Старая гладзіла Майчыны плечы і адчувала, як яны дрыжаць пад яе рукой.
Папрасі даравання. Ты не думай. Гэта не страшна. Наадварот, салодка і лёгка, ясачка ты мая. Нічога ж не зробіш, доля наша такая. Я і то часам Міхалку прасіла: “Набі ж ты мяне, даражэнькі, можа, я ўжо тады менш цябе, змея, кахаць буду”.
І пад гэтыя цьмяныя пакорлівыя словы Майка заплакала. Упершыню за восем месяцаў.
Нічога... Нічога не зробіш, Тэкля. Позна.
З труны толькі позна... Ты проста аддай сябе на ягоную літасць... на ягоную абарону.
Нібы малой, Тэкля выцірала Майцы аблічча памочаным ручніком.
Ты ідзі. Прымі, калі прыйшоў чалавек. Пагавары, нічога не зробіцца.
Занадта проста трымаючыся, яна выйшла на тэрасу і ўбачыла ля балюстрады высокую жанчыну ў залацістай сукні.
Вочы міжвольна адзначылі зграбнасць постаці, простую элегантнасць убору, капялюшык з танюткай залацістай саломкі.
Твар госці хаваў цёмны, з мушкамі, вельмі густы вэлюм.
– Пробачце, я прымусіла вас чакаць, – па-французску сказала Майка.
Госця адказала таксама па-французску. І хоць памылак у вымаўленні не было – празмерная правільнасць мовы лепей за памылкі казала аб скутасці чалавека, які гаварыў.
– Што вы, – сказала госця. – Я проста не звярнула ўвагі. Заглядзелася на гэтую раскошу.
Тэраса вісела над крутой стромай. Унізе быў адхон з дрэвамі і возера. Злева дзве снежныя званіцы. Яшчэ далей – стужка Дняпра, а за ёю жоўтыя ад жыта ўзгоркі. Далёка-далёка.
– Сядайце, калі ласка, – упарта трымаючыся французскай, сказала Міхаліна.
Нейкую трывогу выклікала ў ёй гэтая жанчына. Яна не бачыла пакуль яе аблічча, але трывога ўзрастала.
– Дзякуй вам.
Яны сядзелі адна насупраць другой і маўчалі. Доўга. Госця, здавалася, слухала. І не проста слухала, а заслухалася. Галоўка схілілася набок. З-за цёмнага вэлюму, яшчэ цямнейшыя за яго, вільготна глядзяць, не міргаюць вочы.
З-за шатаў дрэў, з-за Дняпра тонка-тонка, высока-высока гучала жніво. Нібы па шкле лёгкім срэбным малаточкам, нібы ў тонкі шкляны посуд, на мяжы слыху, звінелі галасы. А можа, гэта звінела дрыготкая шкляная смуга гарачага паветра над нівамі?
Закурыўся дробненькі дожджык
Па чысценькім полі, закурыўся.
Зажурыўся мой татулька ў доме
Па мне, маладзенькай, зажурыўся.
З адвечнай спеўнай тугой, з перападамі і ўзлётамі, калі здаецца, што вось зараз чалавек увесь, да апошняга, выльецца ў песню, звінелі галасы.
Гэта не была скарга. Гэта спявала сама зямля.
Не курыся, дробнеькі дожджык,
Па чысценькім полі, не курыся.
Не журыся, мой татулька, ў доме
Па мне, маладзенькай, не журыся.
Майка раптам убачыла, што вочы невядомай, вялізныя, як азёры, глядзяць ужо на яе і праз яе, не разглядаюць, а проста бачаць: наскрозь
А ў шкляных далях, як з неба, спявалі, звінелі галасы:
Не ты мне даў долечку ліхую,
Ліхое замужжа, не ты мне даў.
Бог жа мне даў долечку ліхую,
Ліхое замужжа, бог жа мне даў.
– Чуеце? – спытала раптам жанчына.
Майка здрыганулася. Таму што невядомая сказала гэта па-мужыцку. Натуральна, нібы іначай і быць не магло, спеўнай прыдняпроўскай гаворкай, якую яшчэ больш адцянёўваў нейкі дзіўны, трохі дзіцячы акцэнт.
“Алесь гаварыў заўсёды па-мужыцку. З жанчынамі і мужчынамі, на полі і ў зборні. І таму ўсе тыя, хто ўжываў мужыцкую мову, там, дзе яе не прынята было ўжываць, мелі дачыненне да яго”.
– Чуеце? Жаночы лёс. Аднолькавы і ў пані, і ў прыгоннай.
Майка адказала таксама па-мужыцку – прыняла выклік:
– Згадаеце расцаніць гэта як размову пра ўсіх жанчын ці пра мяне?
Жанчына ўсміхнулася:
Усё адно, – разлічаным, пластычным жэстам жанчына прыўзняла і замацавала на капялюшыку вэлюм. – Я былая прыгонная акторка пана Вежы. Гелена, а па новым прозвішчы – Карыцкая.
Міхаліна пазнала яе... Тая... Што ж здарылася?
Майчыны вочы прабеглі па ўсёй постаці актрысы, з галавы да ног. “Хлусня, – міжволі падумала Міхаліна. – Тое, што казалі пра іх, таксама была хлусня. Нехта сказаў подласць, зрабіў подласць, а я пайшла ў яго на шворцы”.
Нібы зразумеўшы яе, Гелена ўсміхнулася. Усмешка была такая, што Майка зразумела: толькі ласкай і паблажлівасцю гэтай жанчыны можна растлумачыць сам факт размовы. Яна рабіла ласку, і ніхто не асмеліўся б зрабіць ласку ёй. Міхаліна глядзела на поўныя вочы.
Сонца на твары. Хохлікавыя каўпачкі “панічоў” кідаюць на сукенку і твар бэзавыя і ружовыя адбіткі. Вочы вялізныя.
А плечы тонкія, але, адразу відаць, вытрымаюць усё.
Читать дальше