– Лінгвістыка не ведае палітыкі, мой друг.
– Лінгвістыка – гэта значна больш палітыка, чым усё натуразаўства. Не, народ не забілі. Ён жыве і чакае шчасця. І будзе жыць, як бы цяжка яму ні было... А наконт забітасці мяркуйце самі. Ладымер [29] Тут і далей размова ідзе аб героях беларускага фальклору.
едзе ламаць хрыбты крымчакам, восковая дзека розумам пабівае князя Ганю, мужык Ваўкалака піша на лубе лісты да каханай, таксама мужычкі, Любка з Копанога Рова, што пад Крычавам, звычайная дзяўчына з месца, грае ў шахматы з “царом чорных і рагатых” Рабедзяй і выйграе ў яго палонных. Або легенда аб лебядзінай келлі, ці аб явары і белай бярозе. Памятаеце, на магілах юнака і дзўчыны, раздзеленых царковой:
Дзесьці мае дзеці ў любові жылі.
Раслі, раслі, пахіліліся,
Цераз цэркву сушчапіліся.
Чаму “Трыстан і Ізольда” – адзнака вялікіх сіл, а гэта – прыкмета забітасці?
Памаўчаў:
– Так, быў і прыгнёт. Але прыгнёт нараджае не толькі рабоў. Са слабых – магчыма. Але з моцных ён нараджае волатаў.
– Сразнеўскі задумаўся. Відаць, хацеў быў паўшчуваць за небяспечныя думкі, але раздумаў. Схаваў твар у далонях. Потым апусціў далоні.
– Якія гордыя, моцныя і страшныя людзі! Якая страсная прага справядлівасці! Як гэта там, у вас?
А вайна была, вайна была,
А ніўка зялезнай карой парасла,
Зялезнаю, крываваю,
Сталёваю, іржаваю.
І гэта – як дуды раўлі! І як тройчы стрэліў і на трэцім стрэле “сэрца стрэльбы разарвалася”! Што ж гэта, хлопчык?! Ці во гэта... Не, гэта:
А ўжо ж бяроза завіваецца,
Кароль на вайну збіраецца.
А ў каго сыны ёсць, дык высылайця,
А ў каго няма, дык хоць наймайця.
І як за волю сцяг трымалі. А Ляўшун граў у рог. А Грышко Пакубяціна падскакаў і ўдарыў па медным горле, што спявала, кулаком. І воля
...Зубамі падавілася,
Крывёю захлынулася.
А потым рог павезлі ў перакідных хустах, а ён сам граў. А? Як гэта?
Памаўчаў.
– Гэта – схавай. Маеш рацыю: надрукаваць гэта нідзе не надрукуюць, а людзей насцярожыш.
– Я гэтага і хачу.
– А я хачу, каб наступнай зімою, калі датэрмінова здасі экзамены за універсітэцкі курс – гэта стала тваёй дысертацыяй на кандыдата. З налёту іх возьмем. Каб не апамяталіся.
І Алесь убачыў малады, свавольны агеньчык у вачах прафесара. Не, проста ў вачах ціхмянага і добрага, але сумленнага чалавека.
Сразнеўскі раптам сказаў:
– Я не хачу, каб табе было цяжка.
– Чаму мне павінна быць цяжка?
– Ну вось гэтыя погляды. Непазбежнасць вайны за іх.
– Для мяне гэта не цяжар.
– І крайняя незалежнасць думкі, і рэзкасць, і тое, што ты адзін.
Паўза была доўгая і цяжкая. Потым прафесар ціха спытаў:
– Ты не верыш у бога, хлопчык?
– Чаму вы так думаеце?
– Ну вось гэтыя твае думкі. Спачатку вайна за волю, мяцеж за яе, страшны бунт Ваўкалакі, Вашчылы, Машэкі, Ляўшуна, Дубіны, Сымона-аршанца [30] Легендарныя і гістарычныя беларускія героі-паўстанцы.
. Дзіды, стрэльбы, бунчукі, страшныя, страсныя, жывыя людзі. І толькі потым рэлігійны рух, рэлігійныя паўстанні. Мяцеж віцяблян, Юр’ева ноч і “мост на крыві” [31] Месца сутычак бедных і багатых у Оршы.
ў Воршы. Дый тое ты даводзіш, што біліся не за бога і рэлігійную справядлівасць, а за чалавека і справядлівасць грамадскую... І потым, гэтыя твае словы, што “рэлігія – справа дзесятая”.
Алесь некаторы час маўчаў, пакусваючы суглоб указальнага пальца.
– Вы маеце рацыю, – урэшце сказаў ён. – Я не веру. Як сказаў нехта, не адчуваў дагэтуль патрэбы ў такой гіпотэзе. То бок, не кажу, што зусім пакідаю замест усяго гэтага пустое месца. Я хутчэй уяўляю яго сабе як нешта, з чым трэба весці спрэчку.
– Гэта і ёсць бог. Шначай ты не быў бы чалавекам. Памятаеш, як Іакаў усю ноч змагаўся з кімсьці, у каго не было аблічча?
─ Калі я думаю, хто я, нашто, адкуль мы прыйшлі, куды мы ідзем, што такое наш свет, ці не атам ён нейкага арганізма, якому зараз дрэнна і які таксама частка чагосьці большага, і што ёсць там, за апошняй мяжой, пра якую мы не ведаем, – я адчуваю патрэбу ў кімсьці большым, хто растлумачыў бы, і веру ў тое, што ён ёсць. Гэта ад слабасці і няведання. Але нават у той час, калі я веру, я ведаю, што гэта не Хрыстос, не Ягова, не Магамет і не Буда. Гэта проста нешта вышэйшае, чаго я не магу дасягнуць. Даводзіў жа хтосьці з новых, што сусвет, разам з Млечным Шляхам і іншымі зорнымі астравамі, мае форму вялікага сэрца, якое ўвесь час пульсуе. Магчама, гэта сэрца таго, нязнанага. Мы так мала ведаем! Але, ва ўсякім разе, гэты вялікі ўладар сэрца не “всеблагий” , калі дазваляе тое, што адбываецца вакол... А можа, гэта ад яго і не залежыць. “Сусвет-сэрца...” Калі я гляджу на курчы і пакуты гэтага свету, на тое, як трапеча і задыхаецца кожная жывая плоць, – мне здаецца, што ў гэтага “сэрца” вось-вось будзе разрыў.
Читать дальше