— Не за-бі-і!…
Іуду схапілі за рукі.
…У гэты самы момант, далёка за горадам, у сасновым лясочку, апосталы перамотвалі рамяні на поршнях. Быў якраз самы цёмны час перад світаннем, але нават тут, на ўзлессі, было даволі добра відаць: над Гародняй стаяла вялізнае, мігатлівае зарыва. Тадэй займаўся тым, што надрэзваў на сабе нажом адзенні.
— Ты… гэна… чаго?
Фокуснік устаў, пакруціўся перад Піліпам, як перад краўцом.
Дзіркі ў вопратцы былі проста артыстычныя. Ніхто ніколі не бачыў такога прыгожага рыззя.
— З імі ды з маім талентам нам цяпер срэбра, а не медзь даваць будуць. Зажывём, Піліпе. Я — фокусы, ты — дошкі на галаве ламаць будзеш…
Рыбакі моўчкі круцілі на запясцях кісцяні. Даўно памірыліся і вырашылі ісці разам. Іліяш маўчаў, пазвоньваючы кантарам. Толькі сказаў нечакана:
— А дрэнна, што кінулі.
— Ну і ляжаў бы зараз забіты, — сказаў Пятро. — Не ўжо, трэба аб раскошы забыць. Досыць. Пагулялі, папілі.
— А хрэн з ім, — зарыпеў Баўтрамей. — Скончана роля. Добра, што падрабілі.
— Я мянялай буду, — сказаў Мацей.
І тут усіх здзівіў жанчынападобны Ян. Сказаў Мацею:
— Евангелля палову мне давай.
— Н-нашто?
— Ты сабе нейкага Луку знойдзеш, — аблічча было юродскае. — Я — Марку нейкага. Пойдзем — будзе чатыры евангеллі. Падправім. Што мне вашы мужыцкія заняткі? Я — прарок. Ісціны хачу, благадаці, славы Божай.
— А дулю, — сказаў Мацей.
І ўбачыў, што ўвесь хаўрус з кісцянямі, Пятро, Андрэй і Якуб, сталі супраць яго сценкай.
— Н-ну.
— Дык… Ну вось, і пажартаваць нельга, — сквапна рухаючы вуснамі, Мацей падзяліў рукапіс Іуды напалам і змахлярыў, падкінуў сабе яшчэ аркушаў дваццаць, раздзёр ніткі. — Бярыце.
— Пайшлі, — сказаў Піліп. — Скора і разыдземся.
Усе рушылі дарогаю прэч ад зарыва. Ішлі моўчкі. Толькі Якуб Алфееў, як заўсёды недарэчы, пачаў спрабаваць голас. Бурсацкая світка біла яго па пятах, асавелыя вочкі глядзелі ў чырвонае, дрыготкае неба.
— М-ма, м-ма-ма, м-мма-ма… кх… кх… Тфу… Горра… Го-о-ра… Гора табе, Серазін… Го-ра… Гора табе, Віфсаіда.
І так яны зніклі за ўзгоркам. Некаторы час яшчэ даносіўся мядзведжы, яловы голас. Пасля засталіся толькі цішыня і зарыва.
Каля мяне кулі, як пчолкі, гулі,
Ля мяне дружочкі, як мост, ляжалі.
Беларуская песня
…схапіў святое распяцце і так стукнуў ім па чэрапе святога айца, што той адразу адправіўся ў пекла.
Сярэдневяковая навела
Серазіну і Віфсаідзе, гэта значыць Гародні, сапраўды было гора. Забойства і сеча не спыняліся, а, наадварот, нібыта набіраліся сілы і злосці. Забівалі ўсіх, ледзь не да колавай загваздкі. І калі значная частка жанок і дзяцей уратавалася з дамоў, адзначаных крыжамі, у гэтым была вялікая заслуга сівавусага.
Гародзенцы ведалі, куды, у выпадку чаго, уцякаць тым, хто не можа трымаць у руках зброі. Пад горадам лабірынтам цягнуліся старыя, даўно спустошаныя і закінутыя каменяломні. Самы блізкі ўваход у іх быў з вуліцы Стрыхалёў, і менавіта туды кінуўся напаўапрануты, спалоханы натоўп жанчын, старых і дзяцей. Толькі б спусціцца пад зямлю, а там — лаві за хвост вецер, за месяц не знойдзеш.
Лотр, аднак, таксама памятаў аб вуліцы Стрыхалёў і даслаў туды чалавек сорак прыспешнікаў. Безабаронны натоўп сустрэлі мячамі. І, пэўна, бойня не мінула б і слабых, каб не нарваўся выпадкова на брыдоту сівавусы з невялічкім атрадам мяшчан. Яны змялі мечаных, выкінулі іх з вуліцы і сталі заслонам па абодва яе канцы, прапускаючы толькі ўцекачоў. На ўсю даўжыню вуліцы варушыўся, крычаў, плакаў натоўп. Вялікіх сіл каштавала не дапусціць цісканіны: драўляныя дзверы ў каменяломні вялі не з вуліцы, яны былі ў канцы вузкага — рукі расстаў і загародзіш — і доўгага, сажняў на дваццаць, апендыкса, сціснутага між глухіх муроў. Вельмі павольна ўцягваўся натоўп з вуліцы ў гэты апендыкс. А тыя, каго яны прагналі, прывялі між тым дапамогу, процьму людзей з белымі крыжамі на рукавах. Добра, што вуліца Стрыхалёў была вузкая і «крыжы» не маглі скарыстацца са сваёй перавагі.
На абодвух канцах вуліцы Стрыхалёў віравала сеча. Людзі спінамі прыкрывалі ўцекачоў і павольна, па меры таго як натоўп уцягваўся ў тупік, адступалі. Адступалі і падалі. З таго канца, дзе біўся сівавусы, кіраваў «крыжамі» і сам секся ў першых радах закуты ў сталь Рыгор Гародзенскі, а ў міру Гіляр Балвановіч. Куды падзелася ягоная друзласць. Нездарма яго параўноўвалі з нападаючым кракадзілам: толькі што было бервяно, і вось — страла. Ён арудаваў мячом са спрытам і ўмельствам.
Читать дальше