Цяпер прыйшла чарга Алеся. Ён таксама нацягнуў боты, толькі белыя. Пасля замест паднізня бацька накінуў на яго шырокую белую кашулю з адным плячом, –на другім яе закалолі сярэбранай фібулай. Паўзверх кашулі пан Юры, па-мужску няспрытна, апрануў сына ў вузкую белую чугу, такую самую, як і ў самога, толькі тканую серабрыстымі і блякла-залацістымі травамі.
–Велікародныя гаспадары Загорскія, князі Сухадола і Вежы збіраюцца на вайну.
–Куды на вайну?
–Вядома куды. На аршанскае поле.
–Каго біць?
–Там скажуць!
–А за што?
–А так, –сказаў бацька. – Без дай прычыны. Каралеўскі загад.
Святочныя, яны выйшлі на тэрасу, дзе іх чакала маці з маленькім Вацлавам, гувернёры і некалькі слуг на чале з Кірдуном. Маці і Вацлаў былі ў звычайных святочных адзеннях з белага індыйскага мусліну і карункаў, гер Фельдбаўх у сурдуце, месье Жано – у зграбным чорным фраку.
Затое слугі, падобна гаспадару з сынам, былі таксама ў старой паюцкай вопратцы.
Маці прывіталася з сынам і ўстала за мужчынамі. Усе пачалі спускацца з тэрасы. Алесь ішоў, апусціўшы вочы, калі раптам нешта неўсвядомленае прымусіла радасна задрыжаць яго веі.
Ён ускінуўся – перад ганкам стаялі ў святочных уборах Кагуты: Міхал, дзед Даніла, Андрэй, Кандрат, Павал, Юрась. Толькі Марылі не было ды старэйшага Стафана.
Кінуўся быў да іх – бацькава рука ўладна сціснула плячо.
Кагуты стаялі моўчкі. Ніхто з іх не глядзеў на пана Юрыя; толькі на Алеся глядзелі ўсе. І Алесь, адчуваючы амаль фізічны боль у сэрцы, ішоў да іх.
Толькі наблізіўшыся, ён ўбачыў, як моцна яны цяпер адрозніваюцца ад яго, які высахла-белы стары Даніла, якая ссутуленая, прыгнутая цяжарам зямлі, спіна ў Міхала, якія нязграбныя рухі ў сыноў, быццам спуджаных святочнай вопраткай і дзівоснымі абставінамі. Усе яны хавалі вочы. Толькі Паўлюк, здзіўлена і нават неяк адчужана, глядзеў на паніча.
Кірдун з аброццю на плячы зайшоў перад панамі і стаў твар у твар з Міхалам.
Ён працягнуў адзін канец аброці Міхалу, другі – пану Юрыю.
–Дзе тая аброць, на якой ты вадзіў гэтага стрыгуна? – спытаў Халява.
–Вось, –паспешлівыя пальцы Міхала выцягнулі з-за спіны сырамятную цёмную аброць.
Кірдун узяў і працягнуў другі канец гэтай аброці пану Юрыю. Так яны і стаялі, злучаныя дзвюма аброцямі, мужык і пан...
Цяпер гаварыў Юры.
–Ці абаранялі паніча твае сцены? – спытаў Загорскі.
–Абаранялі. Як сыноў, так і яго.
–Дай, –сказаў пан.
Андрэй ступіў да паніча і выняў са скуранога вацка шчопаць сажы, тлустай сажы з хатняй сцяны.
–Маж, –сказаў бацька. – Каб помніў.
Калі Андрэй мазаў сажай пасму валасоў на Алесевай галаве, хлопец узняў на яго ўмольныя вочы. І толькі Андрэй, перахапіўшы позірк, непрыкметна для іншых усміхнуўся яму краёчкам вуснаў.
Вацок з астатняй сажай таксама схавалі ў ларэц.
–Ці вадзіў ты яго па зямлі, куды мы ўсе пойдзем? – спытаў бацька.
–Так, –сказаў Міхал.
–Тады атрымай трыццаць, –бацька глянуў на Алеся і паправіўся, –не, нават сорак восем дзесяцін... Той клін, што за Лугавым. Каб табе і дзецям тваім было па якой зямлі хадзіць... Гэта зямля вызваляецца ад пабору і давеку астанецца за тваёй сям’ёй.
Юрась, відаць, загадзя падрыхтаваны, стаў на калені, і Юры паклаў яму на рукі шчопаць падножнага.
–Ці вучыў ты майго сына быць літасцівым да жывёл, як то належыць чалавеку?
–Так.
–Тады атрымай сем коней-двухгодак і дзве каровы для жанчын.
Веі ў Алеся былі вільготныя. Што б там ні было, а гэта яго, Алеся, прадавалі зараз, і ў гэтым было яго падабенства з другімі людзьмі ў белым.
–Дом твой будзе моцны, –сказаў пан Юры. – Пад кожную пяту твае хаты і хаты сыноў ты пакладзеш па дзесяць рублёў, бо выхоўваў у працы і поце майго сына. Шэсць сыноў – дзвесце сорак рублёў...
Скураны мяшочак бразнуў, упаўшы паміж двума строямі.
…Пасля Алеся пасадзілі на Ургу і пан Юры павёў яго вакол маёнтка. Астатнія ішлі за ім. Бацька спыніўся на высокім урвішчы Дняпра і абвёў рукою ўсё, што вакол.
–Гэта тваё, –сказаў ён. –Твая зямля і тваё неба. Помні, усё жыццё ты будзеш піць ваду з Дняпра і абмываць гэтай вадой сваіх нованароджаных. І адабраць гэта ў цябе не можа ні чалавек, ні бог, ні д'ябал. Адна смерць.
Читать дальше