Маладыя зарагаталі.
— Чаго рагочаце? Праўда. Каб Бог прадугледжваў манахаў — ён бы прадугледзеў дзеля гэтай мэты і людзей з пэўнай вадай. А раз гэтага няма, то, значыцца, лухта гэта ўсё.
Братчыку абрыдлі п'яныя пацалункі Грыня, ён адвязаўся ад яго, кінуў кампанію і пачаў спускацца з гульбішча, мяркуючы схавацца недзе ў царкоўным бабінцы і падумаць. Ён чуў крык натоўпу за мурамі, захоплены галас, бачыў праз байніцы, як плыве ў храм людская рака, чуў звон грошай на блюдах.
Але нават у бабінцы, калі ён спусціўся туды, яго не чакаў спакой. У бабінцы кіпела дзікая бойка. Ён спыніўся, уражаны.
Ля муроў стаялі скрыні з грашыма. Па вузкіх жолабах плылі і плылі струменьчыкі золата, срэбра, мужыцкай медзі, падалі ў місы і карцы (відаць, грошы ссыпалі з блюдаў там, за мурам, проста як хлеб у засекі).
Ніхто зараз не зважаў на тыя грошы. Між скрынямі, топчучы манеты, звіваліся захеканыя людзі ў белых францысканскіх, бурых дамініканскіх і іншых расах. Гваздзілі адзін аднаго вяроўкамі, што звычайна апаясвалі чрэслы, білі ў сківіцы, па галаве, пад дых.
— Мы гадзіну толькі стаялі!
— Дамініканцам места саступай, бабздыр ты!
— Дысідэнт, свалата!
— На табе, на!
Кагосьці выкінулі ў акно, нехта літаральна ўзляцеў над натоўпам і, два разы перакруціўшыся ў паветры, вылецеў праз парэнчы кудысьці ў сутарэнне… Ніколі яшчэ не даводзілася Юрасю бачыць такой бойкі.
Пахла зверам.
Шкаляр паківаў галавою.
— І стварыў Пан Бог чалавека па вобразу свайму, па вобразу Божаму, — сумна сказаў ён. — І ўбачыў Бог, што гэта добра.
Ён махнуў рукою і рушыў на гульбішча. Можа, хаця на вежы можна будзе схавацца ад усяго гэтага.
Лотр выпадкова скочыў з каня побач з Анеяй і толькі тады заўважыў яе. Павільгатнелі вочы. Дзяўчына не заўважыла яго, усё яшчэ пільна глядзела на зубцы, каб хаця не прапусціць. Але пільны позірк чалавека яна ўрэшце адчула… Павярнулася — і тут у вачах нібы плескануўся цень сполаху, змешанага з піетэтам.
— Я зноў не бачыў цябе ў дамініканаў на споведзі, дачка мая, — мякка сказаў ён.
— Я спавядаюся ў сваёй слабадзе, ваша правялебнасць, — апусціла яна вейкі. — Вы занадта добры, калі заўважаеце такую нікчэмную істоту, як я.
— У Бога няма нікчэмных. І калі я нагадваю…
— Вы — вялікі чалавек.
— …Калі я нагадваю, каб спавядалася там…
У дзявочых вачах з'явілася раптам нешта цвёрдае. Варухнуліся вусны.
— Бог паўсюль.
— І ў схізмацкай малельні?
— Што ж, калі ён захоча — ён пойдзе і туды. Ён — там. Ён ужо выходзіў адзін раз. І вы самі сказалі, у Бога няма нікчэмных…
Супраціўленне трохі ўзбуджвала і раздражняла. Ноздры Лотравы задрыжэлі.
— Глядзі, я нагадваю.
«Магдаліна» загадала служку трымацца таго месца, дзе спешыўся кардынал.
— Лягчэй знойдзеш.
Папраўдзе, ёй трэба было прыгледзецца да дзеўкі, з якой так доўга і так падазрона размаўляў патрон. Не сыходзячы з мула, яна глядзела, ацэньвала і адчувала, як варушыцца недзе пад душою раўнівае хваляванне. Пляваць ёй было на абдымкі гэтага чарговага, але з ім было спакойна. І яна, на жаль, вельмі хутка звыкала. І ёй, на жаль, кожны раз здавалася, што вось гэта не… надоўга (яна баялася слоў «стала», «заўсёды» і амаль успамінала, што ёсць слова «давеку»). Кожны, хто даваў ёй на пэўны час трываласць і ўсё, што звязана з гэтым (грошы былі дзесятай справай, хаця гэты і плаціў добра), выклікаў у яе душы прыязь і нават нешта падобнае на жаданне быць з ім.
І вось — гэтая. А можа, яшчэ і нічога? Можа, абыдзецца?
На сходах кардынал сутыкнуўся з Балвановічам. Чырвоны, хістаецца — чорт ведае што. І раптам, калі Лотр запыніў яго, — з-пад п'яных броваў Рыгора Гародзенскага нечакана цвяроза бліснулі мядзведжыя вочкі.
— Рык чуеш? — спытаў Лотр.
— Адверз Пан Бог вушы мае.
— І што?
— Мяркую, сільненькі наш злодзей робіцца.
— Мм… але. Вось табе і лялька. Два гэткія цуды. Вось выйдзі зараз на муры крыкні супраць яго. Што будзе?
— Гэта ты выйдзі. Ты што, апошні аплот усходняга праваслаўя ў Гародні знішчыць хочаш? Гэта ты — пачакай.
Лотр махнуў рукою, пайшоў. І ўжо каля самага забрала ўбачыў, як сядзіць на выступе мура і думае пра нешта Басяцкі.
— Н-ну?
Шэрыя ў прозелень, плоскія вочы праезуіта паказалі ў той бок, адкуль ляцеў шум чалавечай гурмы.
— Т-так… ён дзе?
— Варта даносіць: па забрале ходзіць, з другога боку вежы.
— Сіла?
— Д-ды… с-сіла. Гэта трохі больш, чым тое, на што спадзяваліся.
— І што? — Лотр не жадаў пачынаць размовы першы.
Читать дальше