Збянтэжаны гэтай акалічнасцю аконам (пан загадаў, y выпадку чаго, пайсці на маленькія ўступкі) прапанаваў пяць капеек на дзень. I тут Янка Губа, самы стары дзед на сяле, выступіў з натоўпу:
– Мы не жабракі, каб нам замазвалі глотку шасцю фунтамі ў дзень. Мы не па дварах просім, мы просім сваё, спрадвеку ўсталяванае.
Вочы яго былі, як y пакрыўджанага спакойнага дзіцяці.
– Ён пакрыўдзіць нас надумаўся... Што ж, хай падавіцца нашым хлебам... A за сіроцкія слёзы здохнуць яму без пакаяння... A раней таго няхай ведае – не будзе плаціць за згон, як то дзядамі заведзена, – ніхто не пойдзе на згон. Паншчыну адробім, a згон няхай вырабляе ўдвох з табою, аконам.
Аконам быў чалавек неразумны і ўзгарэўся:
– Тады хрэна вам замест хлеба. Жарыце зямлю... Хто яшчэ пагражаць будзе? Хто?! Халуі бязмозглыя! Вы ж бачыце, які цяжкі год. Хіба не пан дае вам пазыкі?! Хіба не ён за вашы нядоімкі перад дзяржавай адказвае сваімі грашыма?!
– За гэта мы на яго і працуем. Але нядоімак за намі не вялося. Пазык таксама. A калі гэтай вясной і давядзецца пазычаць з яго панскай літасці, то ў каго хочаш будзем пазычаць, толькі не ў яго, аспіда нясытага. Карчмару абразы ў заставу аддадзім, бо ён толькі што нехрысць, a ўсё лепшы за яго, пашчу ненажэрную.
– Пад зброяй пойдзеце, – кінуў пагрозу аконам.
I тут выступіў з радоў зусім яшчэ малады, год дваццаці васьмі, півошчынскі мужык па прозвішчы Корчак, працавіты бацька двох дзяцей. Толькі што вярнуўся са сціртаў (больш за ўсіх стараўся чалавек, бо сям'я ў бацькі была падзеленая і здабытчыкаў, акрамя яго, не было) і таму быў з віламі. Убіў іх y зямлю і спакойна абапёрся на дзяржальна.
– Не пагражай, аконам. Бог за пагрозы нявіннаму не даруе.
Стаяў перад аконамам бялявы, як лён, глядзеў чорнымі дрымучымі вачыма.
– A на згон не пойдзем. Калі пад зброяй павядуць, дык такую і працу атрымае пан Кастусь. Хай жаўнеры штыкамі снапы носяць.
– Зачыншчыкі! – сказаў аконам. – Ясна.
I дастаў з кішэні кніжку і аловак.
– Не дамо пісаць! Не дамо! – захваляваўся натоўп. – Чорт яго ведае што ён там напіша... A потым пячаць ляпнуць – і прападай душа.
Абураныя людзі купчыліся вакол старога Губы.
Першы не стрываў Васіль Гарлач, чалавек y беднай, але чыстай, старанна залапленай світцы:
– Ды што ж гэта такое?! За што?! За нашу крыўду ды яшчэ і пісаць.
– Нядобра робіш, аконам, – сказаў Корчак. – Глядзі, каб не рыгнулася.
– Дык вось як? – пыхнуў аконам. – Добра. Яшчэ і пагрозы. Гля-дзіце, мужыкі. Усё гэта вам прыпомняць. I ад згону адмову, і абразу пану, і... тое, што іконы святыя закласці іудзеям сабраліся... Кубло гадзючае! A табе, Губа, як завадатару, не мінуць і Сібіры.
Губа здзекліва глядзеў на яго.
– Чаго мне баяцца? Мне ўсяго жыцця з вераб'іныя нагавіцы. Ну і Сібір. Няхай. Ці не ўсё адно, адкуль да прабацькі Абрама на піва выпраўляцца...
– Ён яшчэ і блюзнерыць, ёмашнік стары... Патрэбен ты Абраму, парахня смярдзючая, – сказаў аконам.
Са старым Губой ніхто так не размаўляў. Абрам Абрамам, a павага патрэбна старому нават тады, калі ён скончыў зямныя справы. I таму пакрыўджаны Губа аскароміўся.
Аконам убачыў ледзь не пад самым сваім носам парэпаную цёмную дулю, нейкую вельмі доўгую і таму асабліва здзеклівую. I тады ён размахнуўся і сцёбнуў старога па пыльнай світцы, гарбатай на спіне.
I тут адбылося тое, чаго ніхто не чакаў ад заўсёды рахманага, паважна-маўклівага Корчака. Пэўна, і ён сам не чакаў, бо твар ягоны застаўся разважлівы і амаль спакойны. A рукі ў гэты час тарганулі з зямлі гáблі [45] Вілы.
і шпурнулі іх y аконама.
Вілы прасвісталі ў паветры і, дрыжучы, упіліся ў зямлю між расстаўленых аконамавых ног. Аконам збялеў.
A на яго ўжо насоўваўся натоўп.
– Гані адсюль!
– Паражняк адмяніў, поскудзь!
– Трэ-э-эці дзень!!!
– Плаці за згон!
– Рунь канямі топча, конаўка дурная!
Крык ап'яніў людзей, асабліва калі яны ўбачылі, што аконам ускінуўся ў сядло і прыпусціў уздоўж вясковай вуліцы. За весніцамі аконам кінуўся ўбок і паскакаў проста пожняй, без дарогі.
A ўзбуджэнне ўсё нарастала ў душах, і над натоўпам стаяў смех, ганарлівыя выгукі, свіст. Нясытае было лета, галодная будзе вясна – чорт з ёю! Чорт з ёю, абы на хвіліну прыйшлі ў душу патоля і гонар.
– Як гэта ты наважыўся, Корчак?! A каб пацэліў?
– Каб захацеў, дык пацэліў бы, – збянтэжана і трошкі горда пасмейваўся Корчак. – Што я, турак, каб y жывога хрысціяніна цаляць?
– Ды які ён хрысціянін?! Падла ён! Як жа... Згон дарма рабілі. A цяпер голад!
Читать дальше