Пархвер сапраўды пацеў. Але Фаме даводзілася цяжэй. Нягледзячы на вялізную сілу і вагу, перад сотнікам ён быў драбнаваты.
— Хам!
— Сам хам!
Ляскалі мячы. Праменні заранкі гулялі па латах. Усё гэта нагадвала вясёлую і жудасную гульню.
— Трым-майся, Хрыстос.
— На, табе.
— Гы-ых! — адбіў удар мячом Карніла.
— Добра, што ты стралу выняў, — выскаляў зубы Юрась. — Нязручна было б з ёю… на… кані.
Мячы звінелі ўтрапёна. Карніла шумна выдыхаў і лаяўся.
— Жартуеш груба, — кінуў Хрыстос. — Мазгі ў цябе курыныя.
— Вернаму… мазгі… без патрэбы.
— Дык я іх табе зараз… зусім вышыбу.
Няўлоўным выпадам ён адбіў Карнілаў меч і ашаламіў тысячніка. Той крутануўся і грузна, цяжка ахнуўся аб зямлю. Не мог устаць. Юрась схіліўся, падхапіў з зямлі дзіду і паднёс востры канец да грудзей таго, хто ляжаў. Войскі ахнулі.
— Трымайся, — сказаў Хрыстос. — Уставай.
Карніла ўстаў і крыва пайшоў, сам не ведаючы куды. Жалезныя яшчэ падаліся наперад: вызваляць вожа, спусціліся амаль усе ў лагчыну. З іхніх радоў паказаліся пашчы канонаў. Іх цягнулі, і колы іхнія па калодку загразлі ў зямлі.
Юрась некалькімі пляскачамі дзідай накіраваў Карнілу ў патрэбны бок і стаў глядзець на Тумаша. Той біўся адчайдушна, але ўдары волата былі страшныя — двухручны Тумашаў меч кожны раз адлятаў за спіну.
Карнілу ўрэшце адцягнулі да сваіх. Ён, апрытомнеўшы, крычаў, загадваў нешта. З ім спрачаліся. І ўсё ж з іхняга боку раптам раўнуў адзін канон: помста рухала тысяцкім.
Над галовамі байцоў праляцела ядро, узарала зямлю перад мужыцкім войскам.
— Гэй, — крычалі адтуль. — Двабой не скончан! Гаршкі кідаць будзем!
Пасля адтуль даляцеў ляск: мужычая катапульта кінула гаршчок з гразёю — на знак папярэджання… Карнілу схапілі за рукі, угаворвалі.
Але вынік усяго гэтага сказаўся адразу ж. Быў ён толькі нечаканы. Гаршчок недалётам — відаць, не адрэгулявалі нацяжку жыл катапульты — упаў проста на галаву Пархверу, і тая засела ў ім.
— Гэй, кум, памагчы, ці што? — спытаў Фама.
Ударыў злёгку па гаршку, раскалоў яго. Па шалому, па твары, па вусах волата плыла вадкая гліністая гразь.
— Умыўся б, ці што.
Вялізныя сінія вочы Пархверавы загарэліся неўтаймаванай ярасцю. Ён узнёс двухручны меч і слепа апусціў яго. Тумаш ледзь паспеў паставіць свайго лёгкага каня дыбам, і лязо ўторкнулася глыбока ў зямлю. І тады Фама даў ворагу спрытнага выспятка ў адстаўлены азадак. Пархвер вылецеў з сядла. Рогат пакаціўся над полем. Пераможцы памчалі да сваіх.
Карніла ўзняў руку ў жалезнай пальчатцы і апусціў яе.
— Рушай!
Адбылося лёгкае замяшанне. Чвяканне далятала адусюль.
— Коні загразнулі, — сказаў нехта. — Не паспеем выбрацца і ўзяць рад.
— Чорт! — сказаў Карніла. — Халера! Каноны на лінію!
Пачалі цягнуць каноны. Але натоўп на грывах прыйшоў ужо ў рух, паплыў уніз, як белая лава. Павольна і грозна. Гарматныя майстры спяшаліся, але цяжкія каноны завальваліся, паказвалі хобаты небу.
…І раптам тысячы глотак зацягнулі дзікі і суровы харал.
Пан Бог цвярдыня. Цвярдыня мая.
Узняў ён далонь маю.
Як Давід на Галіяфа
Узняў.
Ногі ў поршнях тапталі верас. Раўлі над галовамі дуды, але галасы заглушалі іх. Павольна, вельмі павольна, у лунанні зброі над галавою, плылі мужычыя гурмы, нібы па лінейцы адрэзаныя спераду.
Вось мой народ,
Як ільвіца, ўстае.
Смелы,
Ён не ляжа,
Пакуль не нап'ецца варожай крыві.
Суровыя, як абпаленая гліна, былі твары старых. Суровыя, аліўкавыя ад загару твары маладых. Сурова і страшна і ўсё вышэй лунаў харал:
Як ільвіца, ўстае
І, як леў, уздымаецца.
Пан Бог над намі.
З намі ў гневе,
У гневе
Наш народ.
Ускінулася над галовамі белая з золатам і пурпурам харугва-сцяг.
Дзеці Юр'я святога,
Дзеці яго ўдзела,
Біце, забівайце. Не шкадуйце,
Не шкадуйце
Ворага.
І раптам гэты павольны, як лава, паток выбухнуў рыкам, пакаціўся з неймавернай, усескрышальнай хуткасцю. Лес зброі ўсё вырастаў над ім, усё бліжэй былі звар'яцелыя ад гневу абліччы. Час прыйшоў.
— А-а-а! Юры! Юры! Край! Край!
Раўнулі насустрач ім каноны. Круглыя белыя хлапякі дыму расплыліся ў туман. Але было позна. Гурма бегла і вырастала, бы ў сне. Наляцела. Затапіла. Узнесліся бусакі, пачалі хапаць коннікаў і вырываць іх з сёдлаў на зямлю, з якой яны, цяжкія, амаль не маглі ўзняцца. Паляцелі стрэлы і камяні. Заляскалі доўбні і цапы па жалезных шаломах.
І пайшла малацьба.
Читать дальше