Няма чаго было і думаць узяць хітрасцю яшчэ і гэтых. Даводзілася шукаць адкрытага бою, і сэрца Хрыстова балела пры думцы аб тым, колькі будзе забітых (ён ужо ўсё ведаў ад Магдаліны аб Анеі, і ад гэтага было яшчэ горш). Але як бы ні балела сэрца, ён бачыў, што без сечы не абыдзешся. Не кінулі б зброі самі людзі, задзертыя за жывое спусташэннем, крыўдай і забойствамі. Усе нібы моўчкі вырашылі: не выпускаць.
Урэшце яны самі пачалі паліць лес і перастаялыя сухія травы.
Малыя атрады рассыпаліся наперад, каб падпальваць там, дзе арда магла прарвацца. Адразаючы дарогу агнём, прымушаючы арду зварочваць туды, дзе ёй не трэба было, раць паступова сцягвала вакол крымчакоў агнявую пятлю.
Людзі ішлі чорныя ад дыму, толькі зубы ды вочы блішчэлі. Паўсюль дзень і ноч, дзень і ноч палалі лясы, і нізка вісела над зямлёй засмужанае, спякотнае неба.
Урэшце ім удалося зацягнуць мех. Яны прыціснулі мурзу Сяліма да Нёмана, ля вёскі Бяроза. На тым баку таксама, як і на гэтым, з бакоў зырка гарэлі лясы і курэлі балоты. Ісці ракой Мурза не рызыкнуў. Помніў, чым скончылася хрышчэнне на возеры.
Ён не баяўся. Ягоныя людзі не адставалі: адстаць азначала памерці. А людзі Хрыста, сцёршы ногі ці знясілеўшы, ахвотна заставаліся сярод сваіх. Куды лепей узброены, хаця і роўны па колькасці людзей ворагу, татарскі загон ведаў, што пераможа.
Яны не ўлічылі гневу і жадання перамагчы ў сэрцы гаспадароў зямлі. Калі раніцай зноў узнік на шырокім полі белы ланцуг і зноў загучала «Багародзіца», яны зразумелі, што не той гэта ланцуг і не той харал. Там стаялі сотні, што хацелі памерці. Тут ішоў народ. Іуда сказаў з гэтай прычыны, што Бог памагае толькі тады, калі паможаш ты сабе сам.
Хрыстос наперадзе ланцуга — быў народ. Іуда з вечным сваім сувоем і сцілом — быў народ. Фама з двухручным мячом, роўным яму па даўжыні, — быў народ. Народ, які рухаўся, ашчацініўшыся дзідамі. І калі ўзвіўся над радамі крык, яшчэ да таго як татары і беларусы сутыкнуліся, Сялім зразумеў, што ён загінуў.
…У чатырохгадзіннай лютай сечы беларусы ўзялі поле. Узялі вялікай крывёй, але не выпусцілі з яго ніводнай душы.
У гэтым не было суцяшэння. Не было суцяшэння ў тым, што і тыя загінулі, бо і тыя былі людзі, і шмат у каго з іх была толькі сапрэлая сарочка пад кальчугай. Бо і над тымі быў свой Лотр і патрэба штодзённа даводзіць, што ты адданы ханству і яму. Яны проста шукалі свой кавалак ежы. Шукалі не там, дзе трэба, а там, куды вяла іх шабля, занесеная над галавой.
…Цяпер пра гэта можна было думаць. І Юрась думаў, разглядаючы клейну, якую трымаў у руках. Вось гэта абяцаў яму на лоб Марлора. Замест гэтага сам атрымаў стралу ў лоб.
Між броваў у Юрася была доўгая зморшчына. Учора яе яшчэ не было. Ён быў той самы, але большасць апосталаў і Магдаліна відавочна пачыналі яго пабойвацца.
Пад вечар праз натоўп прывялі на аркане Сяліма. Ён не паспеў прарвацца далёка.
Але яшчэ да таго, як Хрыстос пачаў гаварыць з ім, перад Юрасем сталі выбраныя ад мужычай раці і папрасілі адпусціць іх. Лета хілілася на восень, хаты былі спаленыя, нівы выбітыя, ворагаў не было. Трэба было паспець падабраць хаця тое, што не вытапталі, ды паспець выкапаць сякія-такія зямлянкі.
— З азімінаю, думаю, не спазніліся… Сеяць трэба. Мужыкі мы.
— А дадуць вам гэта зрабіць? — спытаў Хрыстос.
— Павінны б… Але ўсё адно… Зямля кліча… Патрабуе: «Сеяць!»
— Пойдзеце, — сказаў Хрыстос, — а нас тут, безабаронных, заколюць.
— Цябе? — над усім натоўпам выбухнуў рогат.
Юрась убачыў, як нейкі мужык, падабраўшы ятаган (а ён, выгнуты, сячэ, як вядома, унутраным бокам, нібы серп), разглядае сталь, мацае яе пальцам.
Урэшце мужык радасна ўхмыльнуўся, схіліўся і пачаў спрытна рэзаць ятаганам траву: здагадаўся, да чаго ён прыдатны.
І тады Хрыстос зразумеў — утрымаць не ўдасца. Значыць, як бы цяпер ні шукалі, як бы ні ганяліся (а цяпер будуць ганяцца ўтрапёна, як за зверам, таму што пасля падвойнага разгрому ён страшны ім) — давядзецца ўцякаць, хавацца недзе ў леснічоўках або нават імчаць нагамі за мяжу.
— Добра, — сказаў ён. — Ідзіце, людзі. Чаго ўжо.
Сялім глядзеў на яго поўным трыумфу позіркам. І, нягледзячы на тое, што твар яго быў у зямлі і куродыме, здавалася, што пераможца — ён, а не чалавек, які стаяў на схіле і працягнутымі рукамі (з'явіўся ў яго з нядаўняга часу такі жэст: распасцёртыя да людзей рукі), з раптоўнай чыгуннай стомай і абыякавасцю развітваўся з натоўпамі, якія плылі з поля ў розныя бакі. Яны крычалі да яго радасна, але ішлі хутка. Упэўненыя былі, што з ім нічога не здарыцца, а вось неаплодненая зямля можа адпомсціць.
Читать дальше