Вочы ў Кастуся блішчалі.
– I хіба не ўсё адно, калі нябожчыца маці не ведала іншай мовы, i браты мае, i я сам не ведаў да прагімназіі іншай... Вы чулі, якая тая адзіная песня, што я помню ад маці?
Плакаў бы я, плакаў,
Ды не маю слёз.
Белыя бярозы
Пабяліў мароз.
– Беларус, – з глухой іроніяй сказаў Вежа. – Сябра трызненняў майго ўнука. Што ж... Бог з табою, сыне. Хай табе доля дае шчасце.
I дадаў:
– Псіхапаты... Неразумныя... Мамчыны сынкі, што пахнуць малаком... Што ж гэта з вамі будзе, ra? [74] Блытаніна з паходжаннем Кастуся Каліноўскага, здаецца мне, ўяўная. Пачнем спачатку. У Мастаўлянах, дзе нарадзіўся Кастусь, не было іншай царквы, чым уніяцкая. Уніяцтва сярод карэннага польскага насельніцтва не было. Уніятамі ў гэтай мясцовасці маглі быць толькі беларусы. Каліноўскія хадзілі ў касцёл. Яны маглі быць або спрадвеку католікамі, або перавернутымі ў каталіцтва уніятамі. Гледзячы на тое, што нават Гейштар, які ўваходзіў разам з Кастусём (да разгрому белага ўрада) у “Камітэт кіраўніцтва”, называе Кастуся “Litwin – separatysta”, мы маем права верыць i таму і другому. Гейштар, праўда, кажа пра “старпольскае сэрца” нашага героя, але ці можна верыць ворагу Каліноўскага, шавіністу, прыхільніку белага жонда ў Варшаве. І, у процівагу яго словам, аб такіх, як ён, Каліноўскі кажа: “Такой дурной мазгаўні, як Варшава, нельга даручаць лёс Літвы”. Дзіўна было б, каб Гейштар і іншыя “гісторыкі” яго напрамку казалі, што ён – беларус. Краіна ж героя была напаўмёртвая пасля разгрому і не магла бараніць імя сына. Кнігі беларускія канфіскоўвалі і палілі, друкаванне іх, нават ужыванне слова “Беларусь” было забаронена пад страхам кары... Між тым, паролем Кастуся і яго сяброў былі словы: “Каго любіш? – Люблю Беларусь! – То ўзаемна”. Але нават каб не было гэтага, заставаўся б яшчэ адзін, непарушаны нічым, факт: мова чалавека. На ёй напісаны перадсмяротныя вершы Каліноўскага. “Мужыцкую праўду” Кастусь выдаваў таксама па-беларуску.
... У той год зноў спасцігла Прыдняпроўе страшная летняя повень. Як насланнё нейкае: вада стаяла на узроўні сярэдняй вясенняй паводкі. Дняпро заліў паплавы, яругі, вымачыны. Старарэчышчы ператварыліся ў пратокі, у дoўгiя азёры.
Вада ападала патроху, i відаць было, што Дняпро ўвойдзе ў трубу толькі на пачатку верасня. На ствалах дрэў, якія вызваліліся з-пад вады, быў тонкі пушок карэньчыкаў, так доўга стаяла повень. На ўзгорках карычневая скарынка высахлай твані ляжала як лямец, i ногі чалавека ламалі яе, пакідаючы дзіркі, у якіх была відаць чэзлая, жаўтавата-зялёная, бы у склепе, трава. Стала ясна: сенажаці па нізкіх месцах прапалі.
Кастусь з Алесем, трымаючы ў руках крыгу, ішлі поплавам. I крыга, разгорнутая падвойная рама, абцягнутая мярэжай, нагадвала вялізнага, большага за хлопцаў, празрыстага матыля.
Icці было цяжка. Ішлі па калена ў вадзе. Даводзілася грудзьмі пракладаць сабе дарогу ў траве. Малінавы скрыпень казытаў разгарачаны твар, павой чапляўся за ногі. Усё вакол чырванела, бялела, жаўцела.
Здавалася, зацвіло бязмежнае плыткае мора. Бо травы стаялі ў вадзе, засыпанай каляровым кветкавым пылком.
Спыніліся на краёчку яругі, доўгай неглыбокай катлавіны. Кветкі нібы спыняліся на яе берагах, адкрываючы люстэрка чыстай бліскучай вады.
Кастусь адным вокам глянуў у мяшок, пачэплены вяроўкай за шыю. У ім пераліваліся цьмяна-залатыя ліны, халодныя гусцёркі i блакітна-залёныя малыя шчупачкі.
– А нядрэнна мы ўхапілі, – сказаў Кастусь.
– Гэта яшчэ мала, – Алесь быў чырвоны i трохі спацелы. – Вада высокая шкодзіць. Звычайна па старыках разы за чатыры столькі натрасеш, а тут палову дня ходзім.
– Усё адно цікава. Нават лепей, што шмат ходзім.
– Нішто, – сказаў Алесь. – Зараз дойдзем да гарадзішча – адпачнем на сухім. А то тут i сесці няма куды.
– Як гэта няма куды? – спытаў Кастусь.
I сеў аж па самыя грудзі ў ваду. Сядзеў i смяяўся. Торба з рыбай усплыла i начала барболіцца больш рухава.
– Зручна, – сказаў Кастусь. – Нібы ў цёплай ванне сядзіш. Толькі каб гэта рак за якое месца не хапануў.
– Тут ix няма, – сказаў Алесь. – Яны пад карчамі ды пад берагам. I потым, мала стала ракаў. Гады тры назад пошасць нейкая на ix прайшла. Бepaгi аж кіпелі крумкачамі ды варонамі.
– Гэта яны, мусіць, з гора падохлі. Знайшоўся на ix нейкі свой Аляксашка, – выскаліў Кастусь белыя прыгожыя зубы.
– А што табе гэты Аляксашка?
– А чорт яго ведае. Абяцае зашмат. А ў самога калі што i добрае, дык гэта шавялюра i бакі, ды яшчэ вусы. Як пікі. Але гэта ўжо ад цырульніка хутчэй залежыць.
Читать дальше