Пасля такіх заўвагаў твар у Гендрыка бляднеў, рабіўся непранікальным. І вочы яго пачыналі касавурыцца ўжо не з какецтва, а ад раздражнення.
Ён звысака адказваў:
— Дылетанцкая балбатня. Твая цемната ў пытаннях рэвалюцыйнай тактыкі абсалютная.
Яго рэвалюцыйная тактыка заключыалася ў тым, што ён штодня прыдумваў ўсё новыя і новыя выкруткі, каб толькі адцягнуць рэпетыцыі для рэвалюцыйнага тэатра. Але каб хоць што-небудзь зрабіць для рэвалюцыі, ён неспадзявана рашыў выступіць з дакладам на тэму "Пра сучасны тэатр і яго маральную адказнасць". Кроге, які ўсё больш натхняўся гэтай тэмай, аддаў Гёфгену памяшканне Мастацкага тэатра на нядзельную раніцу. Даклад Гёфгена быў складзены часткова са слоў поўнага этузіязму дырэктара, часткова са слоў Ота Ульрыхса і зрабіў даволі моцнае ўражанне: гэта была патэтычная прамова, якая нікога ні да чога не абавязвала, у якой як ліберальна, так і па-марксісцкy настроеныя маладыя людзі з залы знайшлі шмат фраз і выразаў, якія ім вельмі спадабаліся. У канцы ўсе запляскалі, і амаль усе былі перакананыя ў сумленнасці мастацка-палітычных памкненняў Гендрыка. На другі дзень пра гэта падрабязна пісалі ў газетах. Такіх водгукаў якраз і чакаў Гендрык Гёфген.
— Цяпер сітуацыя выспела, пара дзейнічаць, — заявіў ён, па-змоўніцку пераглянуўшыся з Ульрыхсам.
Выбралі п'есу для прэм'еры ў рэвалюцыйным тэатры. Праўда, гэта была не тая радыкальная п'еса, якую выбралі і збіраліся рэпетыраваць летась. У апошні момант Гендрык з тактычных меркаванняў спыніўся на п'есе з эпохі вайны ў трох актах — пра жахі зімы 1917 года ў адным буйным нямецкім горадзе. П'еса мела расплывісты пацыфісцкі характар, у ёй не было яўна сацыялістычных ідэй. Барбара зрабіла эскізы дэкарацый: бедны пакоік, шэрая вуліца з чэргамі па хлеб. Ота Ульрыхсу і Гедзе фон Гэрцфэльд далі галоўныя ролі.
Гёфген-рэжысёр працаваў на першай рэпетыцыі з шалёным натхненнем. Калі ён са стрыманым пафасам дэкламаваў даўжэзную абвінаваўчую прамову, якую павінна была сказаць у канцы трэцяга акта фраў фон Гэрцфэльд у ролі трагічнай маці, Ота Ульрыхс крадком выціраў слёзы і нават Барбару прабрала. Але да другой рэпетыцыі Гендрык асіп на глебе нарваў. На трэцюю прыйшоў накульгам. У яго раптам зацякло правае калена, ён скардзіўся, што не можа яго разагнуць. І нарэшце, на чацвёртую рэпетыцыю явіўся з такім бледным і злосным тварам, што ўвагнаў усіх у страх і, як выявілася, не без падставаў, бо быў у самым агідным настоі, абазваў фраў фон Гэрцфэльд дурніцай, а суфлёрцы Эфой прыгразіў неадкладным звальненнем.
— Вы сабатуеце, — крычаў ён на яе. — Думаеце, я не ведаю чаму? Магчыма, партыйныя сябры гера Мікласа далі вам такое заданне! Але мы пакладзём гэтаму канец, знойдзем на вас управу, дамо рады і вамі, і вашаму спадару Мікласу, і вашаму чыстаплюю геру Кнуру і ўсёй вашай выклятай хэўры, гэта ўжо паверце мне на слова!
І Эфой не дапамаглі ні горкія слёзы, ні божбы, што ні ў чым такім яна не вінаватая.
Пасля гэтай рэпетыцыі, якая пакінула ва ўсіх самыя непрыемныя ўспаміны, Гёфгена паклалі ў пасцель з жаўтухай. Два тыдні ён не паяўляўся ў тэатры. Ульрыхс, Банэці і Ганс Міклас падзялілі паміж сабою ягоныя ролі. Пасля выздараўлення ён паявіўся, слабы, змораны, і яго брыліянтавыя вочы пацьмянелі і пажаўцелі. Адкрыццё рэвалюцыйнага тэатра адклалі на няпэўны час: урач катэгарычна забараніў Гендрыку Гёфгену браць на сябе якую б там ні было нагрузку, акрамя бягучай і неадкладнай.
Прынамсі, для аднаго члена трупы Мастацкага тэатра такое развіццё падзей было ў радасць: Ганс Міклас ззяў, трыумфаваў. Ён жа з самага пачатку ведаў, што ўся гэтая гісторыя з так званым рэвалюцыйным тэатрам была чыстая хімера — пра гэта ён заявіў уголас у "Г. М.", і дакорлівыя позіркі фраў фон Гэрцфэльд не маглі ўтрымаць яго ад шматразовага паўтору гэтых слоў. Яго ўпарцісты твар, здавалася, прасвятліўся ад той прыемнасці, якую ён атрымаў ад фіяска рэвалюцыйнага тэатра. Цэлы дзень ён быў у гуморы, насвістваў і спяваў, чорныя ўпадзіны на шчоках прапалі, ён перастаў кашляць і нават частаваў Эфой гарэлкай. Такога яшчэ ні разу не здаралася, і добрая жанчына сказала:
— Хлопча, хлопча, сёння ты зусім спанталычыўся.
Вядома, прыемны інцыдэнт мог палепшыць настрой юнаму Мікласу толькі мімалётна, ненадоўга. Ужо на другі дзень твар яго зноў зрабіўся злосным і замкнёным, зноў пазначыліся ўпадзіны на шчоках, кашаль зноў выклікаў трывогу.
"Як ён усіх нас ненавідзіць, — думала Барбара, назіраючы за ім. Яе не пакідала абыякавай змрочная абаяльнасць нявыхаванага юнака. Густая, непаслухмяная чупрына над светлым лобам, цёмныя кругі вакол задзірыстых вачэй і ўпарты, хваравіта-яркі рот былі ёй мілейшыя за стомленую мітусню на твары ў прыгожага Банэці. У вузкай, статнай постаці маладога Мікласа — у гэтым натрэніраваным, гнуткім і славалюбнм целе — было нешта такое, што кранала Барбару. Таму яна часам спрабавала ўцягнуць яго ў размову. Спачатку ён адказваў жонцы ненавіснага яму начальніка азлобленым недаверам. Але спакваля Барбары ўдалося заваяваць яго прыхільнасць. Часам яна запрашала яго на куфаль піва і бутэрброд у "Г. М." — такія праявы ўвагі Ганс Міклас умеў цаніць. І калі Барбара злавалася на Гендрыка, ёй было асабліва прыемна забаўляць гутаркай гэтага злоснага хлапчука.
Читать дальше