— Таму вось табе загад: вязаць, забіваць усіх, хто прызывае імя Гасподне.
Гадзінай пазней Лотр і Басяцкі на чужых конях і ў звычайных ваўняных плашчах з капюшонамі, што хавалі амаль увесь твар, ездзілі па горадзе і прыслухоўваліся да таго, што гавораць.
Горад гудзеў, як вулей, у які нейкі гарэза кінуў каменьчык. Паўсюль спрачаліся, а сям-там справа даходзіла і да грудзей. Але паўсюль фонам размовы было:
— Мужычы… мужычы… мужычы Хрыстос!
І толькі вяртаючыся дамоў, на Старым рынку, калі замак быў рукою падаць, трапілі яны ў непрыемны пераплёт.
На Старым рынку лаяліся, лаяліся да зубоў і пены. Ішоў дыспут між маладзенькім бялявым шкаляром і мажным сівым манахам. Манах відавочна перамагаў. А ўбаку стаялі і з цікавасцю глядзелі на ўсё гэта людзі, якіх Лотр не любіў і пабойваўся ледзь не болей, чым ілжэ-Хрыста, што зараз ішоў на горад.
«З тым ясна, махляр, бунтаўшчык, і ўсё, — думаў Лотр. — А хто гэтыя? Хто гэты юнак Бекеш? Ён багаты, бач якая рука! Што прымушае яго з пагардай глядзець на цудоўна ўладкаваны свет? І хто гэты Кляонік, што стаіць побач з ім? Разьбяр багоў, пачэсная работа. Што яму? І што гэтаму Альбіну-Рагвалу-Алёйзе Крыштофічу ў францысканскім белым плашчы? Мяцежнікі? Ды не. Бязбожнікі? Пакуль, здаецца, не. Чаму ж яны так непакояць? Можа, таму, што ад гэтых ухвалы не дачакаешся, што яны бачаць усё, што кожная дзея высокіх людзей для іх — да апошняга дна зразумелы, малапачцівы фокус? А можа, таму, што яны ўсё разумеюць і ўсё раз'ядаюць сваёй думкай, нібы царскай гарэлкай. Нават золата багатых. Так вось гэта, відаць, і самае страшнае. Думаюць. І ўсё, што было дагэтуль, не вытрымлівае, па гэтай думцы, ніякай крытыкі, не можа быць фецішам. Адзінае бажышча — чалавек, якога пакуль няма. Ну, а калі ён, чалавек, іхнімі намаганнямі і верай ды дарасце да такога бажышча?! Падумаць страшна. Памяць знішчаць. Магілы аплююць».
Бес асцярожна аддзяліўся ад Лотравай спіны і знік. Кардынал стаў слухаць.
— Дык вось, — «дабіваючы», сказаў манах. — Калі папа Ян ХХІІ казаў, што за забойства бацькі і маці чалавек плоціць у канцылярыю 17 ліўраў і 4 су, а забіўшы біскупа — 131 ліўр і 14 су; ён не казаў гэтым, што можна забіваць бацьку ці біскупаў, а проста паказаў цёмнаму народу ў адзіна зразумелы для яго спосаб, што такое людзі плоці, хаця б і самыя дарагія, і што такое людзі духу, людзі вышэйшай ідэі.
Шкаляр маўчаў. Ён не ведаў «Кодэкса апостальскай канцылярыі», якому было дзвесце год.
— Нават тупыя мазгі хама могуць зразумець такі просты спосаб ацэнкі, — трыумфальна агалашаў манах. — Вось што такое плоць і што такое душа!
Бекеш хацеў быў утрымаць Крыштофіча, але францысканец мякка вызваліўся. Усміхнуўся сябрам іранічнымі цёмнымі вачыма, зрабіў крок да шкаляра, які азіраўся, шукаючы падмогі:
— Малайчына, сын мой, ты зрабіў, што мог. Не твая віна, што ты пакуль не ведаеш гэтай брыды, забароненай яшчэ Піліпам пятым.
Шкаляр пачаў лавіць руку Альбіна. Той перахапіў ягоныя рукі, пацалаваў у лоб.
— Запомні, руку нельга цалаваць нават Богу, калі ён з'явіўся ў вобліку чалавечым, бо цалуеш ты плоць. А Богу-духу нельга пацалаваць рукі. Ergo нікому не цалуй рук.
І лагічна дадаў:
— Акрамя жанчын. Але, урэшце, гэтаму цябе, як прыйдзе твой час, вучыць не давядзецца.
Стаў супраць дамініканца, увесь белы, румяны тварам, спакойны.
— Значыцца, брат спявае алілуйю душы. Я згодзен з ім. Калі б ён вытрымаў сорак гадзін на коле — ён бы яшчэ больш р'яна заспяваў славаслоўе духу. Брат дазволіць замяніць мне гэтага маладзёна? Я цалкам згодзен з братам, але хацеў бы перавесці нашу спрэчку трохі… убок, назваўшы яе, скажам, «плоць, душа, ліцамер'е, або розум аб плоці, душы і аб тых, хто стаіць на варце іх».
Манахавы вочы забегалі. Ён адчуваў, што супраць яго магутны праціўнік, які з вонкавай зычлівасцю гуляе апанентам, як мячыкам. Але не згадзіцца, ды яшчэ з павернутай тэмай, гэта азначала прызнаць свой разгром. А іх не дзеля гэтага выслалі на вуліцы. Трэба было крычаць і спрачацца, каб люд не думаў аб тым, хто стаіць пад мурамі. Урэшце, хай нават і гэтая спрэчка.
— Калі ласка, — сказаў ён…
Крыштофіч уздыхнуў. Пасля рукі ягоныя цвёрда ўхапілі парэнчы подыюма.
— Брат сцвярджае, што «Кодэкс», ацэньваючы біскупа ў сем разоў даражэй за бацькоў, проста і наглядна сцвярджае аб тым, што такое чалавек плоці, набліжаны да суседзяў і сямейнікаў, і што такое чалавек духу і ідэі, то бок набліжаны да вярхоў.
— Так, — сцвердзіў дамініканец.
— Дазвольце нагадаць брату, што далей там сказана: за першага забітага свяшчэнніка — 137 ліўраў 9 су, а за кожнага астатняга — палову цаны.
Читать дальше