А калі Алесь пайшоў з дома, Майка не выйшла да яго, убачыў Франса, які гуляў з Наталяй па садовых алейках, і памкнуўся да яго.
Франс, даю табе слова... Клянуся...
Я, здаецца, нічога не патрабую ад вас, нават тлумачэнняў, суха сказаў Франс. У яго заўсёды быў выгляд маладога прыдворанага. Я мяркую, гэта не найлепшы спосаб сябраваць з домам: ганьбіць у гэтым доме адну з дачок.
Алесь збялеў:
Франс... Брат... І ты таксама?
І тут Франс даў волю застарэламу свайму раздражненню, неасэнсаванай нянавісці да гэтага чалавека, якога пасля адчужанасці Ядзечкі Клейны пачаў пазбягаць. Франс гневаўся на яго за гэта, але Франсу здавалася, што ён, Франс, гневаецца за Майку. Малады Раўбіч сам бы здзівіўся і перастаў паважаць сябе, каб яму сказалі, што галоўная прычына Ядвіся.
Хто хоча забіць сабаку вінаваціць яго ў шалу. І таму Франс не адчуваў сваёй несправядлівасці. Наадварот, яму здавалася, што яго ўчынак ёсць самы годны, справядлівы і шчыры.
Я не брат вам, сказаў Франс. Нават калі б вы былі мне родным братам, я б пасля гэткага ўчынку хацеў бы, каб такога брата ў мяне не было, каб ён памёр.
Наталя са здзіўленнем пераводзіла вочы з любага ёй Алеся на не менш любага брата, бледнага ад гневу.
Франс, з дакорам сказаў Алесь, я люблю вас усіх. Я не магу без вас. Без цябе. Без Наталі. Без Майкі.
Раўбіч-малодшы не хацеў нічога слухаць. У яго трапяталі ноздры.
Хто вам дазволіў вымаўляць сямейнае імя маёй сястры?! Я забараняю вам гэта! Я забараняю вам сустракацца з ёю. Забараняю падыходзіць да яе.
Ён сарваўся і рабіў немагчымай усякую спробу прымірэння.
Не смейце, князь. Нават адной сваёй прысутнасцю вы пэцкаеце чыстых і нявінных дзяўчат.
Гэта было ўжо занадта.
Вы забыліся, васпан, сказаў Алесь. Не пераступайце мяжы, не прымушайце мяне забыць пра сваю любоў.
Франс змераў яго пагардлівым позіркам, узяў Наталю за руку і павёў дадому.
А ў доме Наталя закаціла Майцы і Франсу скандал. Тупатала нагамі, плакала і крычала.
Брыдкая, злая! плакала Наталя. І ты брыдкі, злы, нядобры!
Яе пакаралі, адправіўшы спаць. Але дзяўчынка не прасіла даравання, а тупала нагамі і пранізліва лямантавала:
Ён харошы, харошы! Я ведаю, што ён харошы!
І гэты ўмольны крык быў апошняй спробай абараніць Алеся ў доме Раўбічаў.
Пан Юры перастаў вітацца з Ярашам. Учарашнія суседзі, сябры, амаль сваякі, сталі ворагамі.
...На Алеся найшло. У адзін з сакавіцкіх дзён яго прымалі ў дваранскі клуб, а значыць, ён меўся выступіць з традыцыйнай уступнай прамовай. Тэма прамовы была вольная, і ён выбраў: “Значэнне клуба для членаў грамадства, і як я мяркую сябе ў ім”. І гэта здзівіла, але супраць тэмы не спрачаюцца.
Прамова была амаль падрыхтавана, калі здарылася гісторыя з Майкай. І Алесь зламаў ужо гатовую прамову, такой яна здалася прэснай для бязмернага гневу, які душыў яго. Ён вырашыў не рыхтавацца нанава, а сказаць проста тое, што думае.
...Зала была поўная. Панства сядзела за сталамі, якія аж ламаліся ад віна і страў (стары Вежа ніколі не скупіўся). Алесь абводзіў вачыма зборню: у канцы вялізнай залы цяжка было пазнаць людзей у твар, але ён бачыў Хаданскіх, Біскуповічаў, Раткевіча, бацьку, дзеда, Браніборскага, Мнішка увесь гэты свет, які ён ведаў і якому зараз павінен быў гаварыць.
У чорным фраку, з келіхам у руцэ, Алесь чакаў, пакуль сціхне шум, народжаны словамі старшыні і яго імем. Урэшце стала ціха.
З некаторай неразважлівасцю я выбраў сваёй тэме назву “Значэнне клуба для грамадства”. Але чым больш я думаў на гэтую тэму, рыхтуючы свой speech [6] Кароткая прамова (англ.).
, тым большае было маё непразуменне. Справа ў тым, што ў нас няма клубаў у агульнапрынятым, заходнім, англійскім сэнсе гэтага слова. У іх клуб гэта зборня мужчын, аб’яднаных агульным паходжаннем, агульнымі поглядамі на палітыку. Гэта, урэшце, і зборня мужчын, аб’яднаных патрыятызмам, цвёрдым разуменнем таго, хто яны такія. Магчыма, я ідэалізую, нават напэўна так, бо людзі паўсюль людзі, але мэта існавання клубаў там менавіта такая.
Ён бачыў насцярожаныя і зацікаўленыя абліччы. Таму што само гучанне гэтых слоў было незвычайнае для ўступнай прамовы. Гэта не былі французскія, польскія ці якія іншыя словы. Гэта была тая мова, на якой усе гэтыя людзі гаварылі са слугамі ў доме, з дробнай шляхтай пры сустрэчы, з сялянамі на полі і якую, аднак, ніхто, акрамя адзінак, што лічыліся дзівакамі, не ўжываў пры спічах.
Пад столлю вялізнай залы гучала мяккая, як ручаіна, пявучая, як голас птушкі, гнуткая і цвёрдая
Читать дальше