Алесь здзівіўся, так пазмрачнеў раптам твар сябра. Нешта пакутлівае з’явілася ў яго вачах. Ён быў зусім непадобны на Яраша Раўбіча, ягоны сябра, але агульны выраз вачэй, вуснаў, ссунутых броваў зрабіў іх на хвіліну вельмі падобнымі.
– Цябе нешта прыгнятае? – спытаў Загорскі.
– Потым, Алесь.
– Бачу, – сказаў Алесь. – Ты не хочаш, але...
– Я не хачу, але гэта вышэй за мяне.
– І таму ты не хочаш пісаць вершы? Але ж лёс паэта – самы шчаслівы лёс.
– Хто гаспадар у сваім лёсе? Хто ведае, колькі яму дадзена жыцця і калі прыйдзе смерць?
Коні ішлі ледзь не над самай стромай. Салодкі, магутны вецер ляцеў з-за Дняпра, нёс з сабою пах стагоў, водар звялай лістоты, якой іх прыкрылі зверху, пах сырасці і балотных кветак са старыкоў.
– За такую зямлю ўсё аддаць можна, – ціха сказаў Кастусь. – Усё. – І вярнуўся да ранейшай думкі: – А наконт таго, што твой дзед так накінуўся на цябе за мой ліст, то тут я зрабіў, як апошні ёлуп. Ён, відаць, усё разумее.
– Што ўсё?
– А тое. Тое, што раней душылі і хвасталі, а цяпер... цяпер патроху ціснуць. Забяры ў чалавека ў адзін дзень сваякоў, хлеб, волю, мову. Ён жа ўзбунтуецца. Ён зброю возьме. А тут ціснуць патроху, па каліву, па слоўцу, па чалавеку, па песні – непрыкметна адбіраюць.
– Так, – Алесь матлянуў галавою. – І ўсё ж, пакуль тое, цягне цяплейшым ветрам. Вясною... Пасевастопальскай вясною, калі ўжо так называць.
– Пачакай, дасца яна нам яшчэ ў знакі, тая вясна... Яны заўсёды так спачатку. Адпусцяць нібыта, а потым грабуць ды скубуць... Но, не брыкайся! Адпусцілі ж!
Урга пакасіўся на ездака нервовым вокам.
– Новы цар, здаецца мне, дабрэйшы, – сказаў Алесь.
– Паглядзім, – сказаў Кастусь. – Паглядзім, які ён будзе, як прыпячэ.
Яны сядзелі ўтрох у бібліятэцы, за кавай. Дзед у сваім крэсле, юнакі, падкурчыўшы ногі, на канапе. Праз расчыненыя вокны лілося цёплае вячэрняе паветра і ззянне месяца. Дзве свечкі ў кутым жалезным падсвечніку асвятлялі – высока над сталом – сухое аблічча старога Вежы, яго ссутуленыя магутныя плечы, сплеценыя пальцы змаршчкаватых рук.
Дзед з прыхаванай цікаўнасцю раз-пораз паглядаў на Кастуся. Хлопец і падабаўся і не падабаўся старому. Ён-то і разумны, відаць, і шчыры, але адкуль у ім такая самаўпэўненасць, пачуццё гэткай сваёй racio?
А Кастусь разглядаў сівую грыву валасоў, хвалю белых карункаў на пукатых яшчэ грудзях і думаў.
“Таксама яшчэ... выкапень. Проста “сей остальной из стаи славной екатерининских орлов”. Нібы закансервавалі яго тут. І нá табе яшчэ, разглядае”.
Пры сустрэчы дзед амаль нічога не сказаў яму, акрамя назначных слоў прывітання. Потым хлопцы абедалі. І вось сядзелі, мацалі адзін аднаго вачыма.
– Дык гэта ты, значыць, і ёсць Кастусь?
– Кастусь... Сымонаў сын... Каліноўскі.
– Дваранін? – спытаў дзед.
– Цяпер зноў дваранін, – сказаў Кастусь.
– Як гэта? Хіба можна быць сёння дваранінім, заўтра купцом, а паслязаўтра зноў у дваране пасунуць?
– Пры такім урадзе, як наш, усё можна, – зрабіў Кастусь першы выпад. – Сёння чалавек – смецце, заўтра – дваранін, паслязаўтра – зноў смецце.
Алесь усміхнуўся, заўважыўшы, як адно з крылатых броваў Вежы прыўзнялося ў непрыкметным для старонняга здзіўленні.
– Гм... Дык як жа гэта выйшла, мо ўжо ты раскажаш мне?
– Магу!
Вежа зручней прымасціўся ў крэсле і праз краёчак кубка кінуў на юнака дапытлівым хітрым вокам.
– У семнаццатым стагоддзі мой продак, Амброзій Самойлаў Каліноўскі, купіў маёнтак у Бельскай зямлі.
– І няблага зрабіў, – сказаў Вежа.
– Мы там не прабылі і сотні год. Роўна праз дзевяноста, у тысяча семсот шэсцьдзесят дзевятым, прадзед прадаў маёнтак. Даўгі прыціснулі, моцныя суседзі памаглі.
– Як жа клікалі яго высакароднасць?
– Мацеем... А далей пачалі жыць так. Што праўда – у шляхецтве нам не адмаўлялі. Пацвердзілі яго трыццаць тры гады назад на беластоцкай губернскай зборні. А праз дзесяць год, пасля паўстання, пачалі нас усіх гнаць у аднадворцы. Тысячы людзей пайшлі ў падатковы стан. Бацька пабіваўся, як той лін аб лёд. Праз чатыры гады пасля паўстання ён (а яму ішоў ужо сорак адзін год і пазнавата было пачынаць “справу”, але з голаду здыхаць – таксама рана) пазычыў у фабрыканта з Астраленкі, Ігнацыя Бонды, грошай, ды сам далажыў, ды і адкрыў у Мастаўлянах сваю “справу”. Пан Радавіцкі дазволіў. Шкадаваў беззямельных. Ды і гонар: “споспешествовал промыслам в крае”. Спачатку было на фабрычцы чатыры варштаты. У год майго нараджэння, у трыццаць восьмым, ужо дзевяць, з семнаццаццю рабочымі. А ў саракавым годзе, калі Бонда паступіўся сваёй доляй, стала ўжо дванаццаць ваштатаў і дваццаць рабочых.
Читать дальше