І раптам славуты Рыгор Гародзенскі, моцна, відаць, п'яны, пачаў бурчаць і лаяцца:
— Ну, добра, брыдкія вы ерэтыкі… Няхай… Але блюзнерыць нашто, садаміты вы… Не толькі немаўлят манастырскіх — ісціну вы хаваеце, адаміты, што галізною сваёю багабрыдкай выхваляюцца.
— Чаго ты? — спытаў Камар.
— А што? Брахала самазванцу гэтая ваша Магдаліна, блюзнерка, дачка сатаны і папскай палюбоўніцы. Стане Бог пасля гэтага дробнага махляра з той дзеўкай спаць? І які яшчэ там магнат?
— А чаму? — спытаў раптам сябра Лайёлы. — Хіба Пан Бог не самы ўплывовы і моцны магнат на беларускай зямлі? І хіба манастыры не ягоныя замкі? І хіба манашкі не Божыя нявесты? Усё правільна.
— А хіба Бог не здолее адрозніць дзеўку ад маладзіцы? — выбухнуў Балвановіч. — Хіба нябесны муж — дурань?!
— А вы што, іншай думкі? — прыжмурыўся дамініканец.
Ён захінуўся ў плашч. Коні зніклі ўначы.
Увесь мокры, ён сядзеў ля кіліма і сціскаў у руцэ кубак. Цяпер ён сапраўды быў цяжка, да змрокавага стану, п'яны. Магдаліна абдымала яго, церлася шчакою аб ягоную шчаку, абвівала валасамі яго шыю — ён быў безудзельны. Патлы валасоў падалі, мокрыя, на лоб, і пад імі трапяталі да шаленства пашыраныя зрэнкі.
А галасы раўлі і раўлі старую шкалярскую песню. І яна грымела і вырывалася з пакояў у ноч, пад маланкі.
Bibamus papaliter! [94] Будзем піць, як папа!
Гарэлкі ў гляк налі…
Ні Зеўс і ні Юпітэр
Гарэлкі не пілі.
І яловай актавай бурчаў Якуб Алфееў меншы, бамбіза з асалавелымі вачыма.
Дурныя… Во дурныя
Багі тады былі!
Слухаючы гэта, Братчык нібы ад сэрца адрываў словы:
— Піце, хлопцы. Застаемся тут.
Раввуні стаяў над ім.
— Плюнь, Юрась.
— Хрыстос, — змрочна папраўляў ён. — Ідзі ты з суцяшэннямі, Іуда… Давай ламаць кумедзь. Усё адно.
Іуда развёў рукамі і раптам сарваўся:
— Не, вы паглядзіце на гэтага дурня! Раней я думаў, што большага дурня, чым слонімскі рабін, не стварыў мудры Бог. Але цяпер бачу, што нам з імі пашанцавала ўсё ж болей, чым беларусам з табою… Ша!.. Прашу цябе… Бяры коней, грошы, нас…
— Ты мне д-друг?
— Я табе друг. А ты мне?
— І я табе друг.
— Тады пойдзем. Не сёння заўтра здарыцца жах. Гора мне, маці мая! Так распусціцца… П'яная свіння! Юрась!.. Хрыстос!.. Божа мой! Ліхаманка табе ў галаву! Кінь гэтыя глупствы! На прэнг захацеў? Уцячом…
— Усё адно. Вернемся, Іуда. Няма любві на свеце. Дарэмна распяўся Бог. Падман адзін. Усё адно. Піце. Гуляйце. Застанемся да смерці ў гэтым дзярме.
Хрыстовы вочы п'яна і страшна заблішчалі. Ён грукнуў кулаком:
— Застанемся. І гор-ра ўсім. Звяжам! Скруцім! Усё княства, усю Б-беларусь і ўсю Карону… Разнясём магнацкія камяніцы! Усіх д-да-станем-м! І з жонкамі хлуслівымі!
— Мілы! Даражэнечкі! Можа б, ты пабляваў? Га? Паблюй. І потым ціха-ціха пойдзем, і няхай яны тут задавяцца са сваім Панам Богам і сваёй верай. І няхай у іх будзе столькі вошай у галовах, колькі было пакрыўджаных імі ад дзён Выйсця і да нашых дзён. Няхай будзе ў іх столькі вошай і не будзе рук, каб пачухацца.
— Д-душыць мяне… Цісне, — вочы Хрыстовы пацьмянелі, абвіслі рукі.
У яго рэзка змяніўся настрой: на месцы Машэкі сядзеў цяпер Іерамія.
— Прарокі прарокуюць хлусню, і свяшчэннікі вывяргаюць брахню, і народ мой любіць гэта. Ну, што ты будзеш рабіць пасля… гэтага? Як сказаў… яшчэ… Іерамія.
— Пхе, — суцяшаў Раввуні. — Ну, наплюй ты на іх. Ды яны ж усе сволачы. Гэты добранькі, разумненькі Басяцкі, і гэтая свіння Камар, і тая трэфная курыца Балвановіч. А Лотр? Уй, не кажыце мне пра Лотра.
Магдаліна ўбачыла, што Юрась досыць п'яны, каб паверыць у другую частку маны, і яшчэ не досыць п'яны, каб забыць канчаткова тое, што яна сказала раней.
У пакоі было зусім пуста. Апосталы зніклі. На дыване не засталося аніякай ежы. Хоць бы крышачку пакінулі.
— Ідзі, Іуда, — сказала яна. — Ты толькі шкодзіш. Ты разумееш? Ідзі. І вазьмі з сабой дзяўчыну.
— Я разумею. — Іуда трохі хістаўся. — І праўда, так будзе лепей. Не кідай яго.
— Я яго не кіну.
— Не кідай! Падары яму цеплыні! — маліў за друга Іуда. — Іначай мне будзе сорамна маёй.
— Ідзі, — мякка сказала яна. — Не саромейся. Яму будзе не горш.
Раввуні ўзняў дзяўчыну, і тая прыціснулася да яго, і так яны выйшлі. Магдаліна ўстала, замкнула за імі дзверы і вярнулася да Юрася, які мармытаў нешта, седзячы, ці то ў сне, ці то ў прастрацыі.
— Езус, — ціха сказала яна. — Пойдзем адсюль. У палі.
— Усё адно… Няма сумленных жонак… Няма праўды… Здрада… П-піце, гул-ляйце!
Читать дальше