"Якую нявыйгрышную ролю прыдумаў ёй Гендрык, — уздыхнула сама сабе Барбара. — Меланхалічны Амур". І яна адчувала нешта накшталт шкадавання і спачування беднай Ангеліцы, якая дрыгала ножкамі і скакала па сцэне. Можа, Барбара ў гэты момант зразумела, што гэтым жаласным і спалоханым выразам твару Ангеліка абавязана Гендрыку.
Гёфген стаяў у позе тырана, раскінуўшы рукі, у правым куце сцэны і кіраваў усімі. Ён тупаў нагамі ў адпаведнасці з рытмам аркестра, яго бледны твар скараў рашучасцю.
— Стоп! Стоп! Стоп! — бушаваў ён, і, калі аркестр нечакана аціх, Барбара спалохалася амаль гэтак сама, як застылыя на памосце дзяўчаты з кардэбалета, як маленькая Ангеліка, якая змагалася са слязьмі.
А рэжысёр выскачыў на сярэдзіну сцэны.
— У вас свінец у нагах! — закрычаў ён на дзяўчат, і тыя сумна звесілі галовы, як кветкі пад парывам ледзянога ветру.
— Вам не Афенбаха танцаваць, а жалобны марш!
Ён загадна кіўнуў дырыжору і, калі той зноў махнуў палачкай, пачаў танцаваць сам. Не, гэта ўжо быў не лысы герык у шэрым, крыху паношаным будзенным касцюме! Якое бессаромнае, хвалюючае ператварэнне! Сярод белага дня! Ужо ці не Дыяніс гэта, бог віна, у экстазе выкідвае рукі і ногі. Барбара глядзела на яго ашаломленая. Вось жа толькі што Гендрык Гёфген быў палкаводцам — раздражнёны, фанабэрысты, няўмольны, стаяў ён перад сваім войскам — перад дзяўчатамі з кардэбалета. І раптам, без усякага пераходу, аддаўся вакхічнаму шалу. Канвульсіі прабягалі па бледным твары, брыльянтавыя вочы закаціліся, з губоў ляцелі жарасныя хрыплыя стогны. Танцаваў ён бліскуча, дзяўчаты з захапленнем глядзелі на беззаганную тэхніку рэжысёра, сама прынцэса Тэбаб не нарадавалася б, гледзячы на яго.
"Адкуль гэта ў яго? — думала Барбара. — І што ён цяпер адчувае? І ці адчувае што-небудзь наогул? Альбо проста дэманструе дзяўчатам, як трэба падкідаць ногі?"
Тут шалёныя практыкаванні Гендрыка былі спынены. Малады чалавек з канцылярыі асцярожна прайшоў па партэры і падняўся на сцэну. Ён мякка дакрануўся да пляча натхнёнага рэжысёра і шапнуў, што гер Гёфген павінен прабачыць за турботу, але дырэктар Шміц просіць гера Гёфгена паглядзець эскіз афішы да прэм'еры аперэты, яго трэба неадкладна адправіць у друкарню. Гендрык даў знак музыцы спыніцца, ён ужо стаяў у вольнай позе, уставіў у вока манокль: ніхто б веры не даў, што гэты гер, які крытычным вокам азіраў нейкую паперыну, дзве хвіліны таму назад тросся ў дыянісійскім трансе. Але раптам ён згамтаў паперу і крыкнуў незадаволеным, рыпучым голасам:
— Усё трэба перабраць нанава! Нечувана! Зноў імя перакруцілі! Няўжо нельга дабіцца, каб мяне называлі правільна? Я вам не Генрык!
І раз'юшана шпурнуў паперу на падлогу.
— Мяне завуць Гендрык, запомніце нарэшце: Гендрык Гёфген!
Малады чалавек з канцылярыі ўнурыў галаву і прамармытаў нешта наконт новага наборшчыка, праз неабазнанасць якога і атрымалася недаравальная памылка. Дзяўчаты нішчачкам захіхікалі, быццам пяшчотна зазвінелі званочкі. Гендрык выцягнуўся на ўвесь рост, і срабрысты перазвон адразу аціх пад яго грозным позіркам.
VІ
"Немагчыма апісаць..."
Гендрык Гёфген пакутаваў, чытаючы ў "Г. М.." берлінскія газеты; сэрца сціскалася і шчымела ад зайздрасці і рэўнасці. Трыумфальны поспех Марцін! Новая пастаноўка "Гамлета" ў Дзяржаўным тэатры, сенсацыйная літаратурная прэм'ера ў тэатры на Шыфбаўэрдам... А ён сядзіць у правінцыі! Сталіца абышлася без яго! Кінастудыям, буйным тэатрам ён не патрэбен. Яго не паклікалі. Ягонага імя ў Берліне не ведалі. А калі аднаго разу яго ўзгадаў гамбургскі карэспандэнт берлінскай газеты, дык і тое пераблытаўшы: "У ролі хітрага зладзея запомніўся нейкі Генрык Гопфген..." Нейкі Генрык Гопфген! Проста рукі апускаліся, галава нурылася. Прага славы — вялікай, сапраўднай славы, славы сталічнай — грызла яго, як фізічны боль. Гендрык трымаўся за шчаку, быццам у яго зуб балеў.
— Быць першым у Гамбургу — от жа вялікая мне штyка! — жаліўся ён фраў фон Гэрцфэльд, якая заклапочана распытвалася, чаго ён так блага выглядае, і спрабавала супакоіць яго разумнай ліслівасцю.
— Быць любімцам правінцыйнай публікі — вялікае вам дзякуй. Лепей ужо пачаць усё нанава, але ў Берліне, чым валтyзіцца тут у правінцыйнай мітусні.
Фраў фон Гэрцфэльд спалохалася.
— Не, вы не з'едзеце, Гендрык?
І яна дакорліва акрyгліла залаціста-карыя, мяккія вочы, і вялікі, пяшчотны, пушыста напудраны твар сцепнуўся.
— Яшчэ нічога не вырашана. — Гендрык строга паглядзеў міма фраў фон Гэрцфэльд і нерова перасмыкнуў плячмі. — Спачатку з'езджу на гастролі ў Вену.
Читать дальше