка патлумачыў Лёднік. — Усё па паэтыцы… А ён вам, Раіна, паказваў свае сачыненні?
Паўночы прайшло ў дэкламаванні. Да здзіўлення Пранціша, практыкаванні ягоныя спадабаліся нават Алесіку. Міхалішыўна плакала ад гонару за жаніха, а Лёднік урачыста паабяцаў, што пісанне Вырвіча абавязкова надрукуюць. Няхай не цяпер, але гэта зрабіць неабходна.
Наступныя дні занялі зборы ў дарогу. Вырвіч атрымаў паперу, што ягонае прашэнне аб адстаўцы прынятае, а вось заява Лёдніка аб звальненні нарабіла ў Акадэміі шолаху.
Так, доктара даўно хацелі прыбраць, асабліва калі пайшлі чуткі, што ён можа зрабіцца рэктарам з падачы расейцаў. Але калі ягоны ад’езд стаў рэальнасцю, і блізкай, раптам усе захваляваліся. Вучоны з сусветным імем, якога ведаюць ва ўсіх універсітэтах Еўропы… Куды ён дзенецца? Што ад яго чакаць? І як без яго? Ну і, вядома, трохі няёмка, што так абышліся з чалавекам, які дарагім коштам выратаваў Акадэмію ад закрыцця, а студэнтаў і выкладчыкаў ад арышту, і не пачуў нават «дзякуй». Але пра гэта асабліва не задумваліся, таму што лягчэй абвінаваціць ва ўсім ахвяру, чым прызнаць сваю няўдзячнасць да яе. «Сам вінаваты» — улюбёная фармулёўка на ўсіх часоў.
Читать дальше