Загорскі перамог. Але гэта не прынесла радасці. Брыдка! Нізкі свет!
І ён пусціўся ў разгул так, што самому страшна рабілася. Загоршчыну запісаў на сына. Мільён яшчэ да вайны быў пераведзены за мяжу і пакладзены роўнымі долямі, пад тры складаныя працэнты гадавых, напалову ў швейцарскі і напалову ў англійскі банк.
Нашчадкам няма чаго дакараць яго за разгул. Ён нікога не збядняе. Ён прапівае паўдзённыя землі. Піце, людзі! Піце! Гуляйце ўсе!
Скакалі коні, захлынаючыся бомамі, стралялі гарматы, лілося віно, купляліся статуі і карціны. Кожны месяц нехта абпіваўся да святых дароў.
…Пакрысе гэта абрыдла яму. З нешматлікімі сябрамі ён замкнуўся ў маёнтку, стварыўшы нешта накшталт братэрства, філосафам якога быў Эпікур, а рэлігіяй – Вальтэр.
Музыканты. Спектаклі прыгоннай оперы. Усё, што можа даць мастацтва і вытанчанасць, прырода і каханне.
І пустата.
Паступова адыходзілі верныя сябры. І толькі ён са сваім жалезным здароўем жыў, усё глыбей пагразаючы ў меланхоліі і мізантропіі. Памерла дачка – і да ўсяго гэтага (з узростам ён стаў мякчэйшы) дадаліся туга, мукі сумлення.
Яму было пяцьдзесят чатыры, калі ён канчаткова страціў веру ў сумленне і гонар улад, у карыснасць дзяржаў, у тое, што свет ідзе да лепшага. У гэты год цар страляў у людзей з гармат. Тыя людзі былі храбрыя, браты па духу, бескарыслівыя, сумленныя. Не кур’яны, не баранавы – цвет зямлі! І што ж зрабілі з імі? Вешаць дваран! І хто?! Фельдфебель!..
Ажаніўся сын, нарадзіўся Алесь. Нішто не змяніла дзедавай велікапышнай самоты. Толькі ад сына ён аддаліўся, – нявестка зноў завяла ў Загоршчыне папа. Ён бачыў іх рэдка, раз у год-два.
Калі нарадзіўся другі ўнук – ён ажывіўся. Яму здалася забаўнай новая ідэя. Бацькоўскай уладай ён загадаў, каб унука хрысцілі ў касцёле.
– Народ раздзялілі гэтай верай. Сварацца, як быццам не адной маці дзеці. І кожны лічыць, што мае рацыю, калі гыркае. Дык няхай хаця два браты будуць іншай веры.
Вымушаны былі зрабіць па яго і ўнуку далі імя Вацлаў.
Але нічога не змянілася.
Пышны і магутны абломак старасвеччыны, ён згасаў, абкружаны мастацтвам, паркамі, дзівоснай скульптурай і музыкай.
Яму нічога не было патрэбна. Ён ведаў людзей. Ён ведаў свет.
………………………………………………………………………………
Да гэтага чалавека цяпер ехаў Алесь.
На тым беразе цягнулася і цягнулася Доўгая Круча.
Дняпро ў гэтым месцы быў просты, як страла, і як страла імчаўся паміж берагамі – высокім і нізкім. А круча на тым беразе была самым дзіўным, што калі-небудзь ён свавольна ўтвараў.
Даўжынёю з вярсту і вышынёю сажняў на пяцьдзесят, роўная, нібы па лінейцы праведзеная ў даўжыню і ў вышыню, яна была з крывава-чырвонай гліны, цвёрдай, як камень, непрыступнай ні для нягоды, ні для вады. І на гэтай строме, карэннямі ўгору, там-сям віселі сосны з залацістымі стваламі і свежай гліцай, віселі паміж небам і зямлёй, скарлючаныя, перавітыя, як вязка змей, няскораныя ў сваім жаданні жыць там, дзе не здолеў і не захацеў жыць ніхто.
За кручай і вышэй яе Дняпро шырэў, разліваючыся. Круча стрымлівала яго, не давала прарвацца ўніз і змыць усё на сваім шляху.
Касюнька ступала стомлена, але ўсё яшчэ гулліва. І вось за Кручай, за невялікім разлівам, перад Алесевымі вачыма паказаліся ўзгоркі, на якіх, як вока сягала, густа зелянеў неаглядны парк. А ў парку, на грэбені высокай грады, зіхацела нешта блакітнае і залатое. Белае, блакітнае і залатое ў пералівах вясёлкавых вадзяных струменяў.
За мостам дарога зварочвала і вяла ўздоўж Дняпра. Сажняў праз пяцьдзесят ён заўважыў пазалочаную паркавую агароджу, нібы звітую са сцяблін і траў, простую і прыгожую. Агароджа ішла і ўправа і ўлева, губляючыся ў зеляніне. А там, дзе да яе падыходзіла дарога, была брама, шырока расчыненая ў зялёны змрок алеі. Людзей не было. Толькі недзе далёка, у шатах, мякка гучалі нейкія струны, як Эолава арфа. Алесь не ведаў, што за ім сочаць і што цяпер на яго непрыкметна глядзяць дзве пары вачэй.
Пастаяўшы перад брамай, пагладзіўшы Алму, якая прыўстала на луцэ, топчучы лапамі хвасты дзвюх качак, малады коннік паціснуў плячыма і рушыў каня ў змрок алеі. Сонца было яшчэ даволі высока.
Адхон, зарослы векавымі дрэвамі, цягнуўся з левага боку. У адным месцы на яго ўзбягалі звілістым серпанцінам мармуровыя сходы з шырокімі прыступкамі. Але гэта відавочна было не для каня. Затым алея павярнула ў шырокі яр, дзе буяла разнатраўе. Ён не ведаў, што з самага “вялікага сядзення ў камяніцы” за паркам перасталі сачыць. Калі ж сядзенне скончылася, дзеду так спадабалася чароўнае спалучэнне працы садоўніка, які распланаваў і да часу выхоўваў дрэвы, і свавольства прыроды, якая вызваліла іх ад прыгнёту нажніц, што ён загадаў пакінуць парк у спакоі. І вось цяпер парк буяў, і ў ім было надзіва хораша. Сярод буйнага лесу, ледзь ачышчанага ад ветрабою і пустазелля ды ад куставога смецця, трапляліся вельмі рэдка, толькі каб паказаць, што гэта не лес, што гэта назнарок, то два-тры дзікія камяні над уваходам у пячору, то зялёны амур, увесь у штучна ўзрошчаным на ім моху. Амур глядзеў на конніка, прыклаўшы палец да вуснаў, а ля яго ног было высечана на камені: “Сhut!” [57] Віват Генрых Чацвёрты… (франц.)
Читать дальше