— Твар твой — пятка, што не мае сораму, — выскаліўся крымчак. — Таму што не чырванее пятка. Што маніш? Глядзі!
Па мурах, іконах, статуях плыло золата. Уладары маўчалі. Сялім павольна выцягваў шаблю з піхваў. Яна выпаўзала з іх амаль нябачнымі рыўцамі, як змяя.
— Імгненне кожнае прыбаўляе да вашай даніны. Я вырву шаблю, і што тады ўратуе вас?… Імгненне кожнае прыбаўляе… Бо татары — пайшлі!
І такая нахабная сіла была ў гэтым голасе і ў павольным выпаўзанні сталі, што ўсе нібы пачулі далёкае гіканне, несамавіты гул бубнаў, рыданні вярблюдаў і аслоў і шалёны пошчак капытоў нялічанай арды.
Шабля выпаўзла амаль да канца.
— Дан, — выскаліўся мурза. — Дан давай — жыць будзеш.
Людзі ў прытворы пераглянуліся. І тут Басяцкі ласкава, з адчуваннем сваёй годнасці ўзняў руку:
— Стой.
Мурза ўсміхнуўся і з ляскам закінуў шаблю назад у піхвы.
— Не пагражай нам, мурза. Мы досыць моцныя, каб растаптаць вас.
Варта ля дзвярэй ускінула галовы.
— І калі мы ўсё ж дамо табе тое, аб чым просіш, то не з боязі, — плоскія вочы смяяліся, — а таму, што так загадвае нам наш Бог. Сказана бо ў Мацея: «І хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе сарочку — аддай яму і верхнюю вопратку».
— Добрая вера, — сказаў мурза. — Зручная для моцнага вера.
— Ты што ж, не кранеш тады зямлі? — спытаў Грынь Балвановіч.
— Нашто «зямлі»? В а ш а й зямлі не крану.
Сінкліт думаў.
«Прасяшчаму ў цябе — дай», — ціха сказаў Лотр.
— Па вазе дай, — сказаў крымчак.
Жаба ціха забубніў:
— Няверныя вагі, сказаў Саламон, брыда перад Панам Богам, але правільная вага жаданая яму.
— І жанчын дайце нам. Бо нам патрэбны жанчыны. Нараджаць моцных ваякаў… дзеля нашай веры.
Кардынал і мніх пераглянуліся. Зразумеў іх таксама біскуп.
— Хіба што… некалькі манастыроў, — узняў ён грозныя бровы. — Усё адно з манашак талковага, як з кошкі воўны.
Мніх ціха сказаў:
— Машкаўскі… Ігуменні сказаць, каб каго ўжо каго, а тую выдала басурманам, — і ўсміхнуўся. — Нічога, яны там з іхнім вопытам не адну, а тры арды адразу знутры раскладуць.
Татарын глядзеў на тых, што шапталіся, чакаў.
— Дамо, — сказаў Лотр. — Толькі каб зберагчы мір.
— Будзе мір, — падступна ўсміхнуўся крымчак.
Карніла зашаптаў Лотру на вуха:
— А як падмануць? Грошыкі ж на рамонт мура ля Лідскай брамы вечна нехта ў кішэнь?…
— Ну-ну.
— А мур там такі, што я кожны раз з жахам гляджу, калі да яго сабакі падыходзяць ды падмываюць. Грошай не даяце.
— Рада хай плоціць, — сказаў кардынал.
— Вы аднойчы ўжо магістрацкія грошы цю-у, — сказаў, дачуўшыся, Юстын. — А гарадская рада заўсёды была бедная, як царкоўны… прабачце, як магістрацкі пацук.
— Тым больш адкупіцца трэба, — бязгучна сказаў Лотр і ўголас дадаў: — Мы пакажам табе, дзе вы будзеце мець права браць жанчын, мурза. Першым можаце Машкаўскі кляштар…
У гэты момант моцна аддаўся пад гатычнымі скляпеннямі гук смачнага пляўка.
Плюнуў малады чалавек год дваццаці пяці, які стаяў сярод варты. Худы, але цыбаты і моцны, у цяжкіх латах ад шыі да ног (шлем ён пачціва трымаў у руцэ, і доўгія попельныя валасы ягоныя ляжалі на сталёвых наплечніках), ён цяпер выціраў тыльным бокам вузкай і моцнай далоні вялікі і цвёрды рот, рот утрапёнага.
Шэрыя, прыгожай формы вочы глядзелі з абурэннем, саркастычнай усмешкай і амаль з фанатычным гневам. Просты нос нібы акасцянеў.
— Тфу!
— Гэй, ты гэта што, у храме?… — спытаў Карніла.
— Кар-чма гэта, а не храм, — кінуў чалавек. — Таргі! Хто са мною? Мы ім…
Некалькі чалавек рушылі за ім.
— Будуць ваяваць? — занепакоена спытаў мурза.
— Адступнікі, — сказаў Лотр. — Сказана — «не забі». Тысячнік, загадай, калі скончым, замкнуць браму і не выпускаць з горада мяшчан.
Так завяршыўся самы ганебны торг з басурманамі, які калі-небудзь ведала Зямля Белай Русі. З тым, хто плюнуў, з правадыром асуджанага заслону, паспела выйсці, дзеля ўратавання сумлення і гонару, не больш як за трыста — чатырыста чалавек, пераважна без коней. Выйшлі на верную смерць.
У гонар гародзенцаў варта сказаць і тое, што пасля таго, як тысячнік зачыніў брамы, нешта чалавек каля пяцідзесяці ўмудрылася спусціцца з муроў і ўсё ж уцячы за раццю.
…але ў людзях рыцарскіх, каторых там мноства пагінула, вялікую шкоду карона падняла.
«Кроніка Белай Русі»
СЛОВА АД ЛЕТАПІСЦА
«І ўторгнуліся, і ўварваліся татараве крымскія ў нашы краі, і здарылася так, што не было ім, папушчэннем Божым, заслоны, і рассыпаліся яны там і там. О войска вялікае, шмат тысячаў ездных! О гора вялікае! Не спадзяваліся на тое, заўжды з пакораю Бога вялікага аб міры і спакою просячы, пры міры жывучы.
Читать дальше