– Гарэлі.
– Маглі б зусім згарэць. Пакуль давезлі – быў y цябе ўжо антонаў агонь. Скура вакол раны стала плямамі. Вось яно як, пане Корчак. Панамі быць захацелі – вось вам скуру і вырабілі.
– Пад сэрцам робіцца холадна. Значыць, канец?
Млынар пускае дым.
– Паглядзім, – кажа ён. – Першыя два дні смярдзела твая рана. Паглядзім, як цяпер.
– Не лай яго, – сухім голасам кажа Марта.
– Як жа не лаяць, – кажа Паківач, – калі ў яго ў кішках мазгі. Забыў, што такое пан і што мужык.
Злосць зноў падкочвае пад сэрца Корчаку. I ён кажа:
– Мы як ваўкі і як сабакі... Адных шчанюкоў нам з імі... ніколі... не пладзіць.
– Разумны, – кажа млынар, – ды толькі яшчэ ніколі воўк не вартаваў пакояў, a сабака не выў y начным лесе. Дык, значыць, і не лезьце ў хаўрус адзін да аднаго, не пніцеся. Яны, бач, справядлівасці захацелі.
– Кры-ыўда.
– Ну, a каб вы панамі сталі – не крыўда была б? Камусьці ўсё адно была б крыўда. Можа, яшчэ і горшая. Няма горш, як з хама пана, a з дзярма пірага.
Гэтыя буркатлівыя словы злуюць Корчака, але ён маўчыць.
– Можа, і горш, – кажа Паківач. – Бо ўсё адно, хто зверху будзе класці ногі на чужы карак. Дык y гэтых паноў ногі больш кволыя, чым твае ступакі. Іхнія ногі да дыгаў і скокаў звыклі, яны такога выспятка даць не могуць, як ты ў карчме.
– Іхнюю далікатнасць... зведаў... У крыжы стралялі, нехрысці.
– Навучылі, – усміхаецца Паківач. – I правільна зрабілі, што навучылі. Вы ж, палахліўцы, вёскай ад дзесяцёх уцякалі. Не з вашымі зубамі арэхі есці. Хоць бы тое падумаў, ці нападае ў Янаву ноч воўк?.. Не-е. Ён чакае той ночы, якую яму бог вызначыў, ён піліпаўкі чакае і тады ў сенцы ўлазіць, каб сабаку дастаць. Таму што бог яму тую ноч даў для ўлады. A да таго ён маўчыць, ён да сялібы не пойдзе, як вы... Палезлі – і наклалі ўсім сялом y порткі. Таму што як быццам і разам, a на справе – быдлячая чарада. Нішто вас не вяжа, кожнаму свая шкура даражэй... Калі не зменіцеся – так вам давеку быдлам і быць. Забасцё часам аднаго, дык адразу будзе над вамі новая пуга...
– Маўчы, Грынь, – сказала Марта. – Ты што, забыў, што ён ранены, што яго злаваць нельга.
– A i ты маўчы, – сказаў Грынь. – Давай, во, лепей перавязвай.
Марта разгортвала белыя анучы на грудзях Корчака. Паранены адчуў, як збалелае цела дробнай дрыготкай адказвае на штуршкі болю: Марта аддзірала палатно ад раны.
– Тц-тц-тц, – пацмокаў Паківач.
– Дрэнна? – спытаў Корчак, не расплюшчваючы вачэй.
– Лепей, – сказаў млынар. – Але яшчэ не зусім добра.
Яго грубыя рукі дасталі аднекуль жменю шараватай з прозеленню вязкай масы і пачалі раскладаць па ране. Корчак адчуў прыемны халадок.
– Падзякуй свайму богу: тры тыдні не пяклі... Лета, праснакамі абыходзімся, – сказала Марта. – Гэта плесня, што ў дзежцы на рошчыне вырастае, калі не пякуць хлеба.
– Ведаю, – сказаў Корчак. – Здымеш, a ніжэй добрая.
– Ну вось, – сказала Марта. – Калі ёсць божая воля – ачуняеш.
Пах рошчыны вярнуў Корчака да ўспамінаў аб хаце, аб жонцы і дзецях. Пасля ён успомніў хату і нябожчыцу матку. Матка збіралася саджаць y печ хлеб. “Хадзі сюды, сыночак”, – казала яна. Ён ведаў і падыходзіў. Рукі маці былі голыя вышэй локцяў. “Нахіляйся”, – казала маці. I потым яе рука з моцным плясканнем рэзка ўваходзіла ў надзьмутае грыбам цеста. Маці вырывала руку, і ён, малы хлопчык, прыпадаў носам да ямкі ў цесце, a адтуль – толькі на імгненне – шыбала кіслым і рэзкім, аж y вочы калола і ў галаве круцілася, неймаверна сытым і добрым духам. I гэта быў самы прыемны пах, дамавіты, як печ, як родная хата, і лепшы за кожны водар на зямлі – не нанюхаўся б і за ўсё жыццё. Таму што гэта быў – хлеб...
З прыемнымі дрыжыкамі (гэта адыходзіў боль) Корчак падумаў, што цяпер ён, пэўна, можа і не памерці...
...Таму што гэта быў хлеб, a ён верыў хлебу. У хлеб можна было верыць. У хлеб трэба было верыць. Ад хлеба жыццё і ад хлеба адужанне. Ад хлеба не можа не быць адужання. Ён нясе чалавека, і чалавек жыве дзеля яго, памагае яму стаць хлебам, a той за гэта дае чалавеку частку самога сябе. I ў гэтым хлеб вышэй за чалавека, бо чалавек аддае яму ўсяго сябе.
I гэта за хлеб лілася ў Півошчах мужыцкая кроў.
Ён, неяк адразу і да канца, зразумеў, што цяпер яму ніколі не есці хлеба, які падыходзіў y роднай дзяжы. Не есці ні ў хаце матчынай, ні ў сваёй хаце. Маці памерла, яе ніколі ўжо не ўбачыць. A ў сваёй...
– Грынь, – спытаў ён, – што ў Півошчах?
Паківачу стала весялей, – хлопец цікавіўся нечым, значыць, будзе жыць.
– У Півошчах зажывошчы, – сказаў ён. – Зажываюць над мужыкамі. Праўда, нікога не ўзялі, віцэ-губернатар абараніў. Таго-сяго адхвасталі за мэндлікі, ды і ўсё.
Читать дальше