Валуеў успомніў, як характарызаваў міністра Фёдар Берг, які Мураўёва цярпець не мог. Усеўладны генерал-губернатар фінлядскай сатрапіі вастрасловіў з міністра, пацяшаўся з яго аблічча, з гэтай круглай галавы, з вялых, як вялізныя пельмені, вушэй:
Кожнаму сваё, панове. Калі на партрэце Ярмолава захінуць мундзір, пакінуўшы адну галаву, атрымаецца леў. Калі на партрэце Мураўёва захінуць мундзір, атрымаецца бульдог.
Ды не, гэта быў не бульдог. Гэта было страшней.
Чулі? дабрадушна спытаў шэф.
Чуў, не палічыў за магчымае хавацца падначалены.
Вось яно як, Пётр Аляксандравіч. Вось і падзяка. Воля гасудара адмяняць законы, але, пакуль не адмяніў, павінен ён ім падпарадкоўвацца? Вось жа! Нічога. Зазнаеце гэта і вы, і вам прыйдзе час ехаць да вашага Нікса, як я вось зараз паеду да свайго сына Мікалая ў Разань. “Хто такі?” спытаюць. “Цс-с, бацька губернатара, былы міністр, былы губернатар, муж Пелагеі Шарамецевай. А цяпер саджае капусту ды шампіньёны разводзіць”.
Што вы, Міхаіл Мікалаевіч, вы ж іх цярпець не можаце.
Мала чаго я цяр-пець не ма-гу. Не пытаюць. Не пытаюць пра гэта-с. Верныя слугі імперыі цяпер у Парыжы грошыкі прафукваюць. Як княгіня Баграціён. Чулі, што Пален сказаў? Qu'une colonne ennemie I'avait coupée á la bataille d'Austerlitz at que depuis elle n'avait pas réussi á se dégager [67] Варожая калона адрэзала яе падчас аўстэрліцкай баталіі, і з тых часоў яна не здолела вырвацца адтуль ( франц. ).
. Дык гэта жанчына! А мужчыны?
На вашым месцы я пачакаў бы адкрыцця новага камітэта вясковых абываталяў.
Апусціліся і потым ускінуліся цяжкія павекі. Рот, падобны на трэшчыну, заварушыўся:
Mais vous concevez qu'il m'est plus avantageux de m'en aller plutôt. Il faut mieux être dehors avant la bagarre [68] Вы разумееце, што мне больш выгадна пайсці раней. Лепей пайсці перад бойкай ( франц. ).
.
На хвіліну ў душы Валуева варухнулася думка: “А сапраўды, ці варта рабіць кар’еру, калі непазбежны такі канец?” Але ён ад гэтай думкі адмахнуўся і забыў. Раз і назаўсёды.
Узыходзячая зорка сціпла апусціла веі перад няшчасцем заходзячай. І раптам Валуева ўразіў дзіўны гук.
Міністр смяяўся:
Лухта ўсё, лухта. Без пары гэта яны са мной задумалі. Прыходзіць час, калі кожныя верныя рукі на вагу золата. А гэтыя асабліва. Што яны могуць ніхто не можа. Не вар’ят жа Арлоў, не сонны ж Блудаў, не лібералішка Мілюцін? Лухта ўсё!
Голас быў такі незвычайны, нібы нават трыумфуючы; так гарэлі вочы, што Валуеў падумаў: “Гэты чалавек ведае нешта такое, чаго не ведаем мы”.
Я на вашым месцы не спяшаўся б ісці.
Нашто? Няхай паклічуць. Галава не адваліцца... Дні страшныя ідуць, Пётр Аляксандравіч. У-у, якая ідзе навальніца!..
Шараватае, аранжавае ад агню і друзлае аблічча ўсміхалася. Вочы глядзелі паўз субяседніка, некуды ўдалячынь.
Даскакаліся. Даліберальнічаліся.
Вы нешта ведаеце, Міхаіл Мікалаевіч?
А вы не чулі? Беспарадкі ў Варшаве, вусны Мураўёва склаліся ў сарданічную ўсмешку. Палячышкі хацелі адслужыць, а мо і адслужылі, трызну па забітых у Грахоўскай бітве. Вось так. Вымушаны былі страляць. І страляюць дагэтуль. Мы цяпер не лібералы. Пляваць Еўропе на тое, што мы мужычкоў вызваляем. Нас, прабачце, у непрыгляднай галізне па свету пусцілі. Мы цяпер прыгнятальнікі народаў, як скінуты сіцылійскі Бурбон, як аўстрыйскі кароль, што здзекуецца з венграў. Даскакаліся, мілы Пётр Аляксандравіч... Каменні ў войска кідалі. Войска дало залп. Ёсць параненыя і шасцёра забітых.
Зноў заварушыўся ва ўсмешцы рот. Як трэшчына ў шэрай скале.
Пачалі, галубочкі. Ці не занадта толькі рана.
Як жа яно там было? задумліва сказаў Валуеў.
У Варшаве між тым было страшна.
Даўно прыдушаны народ не мог больш цярпець палітыкі нязначных ільгот. Ён хацеў зямлі яму давалі дазвол на арганізацыю Зямельнага таварыства (займайцеся, панове, аграноміяй!). Ён патрабаваў свабоды урад дазваляў вярнуцца сасланым у Сібір. Ён жадаў незалежнасці сваёй радзімы давалі амністыю для эмігрантаў.
Дэманстрацыя 27 лютага 1861 года была стыхійная. Кіраўнікоў у яе не было і не магло быць. Адзінымі кіраўнікамі былі крыўда, абражаная нацыянальная годнасць і гнеў. Партыі, якія ўсплывалі над закалатам, былі выштурхнуты на паверхню неўтаймаванай плынню. Што, сапраўды, меў да народа да ўсіх гэтых рамеснікаў, дробных гандляроў, рабочых правадыр шляхты Андрэй Замойскі?
У гэтым сэнсе лютаўская дэманстрацыя была самым дэмакратычным, але і самым дрэнна арганізаваным рухам ледзь не за ўсю гісторыю паўстання. У яго шэрагах амаль не было змоўшчыкаў-прафесіяналаў.
Читать дальше