— Маўчыце!
Затросся ад удару кулаком стол. І тады Фама, у захапленні, што можна паказаць сябе, з бразганнем вытаргнуў меч і секануў ім па сталешніцы. Стол разваліўся напалам. Стала ціха і цёмна. Раввуні нашарыў свечку, выбіў крэсівам іскру, запаліў.
Апосталы, сціснуўшыся, глядзелі на Хрыста.
— Вось што, — сказаў ён. — Я гэта не дзеля сябе. Патрэбныя вы мне дужа. Я гэта для вас, святыя душы. Шкодзілі — замольвайце грахі. Хто пойдзе адсюль — аддам мужыкам. Вось як.
— Вось як, — сказаў Тумаш.
— Вось як, — паўтарыў Раввуні.
Апосталы вінавата, як пабітыя, пераглянуліся.
— Ды што, — сказаў Сымон. — І мне карціцца ў Гародню ўвайсці. Паглядзець, як там, коні там якія. Я ўжо быў і адвучыўся…
— Дый праўда, — сказаў Пятро. — Кінуць на парозе…
— Гэта… Грэх.
— Хто крок зробіць — таго я мячом, — сказаў Фама.
— Таго я мячом, — рашуча сказаў Раввуні.
— Добра, — за ўсіх сказаў Андрэй.
— Мы ў ісціне хочам хадзіць, — падтакнуў Ян. — Ты нам вер.
— Паспрабую. У апошні раз. — І Хрыстос убачыў твар Фамы, нейкі сабраны, дзіўны твар. — Ты чаго, Тумаш?
— Абрыдлі мне гэтыя паганцы. Вось паклічу ўсю сваю веру, і палова іх з хаты знікне. Хай ля агню ходзяць.
— Валі, — сказаў Хрыстос.
Фама прыжмурыўся, сціснуў кулакі. Твар з нібы незнарок надзьмутымі шчокамі стаў яшчэ чырванейшы…
…Ляснулі дзверы. У хату зайшоў сівавусы:
— Паслы з Гародні. Басяцкі.
Фама моцна аддзьмуў паветра і залыпаў вачыма. Пасля плюнуў:
— Вось табе маеш. Яшчэ і нават больш стала… Не, брат. Як брыду нейкую наклікаць — гэта ў мяне лёгка. А як добрага чаго — гэта не.
Басяцкі ўвайшоў у хату і ўсміхнуўся ўсмешкай старога знаёмага.
— Вітаю цябе, Хрыстос. І вас, апосталы.
Убачыў рассечаны напалам стол. Плоскія вочы пашырыліся.
— Ды гэта так, — прысаромлена растлумачыў Юрась. — Трохі забаўляліся.
— Практыкаваліся трохі, — сказаў Фама.
— Тлумач, нашто тут? — сурова спытаў Братчык.
…Дамініканец скончыў. Усе сядзелі моўчкі. Стомлены цень ляжаў у вачніцах Юрася.
— Што ж, я выслухаў, — сказаў ён. — Дзякуй за выкуп.
У некаторых загарэліся вочы. Толькі Фама непаразумела і грэбліва склаў вусны, ды Раввуні ўскінуў галаву.
Хрыстос цяпер глядзеў у вочы Басяцкаму. І доктар ганорыс каўза са здзіўленнем убачыў, што зараз з гэтых вялізных вачэй не плыве тое, што няўлоўна падпарадкоўвала чалавека, нібыта робячы яго больш добрым. Вочы былі разважлівыя і сухія.
— Бачыш, — сказаў Хрыстос. — Гэта як палічыць, колькі на Белай Русі простых, ды падзяліць, дык на адзін залаты — сорак чалавек.
— Ну. Ды яны і таго не мелі. Бярэш?
— Разумееш, страшэнна мне шкада. І ўзяў бы, раз людзі добрыя так стараюцца даць. Нельга ж крыўдзіць. Бога ў душы мець трэба. Ды вось толькі для аднаго мяне гэтыя сто тысяч — многа. Не каштую сам столькі. А як на ўвесь народ падзяліць — ганебна мала. Ну, чаго ім з гэтага? Адных поршняў больш ператапталі, сюды ідучы. Усё адно як старгаваць карову па дарозе на кірмаш ды, не ўбачыўшы яго, перці назад. Прабач, не хачу я нічога браць ад вас.
— Узнясіся, азалацім! Свабодны будзеш.
— Дык дзеля мяне тае свабоды і так досыць. А ты унь іх спытай.
Дамініканец вадзіў вачыма па тварах апосталаў і цвёрда ведаў, што гэтыя пайшлі б на згоду.
— Ды мы з імі дамовімся.
— Глядзіш не туды, мніх.
Юрась паказваў у акно. За акном былі агні. Нібы зорнае неба ўпала на зямлю.
— Можа, гукнуць? Расказаць пра выкуп. Спытаць, ці досыць ім свабоды? Ці не аддадуць лішняй?
Басяцкі зразумеў, што ўсё кончана. Толькі не ўтрымаўся, каб не буркнуць:
— Свабода… Свабода… Кожны раз, як вы яе клікнеце — яна падымае галаву. Не торгайце вы яе. Яна харошая баба. Дайце вы ёй год сто паспаць спакойна, а там хаця канец свету — няхай устае.
— Яна харошая баба, — сказаў Хрыстос. — Наша баба. А паколькі яна наша баба — не твая, мніх, справа, у які час ночы нам яе будзіць. Ты мніх, святы, значыцца, ты ў гэтых справах разумець не павінен.
Спакойны, амаль лянівы здзек. Пёс Божы ўздыхнуў:
— Не, Хрыстос. Гэта не я, відаць, святы, а ты, калі столькі золата бабе пад ногі кінуў, абы ёй на імгненне ў вочы зірнуць, а пасля здохнуць без пакаяння.
Хрыстос устаў:
— Ідзі ты адсюль. Дарэмна стараўся ехаць. Не баімся мы каралевы, не патрэбен нам водкуп. Але, святы. Д'яблам быў, а цяпер святы. Свяцейшы за Паўлу.
Схіліўся да яго і сказаў шэптам:
— У цямніцах сядзеў, мяне ранілі, я сто разоў быў пры смерці.
Пальцы схапілі дамініканца за патыліцу сталёвай хваткай, няўхільна павярнулі тварам да акна, да агнёў.
Читать дальше