Такім думкам аддаваўся Даніла Загорскі, усё яшчэ ўмацоўваючы камяніцу, рыхтуючы яшчэ адну хітрасць і п’ючы, бы ў пустыні. А потым, калі Карсіканец сапраўды загрымеў, з Пецярбурга прыехаў рэвізор, каб расследаваць справу пра манастыр, генерал-ад’ютант Баранаў…
“Эге, сілаю браць не будуць, – падумаў пан. – Справа за часам прыахалола і здаецца ўжо не такой важнай. Трэба рызыкнуць”.
І ён рызыкнуў: запрасіў генерал-ад’ютанта ў Вежу. А там на вячэру. А там – у камяніцу.
Баранаў убачыў валы, порах, гарматы, узброеных людзей, а ў камяніцы бясцэнныя габелены, антыкі, карціны.
– Чаму гэта тут? – Баранаў успомніў бочкі з порахам у скляпеннях і здрыгануўся. – Жыццё вам, спадзяюся, не абрыдла?
– Я фаталіст. Трапіць дык трапіць.
– А калекцыі?
– Я не хачу, каб імі цешыўся нехта яшчэ. Зрэшты, вам магу падарыць гэтага фаўна.
Фаўн з часам прыдбаў высакародную цёмную паціну, уцёртую ў мармур. Яна не зніжала яго белі, а толькі надавала яму рэльефнасць і прыгажосць жывога цела.
Фаўн з’едліва ўсміхнуўся Баранаву. Генерал не помніў сябе ад радасці. Гэта было больш каштоўна, чым “Нерон” Юсупава, звычайны афіцыйны бюст рымскіх часоў. У Юсупава была толькі адна “ступа” з такой вось пацінай. А гэта… Элада! У яго, Баранава, ёсць ужо бюст Агрыпіны. Цяпер ён пераплюне і Юсупава з яго “ступаю” і Шарамецева з ягонай славутай пампейскай “Козачкай”.
– Бярыце, генерал. Я вызваляю гэтага фаўна ад наканаванасці.
Загорскі ўбачыў, што клюнула. Некалькі такіх пастак, для кожнага тыпу людзей, было расстаўлена ў яго.
– Пашкадуйце гэта, князь, – узмаліўся рэвізор. – Выбух – і…
– Усё адно жывём на вулкане. Не я, дык нехта другі.
Баранаў зразумеў намёк. Ды гары яно гарам, каб праз вежу нейкага ідыёцкага манастыра загінула такое. Але яму было страшна: а раптам і на яго данос?
– Вы ведаеце, што на вас ёсць ананімны данос, князь?
– Магчыма. У мяне шмат ворагаў.
– Аб манастыры.
– Чуў і такое. Спадзяюся, не ігумен скардзіўся.
– Не, ён якраз маўчыць.
“Яшчэ б ён крычаў, – падумаў князь. – Хто яго, калі ён крычаць будзе, бітага на месцы пакіне”.
– Бачыце, ветру з манастыра… мне баяцца не даводзіцца. Я ж кажу: плётка ворагаў.
– А дачка?
– Ды што дачка. Вы лепей спытайце ў яе і ў зяця. Жывуць. Пасаг – дзве тысячы душ. Чаго ім яшчэ?
Баранаў паспакайнеў.
– А хто ж манастыр спаліў?
– Французы, любы генерал, французы. Усё яны, фармазоны. Буанапартэ…
– А кляштар?
– Але, – сказаў Загорскі, – частавалі нас там, частавалі. Такія гасцінныя людзі!
І ўсхапіўся:
– Няўжо яны скардзіліся?
– Што вы. Наадварот, хваляць.
– Вось бачыце, генерал, як можна звяртаць увагу на данос без подпісу… Дый наогул, што гаварыць аб гэтым… Давайце лепей у фараон перакінемся.
“Сволач, – падумаў Баранаў. – Яшчэ дражніць. Ну, я ж табе зараз за фаўна грошы прагуляю. Адмовіцца не магу, па няшчаснай слабасці маёй да антыкаў, дык я ж зраблю так, што я ў цябе гэтага фаўна куплю. І рукі будуць вольныя”.
– Калі ласка, князь.
“Дурань, – думаў Загорскі. – Ты ж не толькі дурань, ты яшчэ і сволач. Паглядзім, хто прайграе. Каб прайграць у час ды ўмела, на гэта лепшыя мазгі патрэбны, чым у цябе…”
Перад світаннем Загорскі ўстаў з-за стала ў страшэнным пройгрышы: прагуляў Загоршчыну. Баранаў, не разумеючы, як жа гэта так атрымалася, што ён узяў хабар, маліў яго не лічыць гульні ўсур’ёз.
– Радавы маёнтак, князь. Яго ж нельга прайграваць.
– Нельга. Але карты. Няшчасная слабасць!
– Давайце не лічыць.
– А гонар, генерал? Не, картачныя даўгі трэба плаціць.
Баранаў і верыў у хабар, і не верыў. Але нават калі і не хабар, хто паверыць, што не хабар. Радавы маёнтак таго, каго рэвізуеш. Дый не дазволяць! Апекаванне над “умственно несостоятельным” князем. Жах! Сведкі побач.
– Кіньце, генерал… Загоршчыну, вядома, шкада. Дык давайце я пад распіску аддам вам за яе грошы. Га? І нязручна не будзе. На імперыялах пячаткі няма, адкуль яны.
“Заблытаў, загубіў, акаянны… Адной пятлёй цяпер звязаныя. Ён на дно, і я на дно, за ім. Грошы, вядома, не скажуць, адкуль яны. А распіскі ён не пакажа. Божа, толькі б галаву з пятлі, ды давай бог ногі”.
І, унутрана прыміраючыся з усім, махнуў рукой.
А Загорскі, адлічыўшы грошы за траціну маёнтка, – “Хопіць і гэтага, ды і фаўн дапоўніць”, – гасцінна сказаў:
– Дык я статую да вас адпраўлю са сваімі.
Баранаў надзёрся ў маёнтку да сініх чарцей. Яго пасадзілі ў карэту і “еле можаху” адправілі ў Сухадол. Адтуль ён накіраваў у Пецярбург дэпешу, што “монастырь сгорел от неизвестной причины и, предпочтительно, едва ли не от руки злодея-корсиканца. Дальнейшее же дело за давностию и неотысканием следов, князя Загорского обеля, следует предать забвению”.
Читать дальше