З удумлівай цікавасцю, у якой сапраўдны інтарэс змешаны з халоднай цікаўнасцю, Барбара назірае за новым разбегам свайго мужа. Дзесь пагардліва, дзесь з захапленнем цікyе яна за Гендрыкам: ён увесь час у дарозе, увесь час у дзеянні, паблізу вялікіх здзяйсненняў, так і развяваецца крыссе скуранога паліто, так і мільгаюць сандалеты. Барбара вярнулася да Гендрыка, як гэта і раіў яе сябар Себасцьян. І не каецца. Ператвораны, увесь напяты, як струна, Гендрык, у гэтых цесных мэбляваных пакойчыках падабаецца ёй куды больш за правінцыйнага куміра, што ўжо быў аплыў салам, што быў ладзіў прыёмчыкі ў "Г. М." і спрабаваў строіць з сябе буржуазнага сужэнца ва ўтульнай кватэры консуліхі Мёнкебэрг. Барбара не так ужо й дрэнна пачуваецца ў двух цёмных пакоях, якія яна дзеліць са сваім Гендрыкам. Ёй падабаецца сустракацца з ім вечарамі, пасля спектакля, у якой-небудзь цёмнай маленькай кавяраньцы, дзе электрычны раяль скардліва нyдзіцца ў змроку, дзе пірожныя быццам рашчынены з гліны і кардону і дзе няма знаёмых.
Барбара з усё большай цікавасцю слухае, як Гендрык з дрыжыкамі ў голасе мітусліва гаворыць пра далейшы лёт сваёй кар'еры. У такія хвіліны яна добра ведае: ён не прыкідваецца. Яго бледны твар у мораку лядашчай кандытарскай, поўнай сумніўных пахаў, быццам фасфарэсцыруе, як гніляк уначы. Прагны рот з пачуццёвымі, прыгожа выгнутымі губамі ўсміхаецца. Моцны падбародак з ямкай пасярэдзіне ўладалюбна адтапыраны наперад. Блішчыць манокль. Шырокія з рыжымі валасамі рукі, якія праз нейкія чароўныя сілы здаюцца прыгожымі, усхвалявана паігрываюць з абрусам, запалкамі, з усім што папала.
Гендрык ліхаманкава расказвае пра свае надзеі, планы, разлікі. Тое, што Барбара не адхіляецца з пагардай, а, наадварот, ва ўсім бярэ ўдзел, дадае яму энергіі, падсцёбвае імпэт. О так, Барбара бярэ ўдзел у ягонай кар'еры самым актыўным чынам. Нездарма ў яе гэты хітры твар мадонны. Яна хітруе. Яна надзявае чорную шаўковую сукенку і робіць візіты Прафесару, перадае яму прывітанні ад бацькі, тайнага радцы. Вялікі валадар усіх тэатраў Курфюрстэндам літасціва прымае жонку маладога актора, бо яна — дачка тайнага радцы, а яго імя так часта мільгае ў газетах, і нядаўна Прафесар сустрэў яго ў міністра. Палац Прафесара мог бы служыць палацам кіруючаму князю. І ўладальнік усёй гэтай барочнай мэблі, габеленаў і карцін старых майстоў зычліва глядзіць на смуглыя рукі і хітравата-меланхалічны твар юнай візітанткі.
— Дык, значыцца, вы замужам за гэтым Гёфгенам, — кажа ён рыпучым голасам, канчаючы доўгі агляд. — Та-ак, мусібыць, нешта ў ім ёсцека...
Усё гэта служыць Гендрыку, канечне, на карысць; з іншымі гаспадарамі тэатраў на Курфюрстэндам, з герам Кацам і фройляйн Бэрнгард у яго і без таго адносіны самыя найлепшыя. З герам Кацам, які вядзе ўсю адміністрацыйнасць, які далёка не заўсёды такі Напалеон, якім часам хоча здавацца, артыст Гёфген гуляе ў карты; з фройляйн Бэрнгард — уплывовай і энергічнай сакратаркай, здобна збітай крyгленькай брунеткай у пэнснэ і губамі негрыцянкі, ён трымаецца гэтак жа какетліва, як калісьці з дырэктарам Шміцам. Хто ведае? Можа, калі раптам адчыніш дзверы ў канцылярыю, рызыкуеш прыхапіць яго ў яе на каленях? У кожным разе, сёй-той чуў, як Гендрык Гёфген, які ўсяго толькі два тыдні ў гэтым тэатры, называе строгую фройляйн Бэрнгард Розачкай. І яму гэта дазваляюць. Далёка пайшоў! Ці мала каму з самых бліскучых артыстаў наогул перапаў гонар даведацца, што яе завуць Розай.
Някепскі пачатак берлінскай кар'еры — перашэптваюца калегі. Яго прыгожая жонка наведвае Прафесара, з Кацам ён гуляе ў карты, і самой фройляйн Бэрнгард ён паказытвае падбародак. О, з яго нешта выйдзе неблагое! І выйдзе-такі — і ўжо выходзіць!...
Спачатку яго заўважаюць у маленькай ролі, але-такі заўважаюць, газеты ўжо ўпамінаюць пра "здольнага гера Гендрыка Гёфгена", а ён жа сыграў толькі ў адной рускай п'есцуы п'янага маладога бyзyка, які выходзіць хістаючыся, мармыча нешта няўцямнае, але затое, божа, як ён скача! Берлінская публіка ўжо млее ад здольнага вучня прынцэсы Тэбаб: калі ён канчае танец, зала грыміць і плешча, плешча... Як апантана гэты бэйбус выкідвае ногі і рукі! Усе ў адпадзе ад экстатычнай натхнёнасці, заўважанай на яго твары падчас танцy; Роза Бэрнгард, якую ў буфеце абступае прэса і дамы са свету, усклікае:
— У гэтым чалавеку ёсць нешта вакхічнае!
Публіка, адцягнутая тысячай клопатаў і асалодаў, неўзабаве забывае імя апантанага танцора. Але дасведчаныя, тыя, што задаюць тон, прыкмецілі першы берлінскі поспех Гендрыка. Пра другі яго поспех гаворыць ужо ўся сталіца.
Читать дальше