Яго голас, які гучаў пераможна з дамешкам скаргі, аціх. Гендрык схіліў умільны белы твар над смуглай рукою Барбары.
Камедыя ўсё гэта была, ці было ў сцэне і сапраўднае пачуццё? Барбара разважала над усім гэтым на верхавых выездках раніцай і папалудні ў садзе, стомлена апусціўшы на калені кнігу. Дзе ў гэтага чалавека пачынаецца фальш і дзе яна канчаецца? Так разважала Барбара. І яна гаварыла пра гэта з бацькам, і з генераліхай, і са сваім разумным, адданым сябрам Себасцьянам.
— Мне здаецца, я разумею яго, — сказаў Себасцьян. — Ён хлусіць заўсёды і не хлусіць ніколі. Ягоны фальш — гэта ягоная сапраўднасць, гэта гучыць складана, але гэта абсалютна проста. Ён верыць ва ўсё, і ён ні ў што не верыць. Ён артыст. Ты яго яшчэ да канца не раскусіла. Ён яшчэ табе цікавы. Ён дагэтуль будзіць у табе цікаўнасць. Ты яшчэ павінна заставацца з ім, Барбара...
Венская публіка была ў захапленні ад Доры Марцін, якая паяўлялася на сцэне ў славутым фарсе то ў ролі далікатнай дзяўчыны, то ў ролі шаўцовага хлопца-чалядніка. Яна заварожвала загадкавымі, шырока расплюшчанымі дзіцячымі вачыма, галубінымі, хрыплымі тонамі голасу. Яна свавольна расцягвала галосныя, убірала галаву ў плечы і рухалася па сцэне з чароўнай бязважкасцю, баязліва, — то як нехлямяжы трынаццацігадовы хлапчук, то як мілы, палахлівы эльф. Яна скакала і пырхала, лунала і павольна плыла. Поспех яе быў такі вялікі, што ніхто іншы не мог з ёю патyзацца. У газетных справаздачах — даўжэзных панегірыках яе геніяльнасці — толькі бегла ўзгадваліся партнёры. А Гендрыка, які іграў фатаватага, гратэсковага кавалера, нават і лаялі — папракалі за утрыраванасць і манернасць.
— Гэта правал, мой дарагі! — вyркатала Марцін, хітравата памахваючы газетнымі выразкамі. — Самы сапраўдны правал. Але найгоршае, што вас усё яшчэ называюць Генрыкам — гэта ж вас асабліва злуе. Ах, як шкада... — І яна спрабавала зрабіць абражаны твар. Але яе прыгожыя вочы усміхаліся з-пад высокага лоба, сабранага ў амаль скрушлівыя складкі. — Праўда, як шкада. Але вы і насамрэч жахлівы ў гэтай ролі, — сказала яна амаль пяшчотна. — Вы снyяце па сцэне, як арлекін, — мне так страшэнна шкада. Але, канечне, я ж бачу, што ў вас каласальны талент. Я скажу Прафесару, каб узяў вас у Берлін.
На другі дзень Гёфгена выклікалі да Прафесара. Вялікі чалавек паглядзеў на яго блізка пасаджанымі, задуменнымі, вельмі вострымі вачыма; пацмокаў языком і, заклаўшы рукі за спіну, пачаў хадзіць па пакоі; потым выдаў некалькі рыпучых гукаў, нешта накшталт:
— Угу, ага, ну, вось які ён гэты Гёфген... — і, схіліўшы галаву, стоячы ў напалеонаўскай позе каля пісьмовага стала, закончыў: — У вас ёсць сябры, гер Гёфген. Некалькі чалавек, якія нешта кемяць у тэатры, звярнулі маю ўвагу на вас. Мардэр, напрыклад... — Тут ён коратка, рыпуча засмяяўся. — Так, Мардэр, — паўтарыў ён ужо сур'ёзна і, паважліва падняўшы бровы, дадаў: — Ваш цесць, тайны радца, таксама гаварыў мне пра вас, калі я нядаўна сустрэў яго ў міністра культуры. І яшчэ Дора Марцін...
І Прафесар на некалькі хвілін замоўк, толькі зрэдзь парушаючы цішыню дзіўнымі гукамі. Гёфген то бялеў, то чырванеў, усмешка крывіла губы. Задумлівы, халодны, як бы з нянавісцю, пранізлівы позірк мясістага каржакаватага мужчыны цяжка было выносіць. Гендрык раптам зразумеў, чаму Прафесара празвалі "магам": менавіта за гэты моцны, пранізлівы позірк.
Нарэшце Гёфген перапыніў пакутлівы маўклівы экзамен, пявуча, лісліва сказаўшы:
— У жыцці я непрыкметны, гер Прафесар. Затое на сцэне...
Ён выпрастаўся на ўвесь рост, нечакана раскінуў рукі, у голасе загучаў метал:
— На сцэне я магу быць забаўным. — Да гэтых слоў ён дадаў сцярвозную ўсмешку. І не без урачыстасці сказаў: — Гэтую маю здольнасць да пераўвасаблення аднаго разу вельмі міла ахарактарызаваў мой цесць.
Пры ўпамінанні старога Брукнера бровы ў Прафесара шаноўна падняліся. Але голас гучаў холадна, калі праз некалькі секундаў спаважнага маўчання ён сказаў:
— Ну што ж, можна разок і рызыкнyць.
Гёфген радасна ўскочыў. Прафесар зрабіў ацверажальны рух рукой.
— Не чакайце лішне многага, — сказаў ён сур'ёзна і глянуў на яго выпрабавальна і гэтак жа холадна. — Я вам прапаную не дyжа што. У ролі, якую вы тут сыгралі, вы не здаліся мне забаўным. Хутчэй даволі нікчэмным.
Гендрык уздрыгнуў. Прафесар ласкава яму ўсміхнуўся.
— Даволі-такі нікчэмным, — паўтарыў ён бязлітасна. — Але гэта нічога. Можна яшчэ паспрабаваць. А што да ганарару...
Читать дальше